Часам жартуюць, што жаночых манаскіх супольнасцяў столькі, што дакладную лічбу не ведаюць нават на Небе. Жарты жартамі, але ж насамрэч, чым паміж сабой адрозніваюцца ордэны і якія яны, законныя сёстры? Сёння ў рубрыцы «Інтэрв’ю» мы гутарым з Генеральнай настаяцельніцай Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта с. Янай Завеяй з Рыма.
Назарэтанкі — каталіцкая жаночая манаская кангрэгацыя, заснаваная ў Рыме ў 1875 г. благаслаўлёнай Францішкай Седліскай. На сённяшні дзень налічваецца каля 1400 сясцёр-назарэтанак, якія працуюць у Англіі, Аўстрыі, Беларусі, ЗША, Ізраілі, Італіі, Казахстане, Польшчы, Расіі, Філіпінах, Францыі. У Беларусі сясцёр можна сустрэць у Івянцы, Лідзе, Навагрудку, Мінску, Гродне, Маладзечне, Будславе і Смаргоні.
— З якой мэтай была створана кангрэгацыя? Чым дзейнасць сясцёр-назарэтанак адрозніваецца ад харызмату іншых супольнасцяў?
— Галоўнай харызмай Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з’яўляецца дзейнасць для сем’яў. Чаму менавіта Назарэт? Таму што сястра-заснавальніца Францішка Седліцка ў сваім духоўным жыцці паволі адкрывала таямніцу Назарэта — таямніцу любові паміж Марыяй, Юзафам і Езусам. Усё, што яны рабілі, рабілі для Хрыста. Езус быў цэнтрам іх дому. Сястру вельмі захапіла гэта таямніца, як і таямніца Найсвяцейшай Тройцы, якая ёсць любоўю. І гэты ўзор любові ў Небе знайшоў сваё адлюстраванне ў любові сям’і з Назарэта. Зыходзячы з падобных разважанняў, сястра Францішка пажадала заснаваць супольнасць сясцёр назарэтанак, якія б распаўсюджвалі любоў Назарэта і былі паўсюль, дзе неабходна будаваць Божае Валадарства.
Сёстры закліканы рабіць дабро на карысць сям’і. Але накірункі працы часта залежаць і ад рэгіёну, у якім непасрэдна працуюць сёстры. Калі прыязджаем на Філіпіны, то бачым патрэбу працаваць з беднымі дзецьмі. У Беларусі існуе патрэба ў катэхізацыі, у Польшчы сёстры займаюцца з дзецьмі ў дзіцячых садках. Мы робім усё, у чым мае патрэбы лакальны Касцёл, і мы там, дзе справа ідзе пра сям’ю.
— Ці адбыліся прынцыповыя змены за час існавання кангрэгацыі?
— За больш чым 100-гадовую гісторыю існавання супольнасці, канечне, змянілася многае. Асабліва пасля Другога Ватыканскага Сабору. Але, па сутнасці, змяніліся толькі формы рэалізацыі служэння, а найважнейшае засталося нязменным.
Маем больш магчымасцяў рэалізацыі паклікання. Так, па-ранейшаму сястра настаяцельніца піша сёстрам лісты, але не пяром і чарнілам, а праз ноўтбук і Інтэрнэт.
— Наколькі складана кіраваць супольнасцю?
— Мяне абралі Генеральнай настаяцельніцай у ліпені 2010 г. І гэты абавязак успрыняла перш за ўсё як вельмі адказнае заданне. Гэта адначасова адказнасць, за ўсё, што было, за захаванне гісторыі і традыцый супольнасці, але і заданне прачытаць сёння пасланне Касцёла да нашай супольнасці. Разам з тым гэта вельмі прыгожае і ўзбагачаючае служэнне. Сустрэчы з сёстрамі-назарэтанкамі, якіх я з візітамі наведваю ў розных краінах, як цяпер у Беларусі, заўсёды мяне вельмі радуюць.
— Часам можна пачуць меркаванні аб тым, што законніцы жывуць бестурботна. Ці так гэта?
— Некаторыя маладыя людзі думаюць, што сёстры законныя не маюць праблемаў. Ніколі не смуткуюць, не нервуюцца, ніколі не хварэюць. Але ж у свеце ўвогуле не існуе такіх людзей, якія б не мелі праблемаў.
Мы жывём у супольнасцях, і таму не дзіўна, што могуць узнікаць непаразуменні. Усе мы вельмі адрозніваемся адна ад адной: і характарамі, і тэмпераментамі, і проста ўзростам. Але ёсць і тое, што нас аб’ядноўвае. А менавіта, што з’яўляемся сёстрамі-назарэтанкамі. І гэта не азначае, што нам будзе лёгка, але мы будуем супольнасць любові, у цэнтры якой знаходзіцца Хрыстус.
