«Трэба распачынаць з малітвы, ад навяртання свайго сэрца», — такім бачыць шлях да адзінства хрысціянаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Пра тое, якія крокі ў сённяшніх рэаліях магчымы для дасягнення адзінства хрысціянаў, чытайце ў інтэрв’ю з беларускім арцыпастырам.
— У гэтыя дні ва ўсім свеце моляцца за адзінства хрысціянаў. Ваша Эксцэленцыя, якім Вы бачыце адзінства, да якога заклікае Касцёл?
— Езус Хрыстус сказаў, якім павінна быць адзінства. Яно павінна быць у ламанні хлеба, а таксама ў Эўхарыстыі. Гэта яшчэ, напэўна, далёкі шлях. Справа адзінства хрысціян — гэта справа Святога Духа. Бог дзейнічае праз людзей, таму ад нас многае залежыць. Існаванне раздзялення да сённяшняга дня— гэта крывавая рана на містычным целе нашага Пана. І ў гэтым вінаватыя толькі мы, ніхто іншы. Гэты падзел учынены рукамі людзей. Гэта грэх. А шлях да сапраўднага адзінства, напэўна, яшчэ далёкі.
— І ўсё ж такі Касцёл бачыць неабходнасць у дасягненні адзінства паміж хрысціянамі. Што можна зрабіць у гэтым кірунку ў сённяшніх рэаліях?
— Сёння трэба супрацоўнічаць. Праводзіць супольныя малітвы, разам абвяшчаць Евангелле, разам адказваць на выклікі нашага часу, каб мы маглі сведчыць адзінае хрысціянства. Таму, мяркую, што сённяшняя малітва (экуменічная сустрэча 22 студзеня 2011 г. у мінскай архікатэдры ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў — Рэд.) — гэта чарговы крок да адзінства.
— Калі браць пад увагу адносіны паміж хрысціянскімі канфесіямі ў Беларусі, да чаго, на Ваш погляд, яшчэ трэба імкнуцца?
— Яшчэ Ян Павел ІІ казаў, што Еўропа павінна дыхаць двума лёгкімі. Напэўна, гэты прыклад можна бачыць у Беларусі, бо сапраўды тут добрыя адносіны. Аднак яшчэ няма супольнай Эўхарыстыі. Як я ўжо казаў, шлях да гэтага далёкі. Трэба распачынаць з малітвы, ад навяртання свайго сэрца. А значыць трэба прызнацца, што я таксама грэшны, што зрабіў нешта, што не спадабалася б сёння Богу: можа, сваёй зайздрасцю, можа, неразуменнем іншага чалавека... Важна прызнацца, што я праз гэта разбураю еднасць хрысціянства. У гэтым кожны павінен вызнаць сваю віну. Далей — добрая воля. Трэба прыняць іншага з яго меркаваннем і такім чынам ісці да пошуку адной ісціны, адной праўды.
— Дзякую за размову.
Размаўляла Валянціна Крутая