Пошук

26.11.2010 13:26  

У размове з кс. Андрэем Рылкам грунтоўныя пытанні адносна духоўна-грамадскага жыцця Касцёла ў Беларусі ўздымае Віктар Шукеловіч. Вашай увазе бачанне беларускага святара адносна пытанняў «пра Палессе і знакі часу».

Ксёндз Андрэй Рылка нарадзіўся ў 1979 г. у в. Люсіна на Піншчыне. У 2003 г. скончыў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. Абараніў магістэрскую дысертацыю па сацыяльнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце імя Яна Паўла ІІ. Аспірант філасофскага факультэта таго ж універсітэта, выкладчык этыкі і сацыяльнага навучання Касцёла ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску, намеснік дырэктара па дыдактычных справах і выкладчык Баранавіцкага катэхетычнага каледжа, мадэратар сустрэч беларускай студэнцкай моладзі ў Любліне і Варшаве (Польшча). Вывучае гісторыю развіцця хрысціянскай філасофскай думкі на беларускіх землях.

— Айцец Андрэй, як Вы распазналі сваё пакліканне? Якім быў Ваш шлях да святарства?

— Шлях да святарства ў маім жыцці фарміраваўся ў непасрэднай сувязі з намаганнямі паглыбіць маё разуменне хрысціянскага паклікання, праз адкрыццё асобы Хрыста і місіі Касцёла. Я выйшаў з асяроддзя тых беларусаў, якія на пачатку 1990-х, пасля ліхалеццяў атэізму, адкрывалі наноў веру, хрысціянства, Касцёл. Назіраючы вачамі падлетка за крахам калоса на гліняных нагах, за распадам цэлай сістэмы бязбожнасці, духоўным і светапоглядным хаосам, я не пераставаў задаваць сабе пытанне: «дзе праўда?». Калі ў нашай мясцовасці зноў з’явіўся ксёндз і людзі з энтузіязмам пачалі гарнуцца да Касцёла, мяне яшчэ больш непакоіла пытанне: «ці гэта не чарговая ідэалогія, атуманьванне народу?». Памятаю, з якім крытычным стаўленнем, выхаваным савецкай атэістычнай прапагандай, я ўпершыню браў у рукі хрысціянскую літаратуру. Ніколі не забуду маё здзіўленне і захапленне ад адкрывання глыбіні і мудрасці каталіцкага веравучэння, якое падавалася савецкімі прапагандыстамі як цемрашальства. На фоне каталіцкай дактрыны антыхрысціянская прапаганда выглядала як нязграбная маніпуляцыя, танны падман. Чым больш хрысціянства адкрывала мне праўду аб Богу і чалавеку, тым больш уражвала цемра бездухоўнасці, у якой жывуць многія нашы людзі. Хацелася ісці і з кожным сустрэчным дзяліцца адкрытай Праўдай, несці святло веры і Божай мудрасці. Спачатку рэалізацыю гэтага жадання я бачыў у служэнні свецкага місіянера. Аднак з цягам часу ўсё мацней у сэрцы абуджалася імкненне стаць святаром, каб поўнасцю прысвяціць сябе служэнню Праўдзе, якая сапраўды вызваляе ў чалавеку асобу, адкрываючы яму бязмежныя перспектывы жыцця з Богам. Нездарма Езус сказаў: «Пазнаеце праўду і праўда зробіць вас свабоднымі» (пар. Ян 8, 32).

— Як карэнны паляшук, як бы Вы ахарактарызавалі духоўнае жыццё Палесся? Ці можна ў дадзеным выпадку гаварыць пра адметны «дух» Палесся? Ці існуе штосьці такое, як «містыка» Палесся?

— Унікальнасць чалавека заключаецца ў тым, што толькі ён сярод усіх Божых стварэнняў можа гарманічна сумяшчаць усю паўнату духоўнага і матэрыяльнага жыцця. Дух чалавека раскрываецца ў натуры. Гэтая праўда асабліва актуальная для жыхароў Палесся, дзе больш чым тысячагадовая хрысціянская традыцыя фармавалася пад уплывам усведамлення цеснай сувязі і, у нейкай ступені, залежнасці чалавека ад прыроды. Таму, калі казаць пра «містыку» Палесся, то гэта будзе перадусім містыка чалавека ў прыродзе, адкрыццё Бога ў цеснай сувязі з натуральным асяроддзем быцця. Можна заўважыць, што на працягу гісторыі вера палешукоў заўсёды імкнулася да натуральнай прастаты, звычайнасці, калі сумненню падвяргаецца ўсё, што адарванае ад натуры. Гэтае глыбокае пераканне аб прысутнасці звышнатуральнага ў натуральным, Бога сярод людзей, спрыяла таму, што хрысціянства на Палессі моцна ўвабрала ў сябе дахрысціянскае сакральнае бачанне прыроды. У гэтым я бачу адмысловасць духу Палесся. З аднаго боку, можна заўважыць глыбокі рэалізм палешукоў, які мяжуе з натуралізмам у веры, а з іншага — вялікую пакорнасць перад неспазнанай таямніцай звышнатуральнай рэальнасці Бога.   

— Калі б Вы параўноўвалі Палессе да нейкага літаратурнага ці фальклорнага персанажа, то які з вобразаў, на Вашу думку, з’яўляецца найбольш адэкватным для перадачы спецыфікі Палесся?

— Мне ўзгадваецца фрагмент з аўтабіяграфічных успамінаў класіка беларускай літаратуры — Якуба Коласа. Ён апісаў свой досвед рэлігійнасці палешукоў, калі працаваў настаўнікам у маёй роднай вёсцы Люсіна на пачатку XX ст. Якуб Колас узгадвае сітуацыю, калі на нядзельнае набажэнства ў царкву прыйшла група палешукоў у рыбалоўнай вопратцы. Святар выгнаў іх з царквы дадому, змяніць нягоднае для святыні адзенне. Рыбакі адрэагавалі моцным абурэннем і ўспрынялі патрабаванне святара як несправядлівае. Гэтая сітуацыя паказвае сутыкненне розных ментальнасцяў. З аднаго боку — гэта святар, які перакананы, што вернік у храме павінен стаць перад Богам у спецыяльнай святочнай вопратцы. З іншага боку — палескі рыбак, які прыйшоў да Бога такім, якім ён ёсць, для якога рыбалоўства з’яўляецца выражэннем ягонай тоеснасці і гонару. Можна спрачацца наконт этычнай ацэнкі гэтай сітуацыі. Аднак на яе варта паглядзець не ў перспектыве маралі ці павіннасці, але прасачыць (не ацэньваючы) адмысловую ментальнасць гэтых людзей. Ім уласціва імкнуцца да максімальнай сувязі веры са штодзённасцю, асвячэння дару працы, жаданне прывесці Бога ў тое, чым жывуць.    

— Айцец Андрэй, многія з каталіцкіх вернікаў у Беларусі з вялікім  хваляваннем і  непакоем адносяцца да моўнага пытання ў Касцёле. Беларуская і польская мовы, а таксама апошнім часам руская маюць як сваіх прыхільнікаў, так і праціўнікаў. Як вядома, польская мова з’яўляецца традыцыйнай для каталіцтва ў Беларусі, у сваю чаргу беларуская каталіцкая інтэлігенцыя можа абразіцца, што «польскасць» у Касцёле не давала і не дае развівацца «беларускасці». Штораз часцей чуюцца галасы, якія выступаюць за ўжыванне рускай мовы, якая з’яўляецца найбольш распаўсюджанай і паўсюдна зразумелай. На Ваш погляд, якая з гэтых моў мае найбольш правоў на тое, каб замацавацца ў Касцёле ў Беларусі?

— Мне здаецца, што ўсе непаразуменні ў моўным пытанні ў Беларусі звязаны з памылковым усведамленнем сутнасці праблемы. Некаторыя мяркуюць, што да мовы трэба адносіцца чыста функцыянальна: як да інструмента камунікацыі. Аднак рэальнасць паказвае, што гэта занадта аднабаковы і небяспечны падыход. Кожная мова — гэта не толькі набор словаў, але таксама думкі, спосаб выражэння ўнутранага свету, спецыфічныя тэрміны, паняцці, спосабы перадачы знакаў, перажыванняў, культуры. Моўная сфера спалучае ў сабе два фундаментальныя вымярэнні. З аднаго боку, яна выражае ўнутраны свет чалавека, яго тоеснасць як прадстаўніка адпаведнай культуры, народа, рэлігіі. З іншага боку, моўная сфера з’яўляецца фактарам знешняга ўплыву нейкай супольнасці на асобу, якая ўваходзіць у дадзеную групу, калі пачынае разумець і прымаць іх мову як спосаб самавыражэння. Таму наша мова і спосаб маўлення здраджвае нашаму ўнутранаму свету, культуры, з якой мы атаясамліваемся.

У моўным пытанні варта прыгадаць хрысціянскую праўду аб тым, што кожная духоўнасць абумоўлена натурай. Іншымі словамі, кожны хрысціянін становіцца паўнацэнным, калі ён пазітыўна перажывае багацце сваёй гісторыі, сям’і, народа, з якога ён вырастае. Няма рэлігійнага атаясамлення без персанальнай (у тым — нацыянальнай) ідэнтыфікацыі асобы. Таму кожны чалавек настолькі будзе паважаць у іншым чалавеку яго годнасць (рэлігійную, нацыянальную і г.д.), наколькі цэніць і паважае гэтую годнасць у сабе. Звярніце ўвагу, што моўную праблему ў Касцёле ў Беларусі імкнуцца раздзімаць тыя, хто не паважае нацыянальную ідэнтычнасць іншых людзей і жадае ім насаджаць сваё аднабаковае бачанне. Знявага мовы, нацыянальнасці, веры — гэта знявага тоеснасці (найбольш асабістага) ў чалавеку, праяўленне крайняй нявыхаванасці. Таму Касцёл, імкнучыся прамаўляць да канкрэтных людзей на іх нацыянальнай мове, ускосна спрыяе фарміраванню іх уласнай тоеснасці. А тое, што нейкія людзі цураюцца сваёй роднай мовы, саромеюцца сваёй нацыянальнасці — гэта іх асабістая або сямейная драма, якую належыць пазітыўна вырашаць. Можна бясконца абвінавачваць грамадскія ўстановы ці дзяржаву, але ўсё пачынаецца з дзяцінства, з сям’і, з выхавання або самавыхавання. І навучанне роднай мове і нацыянальнай культуры (польскай, беларускай, іншай) — гэта першачарговае заданне не Касцёла, але сям’і, грамадства. Касцёл прымае нацыянальнасць і мову нейкай нацыі як факт. А тое, што хтосьці не жадае пагадзіцца з фактычнай рэчаіснасцю, то гэта ўжо яго псіхалагічная праблема. Таму, мяркую, у Касцёле ў Беларусі абавязкова павінна быць столькі моваў, колькі (адпаведна прапарцыянальна) прадстаўлена там нацыянальнасцяў. А нейкая русіфікацыя беларусаў, беларусізацыя палякаў, паланізацыя беларусаў — гэта хворыя з’явы. І Касцёл робіць вялікія намаганні, каб не ўключацца ў гэтыя дэструктыўныя грамадскія працэсы і дапамагчы людзям усвядоміць сваю ідэнтычнасць, прамаўляючы да кожнага на яго роднай мове.

— Яшчэ адно пытанне, звязанае ў некаторым сэнсе з мовай: як трэба правільна разумець феномен Вавілонскай вежы? Ці сапраўды змяшанне моў было пакараннем? І ці не трэба зноў імкнуцца да моўнага адзінства, якое было парушана людскім грахом?

— Біблейскае апавяданне пра вавілонскае мовазмяшанне (пар. Быц 11, 1–9) часта разглядаецца ў кантэксце раздзялення мовы ў фізічным сэнсе (людзі пачалі размаўляць на розных мовах у прамым сэнсе). Аднак належыць на гэтую з’яву паглядзець глыбей. Фізічнаму моўнаму раздзяленню найчасцей папярэднічае працэс духоўнага падзелу паміж людзьмі настолькі, што яны, замыкаючыся на дыялог, перастаюць адзін аднаго разумець. Таму сэнс аповесці пра Вавілонскую вежу не столькі ва ўзнікненні паасобных моваў, колькі ва ўсведамленні наступстваў узаемазамкнёнасці паміж людзьмі. Божае пакаранне заключаецца ў тым, што Ён дазвалаяе чалавеку пажынаць плады сваёй бяздумнай пыхі. Кожны раз, калі людзі замыкаюцца ў цесных рамках свайго меркавання, адсякаючы магчымасць дыялогу, яны працягваюць Вавілон.

Звярніце ўвагу, што адваротнасцю Вавілонскай вежы ў Святым Пісанні стала Пяцідзесятніца, калі на Хрыстовых вучняў быў спасланы Святы Дух (пар. Дз 2, 1–12). Апосталы, напоўненыя Святым Духам, пачалі прамаўляць да розных людзей на іх родных мовах. І Касцёл па сённяшні дзень імкнецца прамаўляць да кожнага на яго фізічнай мове. Пры гэтым уся звышмільярдная, шматнацыянальная каталіцкая супольнасць яднаецца ў адзінстве мовы аднадушша, адной веры, узаемных каштоўнасцяў, пашаны кожнага адмысловага шляху ў імкненні да адзінай мэты — праз лучнасць у любові з бліжнімі з’яднацца ў любові з Богам.

Я перакананы, што кожная спроба знешняй уніфікацыі мовы заўсёды будзе заканчвацца яшчэ большымі падзеламі і агрэсіяй паміж людзьмі. Аўтэнтычнае і трывалае адзінства магчымае толькі як вынік натуральнай і духоўнай еднасці ўсіх людзей. А гэта, здаецца, ва ўсёй паўнаце будзе магчымым толькі ў Небе. Таму варта не губляць сілы на пошук нейкага штучнага «эсперанта», а будаваць паміж людзьмі масты ўзаемаразумення ў духу любові і праўды.  

— Вельмі часта даводзіцца сустракацца з меркаваннем, што сучаснае беларускае грамадства з’яўляецца вельмі пасіўным і абыякавым. Як Вы лічыце, чаму так адбываецца? Ці заўважальна гэта неяк у жыцці Касцёла ў Беларусі?  

— Кожнае меркаванне, нягледзячы на сваю суб’ектыўнасць, абапіраецца на нейкія аб’ектыўныя факты. Чым больш актыўная асоба, тым больш пасіўным ёй будзе здавацца акружэнне, абыякавае да яе зацікаўленасцяў. Рэальныя ж прычыны грамадскай пасіўнасці крыюцца найчасцей у немагчымасці самавызначэння і самарэалізацыі. Чым большыя абмежаванні, прэсінг нейкага «аўтарытэта», тым большая спакуса перастаць адстойваць свае інтарэсы і пачаць «плыць па цячэнні». Мне здаецца, што калі і прысутнічае ў нашым грамадстве нейкая аморфнасць, то яна хутчэй за ўсё з’яўляецца сацыяльна-гістарычным наступствам савецкага таталітарызму.

