Субота. Раніца. Спяшалася на сустрэчу з чалавекам, які «завочна», без асабістага знаёмства аказаў уплыў на мае погляды. Ад яго я даведалася, што мужчыны думаюць зусім не так, як жанчыны, і таму не трэба здзіўляцца, што хлопец прыйдзе з нічым з магазіна, бо была толькі маса тварожная, а не тварожная маса. Мой суразмоўца — спадар Яцэк Пулікоўскі, чалавек, якому па ўзросце я прыходжуся ў дочкі і які з сапраўднай бацькоўскай апекай і любоўю жадае дапамагчы кожнаму знайсці ў жыцці сапраўднае шчасце. Гэта чалавек, які дапамагае дадаць у жыццё радасць і ўсмешку замест раздражнёнасці і нервовасці.
Пра 10 запаведзяў сямейнага шчасця і што рабіць тым, да каго яшчэ «не прыскакаў сапраўдны прынц на белым кані», чытайце ў інтэрв'ю з дарадцам сямей з Польшчы, чалавекам з 30-гадовым сямейным стажам і проста шчаслівым мужам і бацькам траіх дзяцей Яцэкам Пулікоўскім.
— Спадар Яцэк, Вы ўпершыню прыехалі ў Беларусь, але тут вас ведаюць многія. У большасці дзякуючы кнігам, што выйшлі ў выдавецтве «Про Хрысто». З чаго і як распачыналася гэтае супрацоўніцтва?
— Шчыра кажучы, ужо даўно, больш за 30 год, я працую ў Душпастырстве сем’яў у Польшчы. Варта адзначыць, што беларускі бок сам да мяне звярнуўся. Мяне знайшлі і звярнуліся з просьбай аб праве перакладу. Некаторыя кнігі ўжо былі перакладзены на рускую мову, а некаторыя пераклалі тут. Мае кнігі перакладзены на некалькі моў, але ў дадзеным выпадку, павінен прызнацца, ініцыятыва зыходзіла ад беларускага боку, а ў прыватнасці ад спадарыні Аліны Новікавай.
— Ці плануецца пераклад новых кніг?
— Нават калі і плануецца, ад мяне гэта не залежыць, бо я даю згоду на пераклад усіх маіх кніг, якія могуць быць карысныя. Вядома, што галоўныя праблемы ў перакладзе і выданні заўсёды звязаны з канкрэтнымі коштамі і затратамі. Пасля сустрэчы з рэдакцыяй «Про Хрысто» я зразумеў, што існуе, так бы мовіць, «апетыт», жаданне перакладаць і іншыя кнігі.
— У межах Вашага візіту ў Беларусь Вы сустрэліся са студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў і вернікамі Мінска. Якія Вашы першыя ўражанні?
— Безумоўна, гэта іншае асяроддзе, не такое, як у Польшчы, дзе намнога прасцей казаць пра Бога. Тут з гэтым цяжэй, хаця я і не спрабаваў спецыяльна, бо пэўныя рэчы з’яўляюцца агульначалавечымі і адносяцца да таго, што натуральнае, да законаў прыроды і маральнага права, актуальныя ва ўсім свеце, нягледзячы на тое, веруючы гэта чалавек ці не і ў што ён верыць. Мне здаецца, што тут ёсць зацікаўленасць у тым, каб слухаць. Я казаў пра добрыя справы, аб чым мараць усе маладыя людзі: любоў, шчаслівая сям’я, бацькоўства. І я заўважыў, што «лавілі» кожнае слова, хоць часта гэтыя справы былі складанымі. Напрыклад, праблема сексуальнай чысціні сёння з’яўляецца вельмі складанай, таму што рэкламуецца штосьці зусім іншае. Аднак моладзь слухала з вялікім інтарэсам, з «адкрытымі вушамі», і было бачна, што яны жадаюць слухаць.
— Як Вы ставіцеся да таго, што адносна праблем сям’і пішуць духоўныя асобы? У чым, на Вашу думку, адрозненне бачання і вырашэння сямейных праблем свецкімі і духоўнымі асобамі?
— У падобных пытаннях зацікаўлены ворагі Касцёла, якія пытаюцца: што ксёндз можа ведаць пра сужэнства, тым больш што ў каталіцызме захоўваецца цэлібат? Такім чынам, можна таксама спытаць: як урач, які ніколі не хварэў на сухоты, можа лячыць хворых на гэтую хваробу? Ці трэба быць хворым, каб мець права лячыць? Гэта вельмі важнае пытанне, на якое варта звярнуць увагу і, што яшчэ больш важна, неабходна, каб людзі атрымалі на яго адказ.
Па-першае, святар сам вырас у сям’і і менавіта там правёў найважнейшыя для ўласнага станаўлення прынамсі 20 год жыцця. Таму мае аб ёй уяўленне. Па-другое, толькі святар спавядае, а значыць мае доступ да вельмі інтымных сужэнскіх праблем, ведае больш, чым сярэднестатыстычны муж, які ведае адзін выпадак адной уласнай жонкі, адзін прыватны выпадак, які не дае агульных ведаў пра сужэнства. Канфесіянал дае святару агульныя веды аб сямейных праблемах, там святар чуе прызнанні і выпадкі, пра якія псіхолаг, можа, ніколі не даведаецца. Таксама многія святары займаюцца тэрапіяй сужэнстваў. Таму, шчыра кажучы, святар можа намнога больш ведаць пра сямейныя праблемы, іх прычыны і шляхі вырашэння, чым адзін асобна ўзяты муж ці жонка.
— Дадзеныя веды з’яўляюцца не толькі тэарэтычнымі, але і практычнымі?
— Так. Можна быць тэарэтыкам, пісаць шмат кніг і распрацоўваць нейкія канцэпцыі, напрыклад, выхаваўчыя і казаць пра немагчымасць прымянення насілля над дзецьмі. Але на практыцы разумеем, што гэта нерэальна, бо часам дзіця неабходна прымусіць нават у такіх дробных справах, як чысціць зубы ці мыць ногі. Ксёндз атрымоўвае не тэарэтычныя веды, а рэальныя выпадкі з жыцця і ведае людзей, якія гэта перажывалі. Думаю, што тэарэтыку-псіхолагу лягчэй памыліцца ў сямейных праблемах, чым святару, які мае вопыт служэння ў канфесіянале.
— Гэта датычыць і праблем такой інтымнай сферы, як секс?
— Так. Размова пра секс звычайна зводзіцца да знешніх праяўленняў, пэўных стымуляцый, метадаў і спосабаў перажывання аргазму — на чым і канцэнтруецца сённяшні свет. Але секс не можа быць аддзелены ад асобы. Святар ведае грахі, звязаныя з сексуальнымі адносінамі, і заўсёды бачыць іх у кантэксце цэлай асобы і сітуацыі, стану сужэнства. Таму святар можа дапамагчы лепш, чым сексолаг, які ведае пра метады стымуляцыі і зняцця сексуальнай напружанасці.
Галоўная, пачатковая памылка свету — у адрыве сексуальнасці ад сям’і і бацькоўства. Свет прапаноўвае сексуальныя забавы без боязі зацяжарыць, бо дае антыканцэпцыю і аборты. І людзі забаўляюцца, не ведаючы, што забіваюць саміх сябе. Свет адлучае секс ад бацькоўства, а бацькоўства цяпер не патрабуе сексуальных адносінаў: так з’яўляецца штучнае запладненне, робяцца спробы кланавання. Гэта прапанова свету, якая разбівае адзінства чалавека. Адносіны да сексу як да прыемнасці самой па сабе выклікае знішчэнне чалавека, які ў гэта паверыў.
— На Вашую думку, ці адрозніваюцца праблемы сем’яў Заходняй Еўропы ад праблем беларускіх сем’яў? Якія асноўныя праблемы і ў чым крыецца іх прычына?
— Не ведаю вельмі добра праблемы беларускіх сем’яў, бо размаўляў толькі з некаторымі. Адназначна, гэтыя праблемы маюць сваю спецыфіку, але ёсць і агульнае. І ў адным і ў другім выпадку існуе жаданне забаўляцца, спакуса спажывання, нежаданне думаць пра тое, што будзе ў далёкай будучыні, праз 50 год, ужо не кажучы пра тое, што чакае нас пасля смерці. Сучасны свет падказвае адсоўваць гэтыя думкі ад сябе і ў сувязі з гэтым жыць сённяшнім днём. Розніцы паміж Беларуссю і Захадам і ўвогуле паміж усімі краінамі свету сціраюць сродкі масавай камунікацыі, асаблівым чынам Інтэрнэт, дзякуючы якому кожны са свайго дому мае доступ да усяго свету. Усе адмоўныя з’явы з Захаду, напэўна, ужо дайшлі да Беларусі або ў хуткім часе будуць распаўсюджаны тут. Інакш з добрымі з’явамі, паколькі яны не маюць масавай прапаганды праз мас-медыя. На Захадзе існуе большая пагроза празмернага спажывання. Там усё падлічваецца і пераводзіцца ў грошы. У Беларусі таксама распачынаецца дадзены працэс, які, на жаль, трывала прагрэсіруе.
— Хацелася б пачуць аб праблемах, з якімі найчасцей сутыкаюцца сучасныя сем’і…
— Трэба адзначыць, што праблемы вынікаюць з антрапалагічнага ўспрыняцця чалавека. Сёння грамадства ўжо адыходзіць ад думкі, што чалавек — гэта грамадская істота, і ўсё часцей ствараецца індывідуалістычны падыход, які заключаецца ў тым, што неабходна жыць аднаму і толькі так можна здабыць шчасце, толькі аднаму можна быць збаўленым. Аднак на самой справе гэта не так. І гэта памылковае ўяўленне пра чалавека, калі мы лічым сябе галоўнымі і найважнейшымі з усіх іншых людзей.
Такое меркаванне знішчае адносіны паміж людзьмі. Асновай жа шчасця чалавека з’яўляецца ўласны рост, які сёння таксама не рэкламуецца, бо патрабуе працы над сабой. Адной з прычын таго, што чалавек не развіваецца як разумная істота, з’яўляецца разрыў адносінаў з іншымі: адносінаў муж-жонка, бацькі-дзеці, адносінаў з суседзямі, калегамі па працы — ад чаго людзі вельмі пакутуюць. Людзі, якія не дасягнулі ў сваім развіцці таго, чаго маглі, якія разарвалі адносіны з іншымі і не маюць адносінаў з Богам, вельмі часта губляюць сэнс жыцця і здзяйсняюць самагубства. Хваля самазабойстваў на Захадзе жахліва ўражвае. Людзі перажылі ўсе адчуванні, якія жадалі, займаліся сексам «направа і налева», аб’ехалі ўвесь свет, прыгалі з баржы ўніз галавой і, думаючы, што перажылі і адчулі ўсё магчымае, адчулі пустату.
Таму тэорыя, што чалавек можа сам сябе насыціць, з’яўляецца падманлівай і часта разбівае сям’ю, бо муж жадае стаць главой за кошт жонкі, а жонка за кошт мужа. Кажуць, што сучаснае сужэнства ўсё часцей нагадвае сітуацыю, калі дзве блыхі стаяць на шлюбным дыване і кожная з іх думае і марыць, што ажэніцца з сабакам, якога праз усё жыццё зможа грысці. І калі мы маем такі падыход да сужэнства, то не будзем здзіўляцца, чаму сужэнствы распадаюцца. Каб уратаваць сям’ю, трэба вярнуць ідэю любові, а значыць прысвячэння адно аднаму і зразумець, што цудоўным з’яўляецца не толькі браць штосьці неабходнае для сябе, але даваць блізкім тое, што яны патрабуюць.
Да таго ж, значнай праблемай з’яўляецца фальшывае ўяўленне аб каханні. Гэтым словам усё часцей называюць дзеянні, у сапраўднасці з ім не звязаныя, як, напрыклад, сексуальную блізкасць. Таму людзі ўсяго свету згубіліся ў праблемах сям’і.
— Якія перыяды жыцця сям’і найбольш падвержаны крызісу, ці можна яго пазбегчы?
— Безумоўна, кожная сям’я перажывае лепшыя і горшыя хвіліны, але не праўда, што кожная сям’я павінна прайсці праз крызісы. Магу пацвердзіць гэта хаця б уласным вопытам сямейнага жыцця (у якім жыву ўжо 34 гады), што ніколі не мелі складанага крызісу і ніколі не з’яўлялася думкі аб разводзе. Але шмат людзей у свеце нават не ведаюць таго, што існуюць сужэнствы, якія не перажывалі цяжкіх крызісаў. Чым большая духоўная сувязь (асабліва на ўзроўні рэлігіі), тым больш шанцаў, што крызіс не наступіць. Але клопаты і праблемы, зразумела, ёсць у кожнай сям’і.
Выходзячы з дому, муж пытаецца ў жонкі: «Каханая, калі будзеш гатова?» «Я ж табе гадзіну таму казала, што праз пяць хвілін!» А часам жонка кажа: «Можа, я пайду завяду машыну і пасігналю? А ты збярэш траіх дзяцей».
Жартую, канечне. Але трэба зразумець, што ў мужчыны і жанчыны розныя сферы дзейнасці і яны ўсё ўспрымаюць па-рознаму. Таму зразумела, што гэта выклікае раздражнёнасць. Не трэба падманваць сябе і верыць у тое, што ў сужэнстве мы жывём без эмоцый.
У час крызісу ўзнікае сумненне: а ці было патрэбна нам быць разам, бо абодвум будзе лягчэй, калі разыдземся. Аднак трэба памятаць, што ёсць сужэнствы, перад якімі падобнае пытанне можа ніколі не паўстаць.
Не трэба пазбягаць канфлікту, бо ён з’яўляецца там, дзе існуюць супрацьлеглыя меркаванні: адзін хоча ехаць на мора, іншы — у горы. І нельга тут дамовіцца. Таму неабходна вырашаць канфлікт. Галоўнае ў канфліктах — умець выбіраць штосьці іншае, ісці на кампраміс і, напрыклад, паехаць адпачываць туды, дзе ёсць і горы, і мора. Часам канфлікты можна вырашаць нават без вялікіх уступак, але, канечне, часцей за ўсё яны патрэбны. Трэба ставіць не пытанне: «хто саступіць: я ці ты?», а «што для нас будзе лепш?». Калі навучымся вырашаць канфлікты такім чынам, то кожны з іх будзе нас яшчэ больш збліжаць.
Што датычыць канкрэтных сфер сямейнага жыцця, у якіх часцей за ўсё бываюць крызісы, то гэта перш за ўсё сфера сексуальнасці. І гэта вынікае з таго, што мужчына і жанчына зусім па-рознаму функцыянуюць. Чымсьці іншым з’яўляецца сужэнская блізкасць для мужчыны, чым для жанчыны. Гэта два абсалютна розныя сусветы: паколькі сама блізкасць адбываецца ў жанчыне і яна заўсёды памятае пра больш шырокае яе значэнне (пра магчымае зачацце дзіцяці), то для мужчыны задавальненне прыходзіць аўтаматычна. Таму вялікай праблемай з’яўляецца тое, што многія жанчыны церпяць ад жаданняў мужчын у гэтай сферы, прымаюць іх волю і маўчаць. Тым часам сужэнства псуецца знутры. Калі ж жанчына стане кіраваць у дадзенай сферы, выказваючы свае страхі, пажаданні, мары мужу, то стане заўважаць будаванне цудоўнай сексуальнай сувязі, якая сапраўды іх аб’ядноўвае. Тады гэтая сувязь стане крыніцай шчасця, і не таму, што з’яўляецца крыніцай задавальнення, але таму, што праз гэта сужэнцы адчуюць рост вернасці. Адчуванне, што ў сужонка ніколі не было нікога іншага, сучасны свет не ў стане перажыць. Людзі рэкламуюць свае адзінкавыя сексуальныя перажыванні, што сведчаць толькі пра іх прымітыўнасць. Толькі ў сужэнстве можа існаваць гэтая глыбокая сувязь. Калі ў дадзенай сферы не будзе добрай камунікацыі, то заўсёды будзе дрэнна.
— Ці можна казаць пра тое, што складаным часам для сужэнцаў з’яўляецца першы год сямейнага жыцця, нараджэнне першага дзіцяці?
— Першы час сумеснага жыцця вельмі важны, але многае залежыць ад таго, у якім узросце людзі ўступаюць у шлюб: гэта асобы, якім за 35 год і якія маюць мноства звычак, уласнага вопыту, можа, і залежнасцяў, і ім больш складана ўвайсці ў сужэнскую супольнасць, ці калі сужэнцы дастаткова маладыя людзі, якія гатовы амаль на любыя змены. Таму складанасць гэтага сімвалічнага першага года жыцця тым большая, чым пазней людзі ўступаюць у шлюб.
