25–27 лістапада 2010 г. у Рыме будзе праходзіць сустрэча, якую арганізуе Папская рада па справах сям’і на тэму «Хрысціянская сям’я і евангелізацыя ў сям’і». Беларусь на сустрэчы будзе прадстаўляць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка, старшыня Рады па справах сям’і пры ККББ.
— Ваша Эксцэленцыя, праз некалькі дзён Вы накіруецеся ў Рым на сустрэчу, якую арганізуе Папская рада па справах сям’і. Некалькі слоў пра гэтае мерапрыемства.
— З 25 па 27 лістапада ў Рыме Папская рада па справах сям’і будзе праводзіць сустрэчу прадстаўнікоў епіскапатаў з усяго свету, адказных за душпастырства сем’яў. Тэма сустрэчы — «Хрысціянская сям’я і евангелізацыя ў сям’і». На працягу трох дзён мы будзем разважаць аб тым, якім чынам хрысціянскія каштоўнасці перадаюцца ў сям’і, якая адказнасць у гэтым ляжыць на бацьках і чым дапамагае школа і іншыя арганізацыі.
На сустрэчы будуць прадстаўлены сямейныя супольнасці і рухі. На іх прыкладзе будзе разгледжана, як у сучасным свеце найбольш аптымальна перадаваць дзецям хрысціянскія каштоўнасці і веру. У праграме прадугледжана пытанне адносна ўдзелу хрысціянскай сям’і ў грамадскай супольнасці, а таксама ў культурных мерапрыемствах мясцовасці, дзе пражывае канкрэтная сям’я.
— Ці запланавана сустрэча з папам Бэнэдыктам XVI?
— Маю надзею, што адбудзецца сустрэча са Святым Айцом, бо, як ведаем, у бліжэйшую суботу Папа ўзначаліць Нешпары ў інтэнцыі кожнага ўзнікшага жыцця: ад зачацця да натуральнай смерці. Думаю, гэта будзе добрая нагода, каб разам сабрацца ў базыліцы святога Пятра і малітоўна злучыцца з Пантыфікам.
— Акрамя духавенства, хто будзе прымаць удзел у сустрэчы?
— Думаю, далучацца і тыя, хто прымае актыўны ўдзел у працы з сужэнствамі, у евангелізацыі сем’яў. Сярод іх прадстаўнікі евангелізацыйных, малітоўных і асабліва прасямейных рухаў і супольнасцяў.
— Можа, разам з Вамі ў Рым накіруецца дэлегацыя з Беларусі?
— Да мяне далучыцца кс. прэлат Анджэй Стэцкевіч. Мы будзем прадстаўляць нашу краіну. Думаю, што будзем мець магчымасць паінфармаваць сабраных аб працы з сужэнствамі і сем’ямі, якая праводзіцца Каталіцкім Касцёлам у Беларусі, зрабіць прэзентацыю брашур і выданняў на дадзеную тэматыку і па абароне жыцця. На маю думку, сустрэча стане натхненнем да праектаў на будучыню і нагодай выказацца наконт цяжкасцяў перадачы веры маладому пакаленню.
— Як можаце ахарактарызаваць сітуацыю сям’і ў Беларусі?
— У снежні мінулага года, калі мы былі на сустрэчы Папскай рады па справах сям’і, старшыня ведамства, азнаёміўшыся са статыстыкай па нараджальнасці, забойству ненароджаных, смертнасці дзетак, разводаў у Беларусі, адзначыў, што гэта агульная статыстыка для ўсёй Еўропы.
Напэўна, там, дзе вера мацнейшая, там і сужэнствы мацнейшыя. Аднак, дзе Касцёл перажывае аднаўленне і рэарганізацыю сваіх структур пасля многіх гадоў атэізму, напэўна, сітуацыя іншая.
Многае залежыць і ад ініцыятываў сужэнскіх пар. У Беларусі ёсць сужэнствы, якія рупліва дбаюць аб евангелізацыі — як у сваіх сем’ях, так і працуючы пры парафіях. Такія прасямейныя рухі развіваюцца, маюць будучыню. І развіццё гэтых рухаў сведчыць аб тым, што сужэнствы ўсведамляюць іх неабходнасць менавіта ў гэтых абставінах, у гэтых умовах, на гэтым этапе развіцця.
— Дзякую за размову. Плённай сустрэчы!
Размаўляла Валянціна Крутая