Калі ж гаварыць пра супольнасць Касцёла, то пасіўнасць я назіраю перш за ўсё ў пазіцыі «мая хата з краю». На практыцы гэта развівае такую нездаровую з’яву, як крайні індывідуалізм і адасабленне. Не сакрэт, што многія парафіі пакутуюць з-за таго, што значны працэнт вернікаў адносіцца да касцёла як да бюро рэлігійных паслуг: прыйшоў, узяў, пайшоў. Далёка не кожны вернік усведамляе, што ён у роўнай ступені з іншымі нясе адказнасць за будынак святыні, парадак у касцёле, набажэнствы, функцыянаванне парафіяльнай супольнасці. Савецкая калектывісцкая адукацыя спрыяла выхаванню безадказнасці. Гэта падштурхоўвала да паводзінаў па прынцыпу: «няхай нехта зробіць». Хрысціянскае ж выхаванне, накіраванае на фармаванне чалавека як асобы, адказнай за сябе і за іншых у духу запаведзі любові. Тут крыніца актывізму, адказнасці і ўзаемнай пашаны. Думаю, супольнасць нашага Касцёла будзе настолькі здаровая і здольная да выкарыстання свайго магутнага патэнцыялу, наколькі каталіцкія сем’і будуць выхоўваць сваіх дзяцей па-хрысціянску.

— Апошняе пытанне. Другі Ватыканскі Сабор звярнуў увагу на неабходнасць адчытвання «знакаў часу», інакш кажучы, тэалагічнай інтэрпрэтацыі сучаснай гісторыі. Якія знакі часу Вы лічыце вырашальнымі для будучага развіцця Каталіцкага Касцёла ў Беларусі? Альбо, выкарыстоўваючы модную тэрміналогію постмадэрнізму, які ва ўсім імкнецца бачыць «тэкст», пра што гаворыць нам «тэкст» сучаснай гісторыі Касцёла ў Беларусі, які жанр гэтага «тэксту» і якім Вам бачыцца яго працяг?

— Я вельмі крытычна стаўлюся да сацыяльных прагнозаў. Яны моцна абумоўлены і небяспечныя спакусай неканструктыўнага ўцёку ў свет віртуальных разважанняў. Гэта элегантнае зняцце з сябе адказнасці: «Свет такі, грамадскія працэсы такія, а я занадта малы, каб нешта змяніць». І ў гэтым я бачу «тэкст» — уцёкі ад рэальных спраў. Сучасны чалавек гатовы займацца тысячамі папераў, арганізоўваць безвыніковыя абмеркаванні, мяняць месцамі тое самае, толькі б нічога рэальнага не здзяйсняць. Гэта, вядома, праява эпохі постмадэрнізму — канцэнтрацыя на крытыцы, негатывізме, дэмантажы таго, што ўжо кімсьці зроблена. Я, як хрысціянін, перакананы, што нашая вера адкрывае перад намі велізарныя і канкрэтныя перспектывы развіцця. Пры гэтым мяркую, што найбольш моцным і ў нейкай ступені драматычным «знакам часу» для сучаснага католіка з’яўляецца неабходнасць адстойвання сваёй ідэнтычнасці ў постмадэрнісцкім акіяне размытых уяўленняў аб дабры і праўдзе. Заданне Касцёла — перш за ўсё духавенства і бацькоў — паказваць сваім выхаванцам адвечныя і выразныя арыенціры ў свеце сцёртых межаў паміж дабром і злом, праўдай і хлуснёй.

Калі гаварыць пра Касцёл у Беларусі, здаецца, ён уваходзіць у важную фазу свайго развіцця. Сучасны стан нашай супольнасці патрабуе не толькі «залечвання ран» царскіх і савецкіх разбурэнняў, але і інтэнсіўнага адстойвання і ўмацавання сваёй непаўторнай каталіцкай ідэнтычнасці ў свеце новых выклікаў і заданняў. Мы маем вельмі багатую скарбніцу гісторыі і Традыцыі, якую варта пазнаваць, карыстацца ёю і дзяліцца гэтымі каштоўнасцямі з кожным, каго Бог паставіць на нашым жыццёвым шляху.

— Дзякуй вялікі за размову. Жадаю Вам поспехаў і Боскага дабраславенства. Паздароў Вас, Божа!

Размаўляў Віктар Шукеловіч

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця