Студэнты трэцяга курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Насця Бурко і Сян Шао вучацца ў адной групе. Яны пазнаёміліся ўжо ў першы дзень вучобы, пасябравалі, пачалі сустракацца… Праз некаторы час Насця прывяла Сяна ў касцёл — з таго часу на Імшу яны ходзяць разам. У касцёле і абручыліся.
Ужо ў дзяцінстве кожны з іх ведаў, што стане мастаком. Сян Шао нарадзіўся на поўначы Кітая. У Беларусь яго прывяло захапленне еўрапейскім жывапісам, і юнак паступіў у акадэмію мастацтваў на аддзяленне станкавага жывапісу.
— Мастацтвам я займаюся з дзяцінства, — гаворыць Сян. — Станкавы жывапіс — вельмі тонкае мастацтва, вельмі пяшчотная прыгажосць. Гэта як гарбата, якая мае вельмі смачны пах. А дэкаратыўны жывапіс— адразу яскрава адчувальны, станкавы — тонкі, яго трэба ўмець адчуць. Быць мастаком — мая мара.
Такая ж мара з дзіцячага садка жыла ў мінчанцы Насці Бурко, якая, скончыўшы гімназію з эстэтычным ухілам, а пасля і адмысловы каледж, у акадэмію мастацтваў паступала на аддзяленне керамікі. Але перавялася праз некаторы час на станкавы жывапіс, дзе вучыўся Сян.
— Калі з’явілася магчымасць перавесціся на мастацкі факультэт, я доўга думала куды: на графіку мяне бралі, таму што я добра малюю, — расказвае Насця. А Сян кажа: «Ідзі да мяне, будзем разам вучыцца, разам расці...»
«Яна пісала Езуса, а я — Марыю»
Насця і сёння можа ўзгадаць, як а. Юрый Находка OCD, убачыўшы яе мастацкія працы, напісаныя маслам, запытаўся: «Насця, ці магла б зрабіць абраз для нашай парафіі ў Горках?»
— Спачатку для мяне гэта быў шок, — узгадвае дзяўчына, — такія сур’ёзныя рэчы я яшчэ не пісала. Але параілася з Сянам, і ён падтрымаў: «Так, вядома, — давай зробім: гэта будзе сапраўды вельмі важная падзея ў нашым жыцці». А пасля ў нас якраз была вучэбная практыка: мы рабілі копію карціны ў Нацыянальным мастацкім музеі. Тэхніку мы ўжо ведалі. Таму пытанняў «як будзем пісаць» абраз, пасля практыкі ўжо не было.
Маці Божую Бялыніцкую Сян і Насця пісалі на працягу месяца. Кожны дзень па чатыры-пяць гадзін.
— Айцец пазваніў нам у канцы мая, а ў чэрвені ў нас была практыка — і толькі ў жніўні мы пачалі пісаць, — распавядае Насця. — Спачатку думалі, што гэта будзе дастаткова хутка, але праца аказалася вельмі няпростай — давялося сур’ёзна папрацаваць. Мы змянялі адно аднаго: штосьці пішу я, штосьці піша Сян. Пэўныя элементы пісалі разам, іншыя — паасобку. Часам сварыліся (усміхаецца), бо адзін аднаму перашкаджалі.
— Яна працавала штодня па пяць гадзін, я таксама прыблізна столькі, — дадае Сян. — Складанасць нашай працы была ў тым, каб правільна яе размеркаваць: што будзе рабіць Насця, а што зраблю я. Яна пісала Езуса, а я пісаў Марыю. Як і ў жыцці, як у каханні...
— Вы пісалі па фотаздымку ці паводле арыгінала — абраза ў Музеі старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі?
Насця: Мы пісалі з абраза, які вісіць у музеі Акадэміі навук. Некалькі разоў рабілі здымкі гэтага абраза і з імі пасля працавалі. Бо пісаць у музеі немагчыма — асвятленне не дазваляе. Дзякуем нашаму дэкану, які дапамог з афіцыйным запытам на дазвол зрабіць фота.
Сян: А калі робіш копію са здымкА, гэта заўжды больш складана, чым з натуры. Некалькі разоў мы зноў прыходзілі ў музей, каб яшчэ раз убачыць абраз на свае вочы.
— Ці звярталіся да выкладчыкаў акадэміі за кансультацыяй?
Cян і Насця: Не, ўсё рабілі самі. Тэхніку мы дастаткова добра засвоілі на практыцы, таму наша праца стала працягам вучэбнай практыкі. Далей — справа была за майстэрствам і ўласным бачаннем. Мы разумелі, што робім сур’ёзную працу.
Насця і Сян прызнаюцца, што праца над абразом сама вяла іх:
— Спачатку бралі эмоцыі, калі штосьці ішло не так, але пасля мы зразумелі, што трэба проста даверыцца адно аднаму — усё роўна ўсё будзе так, як трэба. Кожны мастак мае свой погляд на працу, карыстаецца сваёй тэхнікай, да якой ужо паспеў прывыкнуць. Але мы пішам абраз. Таму, калі ўжо ўзяліся за працу, абавязкова скончым — Бог нам дапаможа. Мы ўдзячная а. Юрыю, які даверыў нам гэтую адказную працу.
— Які матэрыял выкарыстоўвалі, калі пісалі копію?
Насця: Мы пісалі алейнымі фарбамі майстар-класа — яны лічацца аднымі з лепшых, якія прывозяць у Беларусь. Матэрыял добры — захоўвае колер да 300 гадоў. Пісалі на палатне, выкарыстоўвалі толькі лак — без разбавіцелю.
— Як думаеце, колькі па часе заняло ў іканапісца напісанне абраза, які вісіць у музеі Акадэміі навук?
Насця: Дзесьці каля трох месяцаў. Тэхніка заключалася ў тым, каб кожны слой перад нанясеннем наступнага паспяваў высахнуць. І слаёў там вельмі шмат. У нас, на жаль, было не так шмат часу, таму ў параўнанні з арыгіналам слаёў атрымалася не так шмат. Наша копія, вядома, не стапрацэнтная. Гэта, хутчэй, водгук на работу, якая вісіць у акадэміі.
Сян: І, як па мне, нават нядрэнны водгук (усміхаецца).
Маці Божая ўсміхаецца
— Што адкрылася падчас напісання абраза?
Насця: Я вельмі спадзяюся, што наша карціна дапаможа людзям. Калі я першы раз прыйшла ў музей і ўбачыла абраз Маці Божай Бялыніцкай, якая дапамагала вернікам у іх малітвах, мне захацелася, каб тая копія, якую зробім мы, гэтаксама дапамагала людзям. Каб усе, хто прыйдзе да яе, — знайшлі падтрымку і дапамогу. Я вельмі чакаю асвячэння палатна, таму што да таго моманту гэта будзе проста карціна. Пакуль што мы і называем яе проста нашай працай.
Сян: Мы — практыкуючыя католікі, і ў нас ёсць жаданне такую працу працягваць. І мы рады, што ўжо цяпер адкрылі ў сабе гэтую зацікаўленасць. Асабіста мне хацелася б, каб і ў кітайскіх святынях было больш абразоў. Большасць з іх дрэнна прапісаныя, а я хачу, каб і ў мяне на Радзіме людзі ўбачылі, як прыгожа можа выглядаць ікона. Прыйшоў час заняцца гэтым.
Нядаўна для копіі абраза Маці Божай Бялыніцкай, якую напісалі Насця і Сян, знайшлі рамку. Карціна чакае свайго асвячэння. Людзі, якія ўжо бачылі абраз, кажуць, што пасля заходу сонца, ён становіцца жывым — Маці Божая нібыта ўсміхаецца…
Ілья Лапато