Усім нам добра вядомы выраз «людзі з абмежаванымі магчымасцямі». Але ці задавалі вы сабе калі-небудзь пытанне: гэтыя магчымасці абмежаваны фізічнымі асаблівасцямі ці гэта мы абмяжоўваем такіх людзей? Менавіта гэтай праблеме прысвечана інтэрв’ю з аўстрыйскім спецыялістам у галіне працоўнай рэабілітацыі інвалідаў Іва Селнерам.
У гэтыя дні ў дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры «Карытас» (в. Ляскоўка) госць з Аўстрыі праводзіць семінары ў межах праграмы «Крок наперад».
Праграма «Крок наперад» рэалізуецца Рэлігійнай міcіяй «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і «Карытас» горада Лінц (Аўстрыя). Праграма накіравана на падрыхтоўку людзей з абмежаванымі магчымасцямі да ўдзелу ў працоўнай дзейнасці.
— Спадар Селнер, сардэчна вітаем Вас у «Карытас» Мінска. Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе, пра асноўныя накірункі Вашай працы.
— Я з’яўляюся супрацоўнікам «Карытас» Аўстрыі, кірую аддзяленнем, якое працуе з людзьмі, залежнымі ад алкаголю. Мы займаемся тэрапіяй і рэабілітацыяй не толькі залежных людзей, але і іх родных і блізкіх. Да гэтага каля 4-х гадоў я працаваў непасрэдна з інвалідамі. Гэта былі ў асноўным людзі з асаблівасцямі развіцця, як дзеці, так і дарослыя, аўцісты, людзі з парушэннямі у паводзінах (агрэсіяй — Рэд.).
Доўгі час я супрацоўнічаю з «Карытас» дыяцэзіі Лінц, які сумесна з «Карытас-Мінск» рэалізуе шэраг праектаў у Беларусі. Адзін з іх — праграма «Крок наперад». Яе асноўная мэта — знайсці працоўныя месцы для інвалідаў. Мы хацелі б падзяліцца нашым досведам у гэтай сферы з беларускімі калегамі, расказаць аб стратэгіі падрыхтоўкі івалідаў да працоўнай дзейнасці, прывесці прыклады з нашай практыкі.
— Гэта ўжо не першы Ваш семінар у Беларусі. Раскажыце, калі ласка, аб сваіх уражаннях ад працы ў праекце. Ці супалі Вашыя чаканні аб працы ў Беларусі з рэальнасцю? Ці існуюць пэўныя асаблівасці, цяжкасці?
— Я прыязджаю ў Беларусь рэгулярна на працягу ўжо 10 гадоў. За гэты час я ўбачыў, што вельмі многае змянілася. Канешне, мне і маім калегам хацелася б, каб змены адбываліся значна хутчэй. Але ў любым выпадку, на гэта патрэбны час.
Ні ў якім разе нельга забываць аб тым, што ў першую чаргу павінны змяніцца адносіны грамадства да інвалідаў. Гаворка ідзе пра тое, што грамадзяне дадзенай дзяржавы павінны прымаць, прызнаваць інвалідаў. І, на жаль, на змену адносінаў грамадства патрэбна значна больш часу, чым на тое, каб змяніць меркаванне, напрыклад, супрацоўнікаў, якія непасрэдна працуюць з людзьмі з асаблівасцямі развіцця. Варта адзначыць, што такая ж сітуацыя характэрна і для іншых краін, таму для нас гэта не навіна.
Увогуле, я лічу, што супрацоўніцтва на міжнародным узроўні, абмен досведам з іншымі краінамі, будзь то Аўстрыя, Швецыя ці Данія, мае вялікае значэнне для далейшага развіцця і вырашэння праблем.
Што датычыць цяжкасцей, то тут я б сказаў, што існуюць некаторыя перашкоды з боку заканадаўства. Нашыя законы пакуль яшчэ не зусім падыходзяць для 100% самарэалізацыі інвалідаў. Дзяржава, можна сказаць, не зусім давярае інвалідам, не дапускае іх да працы.
— Сучасны свет змяняецца вельмі хутка. А як змяняецца жыццё людзей з асаблівасцямі развіцця?
— Змены сапраўды адбываюцца і яны павышаюць якасць жыцця інвалідаў. А разам з павышэннем якасці жыцця, павышаецца і самаацэнка такіх людзей. Аднак пасля усіх змен у грамадстве неабходны таксама змены заканадаўства. І калі мы кажам аб зменах, то пытанне паўстае такім чынам: людзі з абмежаванасцямі абмежаваны сваімі фізічнымі магчымасцямі, ці гэта грамадства абмяжоўвае іх?
Магчыма, у Беларусі людзі пакуль не давяраюць інвалідам, не вераць у тое, што яны многае могуць зрабіць. Вельмі часта інваліды здольныя на большае, чым мы думаем.
— Праект «Крок наперад» — гэта толькі пачатак, першы крок на шляху развіцця працоўнай рэабілітацыі інвалідаў у нашай краіне. Якімі павінны быць нашыя наступныя крокі?
— Ні ў якім разе не варта спыняцца на дасягнутым. Першае, што трэба зрабіць (і гэта вельмі важна) знайсці кампраміс паміж рэальнасцю і заканадаўчай базай, для таго, каб даць інвалідам больш магчымасцей для уладкавання на працу.
— Відавочна, што сітуацыя ў Аўстрыі і ў Беларусі вельмі адрозніваецца. Як ажыццяўляецца падтрымка інвалідаў у вашай краіне?
— Вядома, спатрэбілася шмат часу, каб, як у Аўстрыі, так і ў іншых краінах Еўропы, штосьці змянілася. Любая падтрымка мае на ўвазе ўкладанні. І тут нараджаецца пытанне, ў якім накірунку гэтыя ўкладанні будуць зроблены. У Аўстрыі праца пабудавана такім чынам, што любая матэрыяльная дапамога, любая падтрымка павінна быць накіравана не інваліду асабіста, а на месца яго працы. Гэта значыць, што тыя інваліды, якія маглі б працаваць, павінны працаваць. І гэта правільны падыход.
— Дзякуй Вам за размову і за працу ў праекце. Спадзяёмся, што, дзякуючы праекту «Крок наперад», нам сапраўды ўдасца зрабіць крок насустрач тым, хто непадобны да нас. Жадаем Вам поспехаў і натхнення на плённую працу.