Што датычыць крызісу нараджэння першага дзіцяці, то ён можа быць, а можа і не быць. У чым прычына дадзенага крызісу? Яна ў тым, што большасць жанчын мае аб сужэнскім жыцці вельмі нерэальныя ўяўленні і чаканні ад мужа ў эмацыянальнай сферы. Жанчына думае, што ён будзе адгадваць яе думкі, што многае будуць рабіць разам, што будзе разумець і раздзяляць яе пачуцці. А мужчыны не вельмі да гэтага здатныя. У сувязі з гэтым рэдка які мужчына, а можа, нават і ніхто не здольны споўніць усе суб’ектыўныя патрабаванні жанчыны. Большасць жанчын, не ведаючы, што гэта нармальна, пакутуюць ад нерэалізаваных мараў і расчараванняў у эмацыянальнай сферы: думала, што будзе больш рамантычны, будзе з ранку да вечара насіць на руках, што будзе захапляцца прыгажосцю яе валасоў, вачэй, усмешкі і г.д., а гэтага няма.
Ненасычаная пачуццямі жанчына ў час нараджэння першага дзіцяці знаходзіць цудоўную інвестыцыю пачуццяў. І праблема ў тым, што ў гэты момант яна паварочваецца спіной да мужа, бо ёсць нарэшце той, з кім можа падзяліцца сваімі пачуццямі. На жаль, многія сужэнствы трапляюць у гэтую пулапку. Пачуццёвая сувязь, якая і была, губляецца цалкам, бо жанчына ўжо не мае патрэбы ў мужчыне. А плёны гэтай праблемы ўзыдуць праз 20 год, калі дзіця будзе жадаць пакінуць дом, а маці не адпусціць, бо гэта самы галоўны мужчына ў яе жыцці.
Але людзі, якія разумеюць магчымасць падобнай сітуацыі, могуць цалкам прадухіліць яе. Я часам кажу маладым маці павесіць над калыскай дзіцяці надпіс: «Галоўным на свеце чалавекам у маім жыцці з’яўляецца муж». Дзіця дадзена нам на выхаванне, а часам, схіляючыся над калыскай дзіцяці, можаш цалкам прайграць сваё сужэнства, не робячы нічога дрэннага.
Наступнай небяспекай для сям’і з’яўляюцца расставанні, выезды на працу за мяжу. Год, паўтара, а як добра ўсё складваецца, то і два гады — гэты час ніякаму сужэнству ніколі не аплаціцца. Я разумею, калі хтосьці быў вымушаны паехаць на працу, бо не хапае грошай на аперацыю дзіцяці і гэта была справа жыцця і смерці. Цяжка, але няхай едзе. Аднак часта гэтыя выезды для таго, каб крыху палепшыць быт, каб прыдбаць лепшую машыну, каб мець лепшае жыллё — гэтыя мэты нявартыя таго кошту, якім стане разбітая сужэнская сувязь. Нягледзячы на тое, што ў нас ёсць Інтэрнэт, скайп ці яшчэ штосьці, каб размаўляць па паўгадзіны ўдзень, гэтыя зносіны ніколі не заменяць абдымкаў, пацалунку. Таму сужэнствы, якія расстаюцца на доўгі час, нават з добрай мэтай, заўсёды пакутуюць і часта сутыкаюцца з крызісам.
— Што рабіць, каб каханне не ператварылася ў звычку?
— Гэта заўсёды складана, але можна пазбегнуць пры дапамозе святкавання. Я ведаю пару, якая ажаніліся 13 мая і на працягу 50 год сужэнскага жыцця штомесяц адзначае гэтую дату. Кожны месяц яны збіраюцца ў гэты дзень на ўрачыстую вячэру пры свечках, робяць адно аднаму прыемныя дробязі. Я не хачу сказаць, што так павінны рабіць усе, але калі ўводзім элемент святкавання, калі вяртаемся для прыемных нам рэчаў (фотакартак са шлюбу, любоўных лістоў), мы пазбягаем думкі, што ўсё дрэнна.
Можна сказаць, што рэцэпт у наступным: 1. прыпамінаць добрае з мінулага; 2. генерыраваць добрыя справы на сёння, планаваць супольныя радасці.
— Што рабіць, калі дзяўчыне ўжо 25 год, а прынца ўсё яшчэ няма?
— Гэта вельмі важнае і актуальнае пытанне, паколькі шмат дзяўчын знаходзяцца ў падобнай сітуацыі. Некаторыя драматычна шукаюць прынца і выходзяць замуж за абы-каго, згаджаюцца на абы-якога мужчыну, галоўнае, каб быў. За што пасля плацяць коштам свайго шчасця і жыцця.
Фактам з’яўляецца тое, што ў свеце больш прыстойных дзяўчын, чым хлопцаў. Значыць кожная мудрая дзяўчына павінна мець «аварыйны» шлях свайго жыцця: калі не сустрэну годнага мужчыну, то не выйду абы за каго, а рэалізую «аварыйную» версію. У гэтым выпадку лепш абраць жыццё ў самоце, мудрае жыццё з рэалізацыяй мацярынства праз удзел у розных рухах, акцыях. Можна заняцца лячэннем хворых, бедных, дзяцей. Існуе мноства сфер, у якіх можна рэалізаваць сваё пакліканне да мацярынства, не будучы жонкай, рэалізаваць свае мацярынскія патрэбы. Не высылаю ўсіх на місію ці ў закон. Кожная мае адпаведную сферу дзейнасці. Калі дзяўчына не ўпэўнена, што знойдзе мужчыну, годнага для сужэнства, то павінна спланаваць падобны «аварыйны варыянт» і такім чынам пазбегнуць няшчасця. З іншага боку, калі б хлопцы ведалі, што дзяўчына не згодзіцца на сужэнства адразу пасля таго, як ён пстрыкне пальцамі, а сама дзяўчына не згаджалася б на так званы грамадзянскі саюз, можна было б пазбегнуць няшчасця. Дзяўчыны часта думаюць, што пасля пэўнага часу грамадзянскага шлюбу хлопец урэшце ажэніцца з ёй, а гэтага часам не здараецца. Дзяўчаты спадзяюцца, што гэты саюз прывядзе да шлюбу, але 80% хлопцаў ніколі аб гэтым не думалі.
Я часта паўтараю сваім дочкам, што яны павінны жыць годна, і калі не сустрэнуць хлопца, то павінны мець варыянт цудоўнага жыцця, у якім могуць рэалізаваць сябе як жанчыны.
— Ці варта быць сем’янінам і якую параду Вы можаце даць тым, хто не адважваецца стварыць сям’ю?
— Са свайго вопыту магу сказаць адназначна «так», паколькі сям’я з’яўляецца найбольшым шчасцем тут, на зямлі. З часам дзеці і тое, што яны робяць, чаго дабіваюцца, становяцца, шчыра кажучы, важнейшымі, чым я сам. Часам кажуць: маленькія дзеці — малыя турботы, вялікія дзеці — вялікія клопаты, а я кажу наадварот: малыя дзеці — гэта малая радасць і задавальненне, а вялікія дзеці — значна большы гонар і радасць. Добрае выхаванне дзяцей можа быць мэтай жыцця, і гэта дае магчымасць рэалізаваць сябе.
Звычайна баяцца ствараць сям’ю тыя, хто яшчэ не дастаткова развіўся псіхалагічна і духоўна. Мужчыны, напрыклад, баяцца адказнасці. Але хачу сказаць, што чым пазней ствараеце сям’ю, тым больш складана быць у гэтай сям’і шчаслівым. І чым больш будзеце мець дашлюбных сувязяў, тым складаней будзе будаваць сексуальную сувязь з жонкай.
— Дзякую за цікавую размову!
І напрыканцы 10 запаведзяў сямейнага жыцця ад Яцэка Пулікоўскага.
- Наблізьцеся да Бога і Яго запаведзяў.
- Памятайце пра паслядоўнасць: на першым месцы Бог, на другім — сужонак, на трэцім — дзеці, пасля — іншыя людзі.
- Змяняй сябе, каб быць лепшым мужам, жонкай, дбай пра сваё развіццё, станавіся лепшым.
- Размаўляйце і слухайце адно аднаго.
- Мужчыны, шануйце пачуцці жонак і захапляйцеся іх дабрынёй і прыгажосцю; жонкі, захапляйцеся справамі і мудрасцю мужа, прабывайце пад яго апякунчымі крыламі.
- Шануйце сем’і сваіх бацькоў і ніколі не майце да іх прэтэнзій.
- Не аддзяляйце сужэнскую блізкасць ад бацькоўства.
- Няхай кожнае дзіця, нават незапланаванае, будзе для вас вялікім дарам.
- Узгадняйце супольна намеры ў выхаванні дзяцей і ніколі пры дзецях не паказвайце адмоўныя бакі сужонка. Будзьце натхняльным прыкладам дабра для сваіх дзяцей.
- Штодня рабіце невялікія прыемнасці адно аднаму.
Размаўляла Святлана Жылевіч