Пошук

10.09.2010 15:07   Ілья Лапато / Catholic.by

Літоўскі рэжысёр Айдас Маркаўскас на кінафестываль «Magnificat-2010» у Глыбокае прывёз карціну, якая распавядае пра падрыхтоўку і правядзенне міжнароднай сустрэчы Taize у Вільнюсе 1–3 мая 2009 года. Фільм вытворчасці Jano studija, выпушчаны пад назвай «Вусны, стуленыя для маўчання», задзейнічаў у здыманні і некаторых беларускіх пілігрымаў.

Пра тое, як здымаўся фільм, а таксама пра ўсё, што засталося за кадрам, рэжысёр разам з Даляй Мацевічутэ, адной з арганізатараў міжнароднай экуменічнай сустрэчы ў Вільнюсе, расказалі ў інтэрв’ю Сatholic.by.

— Наколькі складана было пісаць сцэнарый і кіраваць здымкамі?

Айдас Маркаўскас: Ужо ў самым пачатку я ведаў, што хачу зрабіць: паказаць сустрэчу маладога чалавека з Богам. Фільм складаецца з некалькіх частак. Адна з іх — момант сустрэчы пілігрымаў з сем’ямі, у якіх яны будуць жыць. Атрымалася так, што пілігрымы, якіх мы выбралі для здымання гэтай часткі — з Беларусі. Яны малайцы! Я лічу, гэты момант удаўся: вельмі шчырая, вельмі жывая атрымалася гэта сустрэча ў кадры.

—  Што найбольш здзівіла падчас здымання?

Айдас Маркаўскас: Вельмі спадабаўся эпізод, калі гаспадар вядзе пілігрымаў у дом. У дзвярах стаіць яго жонка з дзіцём на руках. Мужчына, нічога не кажучы, бярэ дзіця ў жонкі, каб яна змагла прывітаць гасцей. Гэты момант прымусіў задумацца: у нечым тут назіраюцца адносіны і Бога з намі. Бог, як бацька, — Яму не патрэбны словы: Ён проста бярэ нас на рукі. Тут не патрэбны словы, бо гэта сустрэча любові, бацькоўскай любові са сваімі дзецьмі. Часам здараецца падобнае адчуванне: здаецца, і хочаш нешта сказаць Богу, а маўчыш. Маўчыш, бо ў цішыні можна сказаць ячшэ больш.

— Як жыве Вільнюс сёння, пасля Тэзэ?

Айдас Маркаўскас: Кожныя тры гады ў нас праходзяць уселітоўскія дні моладзі. Апошні раз там сабралася каля 5 тысяч чалавек. Пасля арганізацыі сустрэчы Тэзэ ў Вільнюсе ўзнікла прапанова працягнуць гэтую практыку і правесці рэгіянальныя сустрэчы Літвы ў духу Тэзэ. І прапанова знайшла водгукі. Летась такія сустрэчы арганізоўваліся штомесяц. І нас вельмі радуе, што такая практыка працягнецца і сёлета.

Даля Мацевічутэ: Наша асноўная задача падчас падрыхтоўкі сустрэчы з братамі Тэзэ была ў тым, каб зрабіць Касцёл жывым, каб людзі кожны дзень наведвалі касцёл, каб іх вера была жывая, каб яны былі часткай парафіі. Мэта — захаваць і развіваць далей імпульс, адтрыманы ад Тэзэ. Некаторыя парафіі перад падрыхтоўкай арганізоўвалі адмысловыя духоўныя сустрэчы-практыкі для моладзі — спецыяльныя малітвы штомесяц. Самае цікавае, што і сёння, калі Тэзэ прайшло, такія малітоўныя практыкі працягваюць жыць. І гэта цудоўна!

— А як адрэагавалі ўлады Вільнюса на правядзенне ў цэнтры горада сустрэчы Тэзэ?

Даля Мацевічутэ: Мы правялі вельмі вялікую папярэднюю працу. Тэрмін сустрэчы выбіралі адмыслова, уладаў горада папярэджвалі загадзя. Тым не менш, без спрэчак не абышлося: паралельна з гэтым мерапрыемствам у мэрыю паступалі прапановы ад іншых арганізацый, якія на гэты ж час на гэтым жа месцы планавалі іншыя мерапрыемствы. Мы ж хацелі заняць увесь цэнтр, плюс паркі, універсітэты, школы. Трэба было ўсё разлічыць: транспарт, рух, узровень шуму. Але з той прычыны, што ў тым годзе ішла падрыхтоўка да тысячагоддзя Літвы, то сустрэчу Тэзэ мы прымеркавалі да гэтай падзеі. Таму ў выніку мэрыя пайшла нам насустрач.

— Сустрэча Тэзэ ў Вільнюсе была чаканай падзеяй для многіх маладых людзей з усходняй Еўропы. Каму прыйшла гэтая ідэя і хто займаўся яе рэалізацыяй?

Даля Мацевічутэ: Ідэю правядзення сустрэчы Тэзэ менавіта ў Вільнюсе прапанаваў наш арцыбіскуп, кардынал Бачкіс, фундатар моладзевага цэнтра Вільнюскай архідыяцэзіі. Ідэя ў іерарха ўзнікла тры гады таму: ён хацеў, каб архідыяцэзія атрымала новы духоўны імпульс. Аднак спачатку кардынал планаваў правесці еўрапейскую сустрэчу... У той час мы якраз наведалі Тэзэ ў Францыі і расказалі пра ідэю брату Робу, які адказвае за кантакты з Літвой. Ён накіраваў нас да прыёра — брата Алоіза, з якім мы абмеркавалі верагоднасць такой сустрэчы. Было вырашана, што можна паспрабаваць зрабіць рэгіянальную сустрэчу. Праца распачалася за год — вясной 2008 года. Трэба было распрацаваць план, прадумаць фінансавы бок. Уся гэтая праца была даручана нашаму моладзеваму цэнтру. Каштоўны вопыт атрымалі ад дыяцэзіі з Кёльна, дзе раней праходзіў дзень моладзі.

Яшчэ адна асаблівасць: гэтую сустрэчу арганізоўвала сама моладзь. Першы раз усёй падрыхтоўкай кіравалі мы самі, хоць, вядома, не без дапамогі і парадаў братоў з Тэзэ. Мы думалі: было б добра, каб хоць палова пілігрымаў была расселена па сем’ях. Атрымалася ж так, што ўсе пілігрымы начавалі ў сем’ях. Былі нават сем’і, якім пілігрымаў не хапіла…

Для нас вельмі важна было наладзіць кантакты. Гэтая сустрэча дапамагла паяднаць католікаў, праваслаўных, пратэстантаў… Сустрэча была экуменічная, таму кожная канфесія старалася ўдзельнічаць і распрацаваць праграмы для вернікаў розных веравызнанняў. І мы засталіся сябрамі і па сёння.

— Дзякуй за размову!

Размаўляў Ілья Лапато

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа