Пошук

27.06.2011 13:00  

17–22 чэрвеня 2011 г. з візітам у Беларусі знаходзіўся намеснік Генеральнага дырэктара Ватыканскага радыё кс. Анджэй Капроўскі. Падчас свайго візіту святар сустрэўся з Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і стаў госцем некалькіх беларускіх СМІ: інтэрнэт-партала TUT.BY і інфармацыйнага агенцтва «БелаПан». Ксёндз Капроўскі сустрэўся таксама з кіраўніцтвам Белтэлерадыёкампаніі і абмеркаваў планы магчымага супрацоўніцтва.

«Я ведаў, што Беларусь, як і Расія, Украіна, Літва, а, у пэўнай ступені, і ўсходняя частка Германіі, шмат пакутавалі ў перыяд атэістычнага савецкага таталітарызму, — адзначыў госць у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. — Касцёл, як супольнасць, пачынае тут сваё адраджэнне амаль „з нуля“». Аднак, дадаў святар, едучы з мінскага аэрапорта ў Віцебск, ён «бачыў вельмі добрыя дарогі і дагледжаныя дамы», і такая дагледжанасць «сведчыць аб увазе насельніцтва да сваёй краіны». «У Мінску я ўбачыў актыўную прысутнасць вернікаў у грамадскім жыцці. У Віцебску я таксама назіраў вельмі актыўных вернікаў, асабліва моладзь», — падзяліўся ўражаннямі госць.

«Сваім візітам у Беларусь я хацеў падзякаваць беларускім калегам за іх удзел, а таксама выкарыстаць яго як магчымасць паразважаць разам аб тым, што мы можам рабіць як грамадскае радыё, — працягваў кс. Капроўскі, кажучы аб сустрэчы з прадстаўнікамі беларускіх СМІ. — Таму што Ватыканскае радыё — гэта таксама радыё, якое служыць грамадству. Я прадставіў розныя аспекты дзейнасці Ватыканскага радыё, асабліва для Афрыкі: нашу інтэрнэт-старонку www.africanews.it на пяці мовах, а таксама розныя рубрыкі, якія мне здаюцца даволі цікавымі. Кожны тыдзень мы сустракаемся з супрацоўнікамі афрыканскіх рэдакцый і выбіраем актуальныя тэматыкі для гэтых рубрык. Мне здаецца, гэтыя рэчы могуць быць цікавыя таксама іншым радыёстанцыям, таксама і свецкім. Я ўжо прадстаўляў гэтыя праекты ў Лондане, Жэневе, падчас сустрэч Еўрапейскага вяшчальнага саюза, таксама распавёў аб іх у Мінску».

Разважаючы аб плёнах супрацоўніцтва Ватыканскага радыё і беларускага грамадства, святар адзначыў: «Магчымасці, якія мы маем, сапраўды вялікія, таму што Беларусь мае глыбокія хрысціянскія карані. Я атрымаў у падарунак адзін альбом аб беларускіх творах мастацтва — цудоўны альбом, якасна зроблены. І хачу прызнацца, што я прысвяціў некалькі гадзін, каб праглядзець кожную яго старонку. Там я ўбачыў, што хрысціянская традыцыя і хрысціянскія карані ў вашай краіне вельмі моцныя».

З іншага боку, дадаў прадстаўнік Ватыканскага радыё, «бачна, што сёння, як і ва ўсёй Еўропе», у Беларусі «існуюць тэндэнцыі, каб выключыць з грамадскага жыцця Бога і хрысціянства. Можа знікнуць кропка апоры. У такім выпадку, Ватыканскае радыё, як частка Каталіцкага Касцёла, можа дапамагчы беларускаму грамадству нанава адкрыць сваё культурнае багацце і натхніць на салідарны шлях да будучыні».

Госць выказаўся і на тэму адносінаў Касцёла з Праваслаўнай Царквой у нашай краіне. «Вядома, што ў Беларусі пражывае праваслаўная большасць. Гэтае праваслаўе, як і каталіцтва, не заўсёды звязана з актыўным практыкаваннем веры і хрысціянскім стылем жыцця. Праваслаўнымі ў Беларусі называюць сябе больш за 80% насельніцтва. Гэта не азначае, што ўсе яны практыкуючыя, але кожны з іх належыць да праваслаўнай традыцыі. Таксама тут пражывае каля 15% людзей, якія адносяць сябе да каталіцкай традыцыі. Мне здаецца, што Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл вельмі заклапочаны прысутнасцю хрысціянства ў грамадскай сферы, умацаваннем маральных каштоўнасцяў, тым, каб даць адвагу маладым пакаленням ісці наперад разумным шляхам, з адкрытасцю на Бога. Я убачыў, што адносіны паміж Касцёлам і Царквой вельмі добрыя, таму, на мой погляд, мы, як Ватыканскае радыё, маглі б падтрымаць намаганні ў гэтай сферы», — адзначыў кс. Капроўскі.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа