18 і 19 чэрвеня 2011 г. адбыліся значныя падзеі ў жыцці і гісторыі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: абвяшчэнне новай катэдры Віцебскай дыяцэзіі і святкаванне 20-годдзя Мінска-Магілёўскай мітраполіі. У якасці прадстаўніка Святога Айца на ўрачыстасці ў Беларусь прыбыў кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады «Cor Unum». Якім запоўніўся іерарху Касцёл у Беларусі і чаму варта займацца дабрачыннасцю чытайце ў інтэрв’ю з кардыналам для Сatholic.by.
— Ваша Эмінэнцыя, ад імя наведвальнікаў Сatholic.by шчыра вітаем Вас у Беларусі. Сюды Вас накіраваў Святы Айцец у якасці свайго пасланніка на ўрачыстасці ў Віцебску і Мінску. Як Вы ўспрынялі дадзенае прызначэнне і што ведалі пра Касцёл у Беларусі і пра нашу краіну ўцэлым?
— На жаль, я нічога не ведаў ні пра Касцёл у Беларусі, ні пра вашую краіну ўвогуле. Я ведаю Расію, ваша ж краіна зусім іншая. Калі Святы Айцец прыняў рашэнне накіраваць мяне сюды на ўрачыстасці, я быў вельмі рады. Накіроўваючы да вас свайго прадстаўніка, Пантыфік жадаў падкрэсліць важнасць гэтых урачыстасцяў і перадаць сваё благаслаўленне, нагадваючы пра тое, што ён з’яўляецца Айцом усяго Касцёла. Бэнэдыкт XVI ведае, што Касцёл на вашай зямлі шмат выцерпеў, і таму хоча быць вельмі блізкім вашаму Касцёлу. Папа яднаецца з вашым Касцёлам.
Я ведаю, што Касцёл у Беларусі мае будучыню. Я ўбачыў тут шмат маладых людзей на набажэнствах, ведаю, што павялічваецца колькасць пакліканняў да святарства, а прадстаўнікі розных канфесій з павагай ставяцца адно да аднаго. Спадзяюся, што ваша краіна будзе добра развівацца эканамічна, але галоўнае, каб яна была адкрыта на Бога. Таму што насамрэч Бог — наша будучыня. Без Бога няма будучыні для чалавека. Таму спадзяюся, што ваша краіна будзе адкрыта на Бога і на Каталіцкі Касцёл.
Я прыехаў сюды таксама і для таго, каб навучыцца чаму-небудзь, каб пазнаць вашу краіну, яе гісторыю. Як я ўжо казаў, мая краіна, з якой я паходжу (Гвінея — Рэд.) калісьці таксама шмат цярпела ад камунізму. Наш арцыбіскуп быў у вязніцы на працягу дзевяці гадоў. Таму, думаю, што магу зразумець усё, што калісьці адбывалася тут і што цяпер перажываеце ў сваёй краіне.
Я абяцаю маліцца за Касцёл у Беларусі і спадзяюся, што вы таксама будзеце памятаць пра мяне ў сваіх малітвах.
— Якія ў Вас засталіся ўражанні ад убачанага за гэтыя два дні прабывання ў Беларусі?
— Я вельмі ўражаны вераю людзей. Падчас Імшы лье дождж, а людзі вельмі спакойна сябе захоўваюць і не разбягаюцца; моляцца з вялікім энтузіязмам. Уцэлым, заўважна жаданне пабудаваць прыгожую будучыню, стварыць добрыя матэрыяльныя ўмовы для развіцця грамадства.
— У мінулым годзе Святы Айцец прызначыў вас старшынёй Папскай рады «Cor Unum», якая каардынуе дзейнасць каталіцкіх дабрачынных арганізацый. Скажыце, калі ласка, колькі такіх арганізацый налічваецца сёння ў свеце і каму пераважна адрасавана іх дапамога?
— «Cor Unum» — гэта каардынацыйная арганізацыя, якая сочыць за дзейнасцю ўсіх дабрачынных каталіцкіх арганізацый, а сёння такіх налічваецца 155. Праз дзейнасць сваёй рады мы жадаем звярнуць увагу на патрэбы людзей, на любоў адно да аднаго (у тым ліку любоў Святога Айца да патрабуючых). Мы жадаем дапамагчы тым, хто перажывае пэўныя цяжкасці: войны, прыродныя катаклізмы. Мы аб’ядноўваем людзей (найчасцей з Амерыкі і краін Еўропы), якія ахвотна жадаюць дапамагчы Святому Айцу праводзіць гэтую дзейнасць. Спадзяюся, што ў хуткім часе і Касцёл у Беларусі актыўна далучыцца да гэтай дзейнасці і зможа дапамагаць патрабуючым.
— Чаму Касцёл увогуле займаецца дабрачыннасцю?
— Таму што гэта адна з Божых запаведзяў. Сам Хрыстус чыніў справы міласэрнасці. Ён заўсёды падыходзіў да патрабуючых, дапамагаў галодным, бедным, хворым. І на пачатку існавання Касцёла Апосталы таксама рабілі тое самае: прапаведавалі Евангелле, маліліся і дапамагалі бедным. На працягу ўсёй гісторыі Касцёл працягвае гэтую справу. Калі адбываюцца біскупскія пасвячэнні, у кандыдата пытаюцца: ці гатовы ты прапаведаваць Евангелле, ці гатовы маліцца за Касцёл і з Касцёлам і ці гатовы ты дапамагаць бедным?
Місія Касцёла — маліцца, прапаведаваць і дапамагаць патрабуючым.
— Як, на вашую думку, можна заахвоціць людзей да ўдзелу ў дабрачынных арганізацыях, акцыях?
— Варта разумець, што ўсе людзі — гэта адна сям’я. І калі я бачу, што хтосьці ў маёй сям’і, брат ці сястра, не мае ежы, то я не магу не дапамагчы ім. І няважна, ці гэты хтосьці мой родны, ці зусім незнаёмы чалавек.
— Што б Вы пажадалі Касцёлу ў Беларусі на парозе новага дзесяцігоддзя мітраполіі?
— Жадаю ўсяго самага найлепшага, але перш за ўсё радасці, міру і гармоніі. Спадзяюся, што ўсе людзі Беларусі будуць «гарачымі» ў прагненні Бога.
Гутарыла Святлана Жылевіч
Папская рада «Cor Unum», якую часта называюць «ватыканскі „Карытас“», была створана 15 ліпеня 1971 г. па ініцыятыве папы Паўла VI. Рада каардынуе працу каталіцкіх дабрачынных арганізацый, асаблівую ўвагу звяртаючы на іх дзейнасць у краінах, дзе адбываюцца прыродныя катаклізмы і ваенныя канфлікты, а таксама ў краінах, якія развіваюцца. У межах Рады дзейнічаюць два фонды: фонд Яна Паўла ІІ, што з’явіўся ў 1984 г., і фонд «Populorum Progressio», які існуе з 1992 г. Сродкі для дабрачыннай дзейнасці Рада атрымлівае з розных дыяцэзій усяго свету, з манаскіх інстытутаў, парафій, школ, а таксама ад вернікаў.