Праблемы ёсць ва ўсіх: у кагосьці са здароўем, хтосьці перажывае праблемы ў жыцці родных, бацькоў. Але пытанне ў тым, што мы робім з гэтымі праблемамі. Ці ўпускаем Бога ў вырашэнне нашых праблем, ці толькі замыкаемся на сабе.
І яшчэ. Пытанне не ў тым, ці мы адрозніваемся ад свецкіх, а ў тым, каб кожнаму быць на сваім месцы. Кожны павінен адкрыць сваё пакліканне. Незалежна ад таго, гэта пакліканне да жыцця ў манаскай супольнасці ці ў сям’і. Бо варта выконваць Божую волю.
Мы часта праводзім так званыя рэкалекцыі распазнання паклікання. Але гэта не значыць, што ўсе дзяўчыны, якія прыедуць на рэкалекцыі, пойдуць у кляштар. Такімі рэкалекцыямі мы жадаем дапамагчы кожнаму адкрыць пакліканне. І таму вельмі радуемся, калі хтосьці адкрые сваё пакліканне да жыцця ў сям’і і створыць шчаслівую каталіцкую сям’ю. Тым больш радуемся, калі да нашай супольнасці далучаецца новая сястра.
— Якім, на вашу думку, павінен быць сучасны хрысціянін?
— Перш за ўсё, хрысціянін павінен умець радавацца таму, што з’яўляецца хрысціянінам, што верыць у Езуса Хрыста. Думаю, вельмі важна не сароміцца сваёй веры. І гэта датычыць усіх: як свецкіх, так і духоўных асоб. Варта вучыцца радавацца таму, што Бог ёсць і што мы жывём згодна з Божымі загадамі. Сёння хрысціянін — гэта той, хто ведае, у што верыць.
— Які дзень быў для вас шчаслівым? І што прыносіць вам шчасце?
— Шчыра кажучы, узгадваю дзень маёй першай Камуніі. Магчыма, менавіта тады зарадзілася пакліканне да манаскага жыцця. Шмат шчаслівых дзён звязаны таксама з момантамі майго служэння: складанне шлюбаў, законных, вечных.
Раніцай кожнага дня я гляджу на свой законны крыжык (носіцца на адзенні — рэд.), на пярсцёнак і ведаю, што склала шлюбы Езусу Хрысту і ў гэтым маё шчасце.
І гэты дзень можа быць шэрым і складаным, але я шчаслівая на той дарозе жыцця, якую абрала.
— Жанчына заўсёды застаецца жанчынай. Як не згубіць жаноцкасць, абраўшы шлях манаскага жыцця?
— Жанчына не губляе і не можа згубіць жаноцкасць. Мы, сёстры законныя, надалей застаёмся жанчынамі.
Найпрыгажэйшае, што дае нам пакліканне, гэта магчымасць духоўнага мацярынства. Кожная дзяўчына, напэўна, жадае мець сям’ю, дзяцей. Такое пакліканне расло ва мне з дзяцінства. Але мне здавалася, што маё сэрца значна большае за тое, каб мець мужа і некалькі дзяцей.
У нашым пакліканні жаданне застаецца тым жа, толькі я ведаю, што маім «мужам», тым, каму склала шлюб, з’яўляецца сам Хрыстус. Сёння я магу назваць сваімі дзецьмі тых, каго сустракаю, з кім працую. Гэта той жа клопат, якім маці атуляе дзіця.
Цяпер, калі з’яўляюся Генеральнай настаяцельніцай, маю яшчэ 1400 духоўных дачок. Думаю, было б дрэнна, калі б сястра законная не была маці і жанчынай, здольнай кожнага атуліць клопатам і любоўю. Часта нашы сёстры займаюцца з тымі дзецьмі, ад якіх адмовіліся бацькі і якім не дапамагае грамадства. Я адчуваю сябе патрэбнай не для кагосьці, але для ўсіх.
— Просім ад сястры рэцэпт добрага настрою
— Думаю, што добры настрой чалавек мае тады, калі мае чыстае сэрца і чыстае сумленне. Калі стараецца, каб сумленне было чыстым, то з’яўляецца такая ўнутраная радасць, якая значна большая за добры настрой. Настрой хутка змяняецца і часта залежыць ад надвор’я, смачнага абеду і інш. Але сонца зойдзе, ежу жонка можа часам падсмаліць, і настрой сыдзе.
Але калі маю чыстае сумленне, унутраная радасць не знікне разам з захадам сонца. Чаго і вам жадаю.
— Дзякуй за размову!