Пошук

20.09.2010 12:04   Ілья Лапато / Catholic.by

Выйшаў новы дыск хору «Gloria» мінскай архікатэдры пад назвай «Твая прысутнасць». Гэта ўжо другі дыск за час існавання хору. «Gloria» найбольш вядомы каталіцкай супольнасці па ўрачыстасцях у Будславе: ужо каторы год яго спеў суправаджае цэнтральную святую Імшу 2 ліпеня. Акрамя таго, ён упрыгожвае ўсе ўрачыстыя літургіі ў архікатэдры. Пра падрыхтоўку і запіс новага дыску распавяла адна з ідэйных натхняльнікаў працы над дыскам, кіраўнік хору Сафія Голуб.

«З гэтым дыскам у мяне заўсёды звязана адна думка, — адзначыла спадарыня Сафія, — каб гэтыя спевы спрыялі збліжэнню з Богам, асабістай малітве і асабістаму кантакту з Есусам».

— Як з’явілася ідэя выпуску новага дыску, і хто прымаў удзел у гэтай справе?

— Ідэя з’явілася даўно. Звязана яна з нашым спевам падчас моладзевай Імшы, а таксама са спевам падчас адарацыі. Многія песні вельмі падабаюцца хору, і хацелася неяк іх захаваць. Пробашч кс. Антоні Клімантовіч падтрымаў нашую ініцыятыву і ва ўсім дапамагаў. Падрыхтоўка заняла некалькі месяцаў. Спачатку мы некалькі іначай уяўлялі канчатковы прадукт, але ўжо ў працэсе самой працы нараджаліся новыя ідэі. Шмат дапамаглі Юлія Шэдзько і Андрэй Лугін. Мы ўзялі дамініканскія спевы і некалькі аўтарскіх. Улічваючы магчымасці інструменталістаў, спевы гэтыя нам давялося апрацоўваць.

— Якія інструменты былі задзейнічаны падчас запісу?

— У дамініканскіх спевах — гэта струнны склад: скрыпкі, альты, віяланчэлі, кантрабас. У некаторых далучаліся гітары. У спевах больш моладзевых — гітары, цымбалы і барабан.

— Якім чынам выбіраўся рэпертуар, чаму менавіта гэтыя песні ўвашлі ў дыск?

— Перш за ўсё шукалі нейкі агульны дух песень. Хацелася, каб гэта былі песні, якія мы выкарыстоўваем на адарацыі, каб яны былі блізкія па духу, аб’яднаны адным характарам.

— Колькі чалавек працавала над дыскам?

—    Трыццаць чалавек. Гэта ўсе — хто спяваў, іграў, апрацоўваў, уключаючы ўсіх, хто дапамагаў, і ўлічваючы кс. Дзмітрыя Пухальскага і мужа нашай віяланчалісткі.

— Якім накладам выйшаў дыск і на каго ён разлічаны?

— Наклад — 550 дыскаў. Разлічаны на парафіян, якія практыкуюць веру, наведваюць святую Імшу. Накіраваны таксама для падтрымкі малітоўнага духу, каб, паслухаўшы песні, атрымаць маленькае натхненне да малітвы. Сёння дыск можна набыць у кіёску архікатэдры.

Гутарыў Ілья Лапато


Хор «Gloria» утвораны ў 1997 годзе сястрой Людмілай Месніковіч (закон Маці Божай Анёльскай) адразу пасля рэкансэкрацыі архікатэдры. Сёння хорам кіруюць арганістка Сафія Голуб і дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзімір Неўдах. Склад хору — працоўная і вучнёўская моладзь.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа