Пошук

24.08.2010 17:10  

Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Браславе (Віцебская дыяцэзія), якія адбываліся 21–22 жніўня, ардынарый дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку біскуп Кірыл Клімовіч распавёў пра сваё служэнне ў размове з Catholic.by. Восем год таму іерарх пакінуў Беларусь, але заўсёды памятае ў малітве святароў, законнікаў, законніц і люд верны, якія з’яўляюцца жывым Касцёлам нашай краіны.

— Ваша Эксцэленцыя, дыяцэзія ў Іркуцку здзіўляе сваімі абшарамі і нацыяльнальным каларытам. Як выглядае праца на гэтых землях?

— Дыяцэзія Святога Юзафа ў Іркуцку — самая вялікая па тэрыторыі ў свеце. Яна ахоплівае 10 мільёнаў квадратных кіламетраў. Рэлігійныя аб’яднанні Іркуцкай вобласці адносяцца да 21 канфесіі і дэнамінацыі. Праца ёсць заўсёды, ды і католікі ёсць усюды. Сярод іх не толькі ўраджэнцы Беларусі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Літвы, але таксама ўжо і мясцовыя жыхары: бураты, якуты. Яны самі добраахвотна хочуць вызнаваць гэтую веру.

— Хто працуе разам з Вамі? Ці дастаткова душпастыраў?

— Святароў няшмат. На сённяшні дзень працуюць 45 святароў, 68 сясцёр законных. Дзякуючы Богу, ёсць пакліканні, і пры гэтым найбольш да законнага жыцця. З іншага боку гэта вельмі добра, бо калі хтосьці мяняе месца служэння, супольнасць забяспечвае замену.

— Вы адзначылі, што пакліканні да святарства ёсць. Ці шмат іх?

— Пакліканняў няшмат. Аднак калі параўноўваць з іншымі краінамі і браць пад увагу колькасць католікаў, то сітуацыя нядрэнная. На сённяшні дзень у нас няма ніводнага дыяцэзіяльнага семінарыста, бо ўсе належаць да пэўнай законнай супольнасці. Навучаюцца будучыя святары ў Санкт-Пецярбургу, а таксама ў Польшчы, Італіі.

— Ці ёсць у даручанай Вам дыяцэзіі духоўныя ўстановы, перш за ўсё, семінарыі?

— Расія падзелена на чатыры дыяцэзіі з цэнтрамі ў Маскве, Навасібірску, Саратаве, Іркуцку. Для ўсіх чатырох дыяцэзій ёсць адна семінарыя ў Санкт-Пецярбургу.

— Вы кажаце, што парафіі знаходзяцца вельмі далёка адна ад адной. Колькі часу можа займаць візітацыя?

— Візітацыя працягваецца прыкладна тыдзень. Супольнасці невялікія, але еду да ўсіх. Парафіі раздзяляюць вялікія адлегласці, таму дабіраюся да іх самалётам. У Іркуцку я працую восьмы год і ўжо па некалькі разоў быў у кожным дэканаце. Усяго ж налічваецца пяць дэканатаў: Іркуцкі, Якуцкі, Краснаярскі, Уладзівастоцкі, Магаданскі.

У мінулым годзе, калі адзначаў 10-годдзе біскупскай сакры, атрыманай у мінскай архікатэдры, мне ўдалося сабраць у Іркуцку ўсіх сваіх святароў і законніц на канферэцыю, прымеркаваную таксама і да юбілею сакры. Канферэнцыя працягвалася амаль тыдзень, і ўсе цешыліся, што маглі быць разам.

— Хто дапамагае праводзіць катэхізацыю? Ці ёсць свецкія асобы, зацікаўленыя ў гэтай справе?

— Безумоўна, катэхізацыю праводзяць святары і сёстры законныя. Аднак катэхізуюць і свецкія людзі. У маёй дыяцэзіі каля ста чалавек прайшлі спецыяльную 5-гадовую падрыхтоўку. Ва Уладзівастоку, Іркуцку і Хабараўску ёсць адпаведныя ўстановы. Выкладаць прыязджаюць святары таксама з-за мяжы. Таму катэхізатары атрымліваюць належную падрыхтоўку і ўсе неабходныя веды.

— Калі супаставіць колькасць парафій і святароў?..

— Адзін святар можа абслугоўваць чатыры, пяць і нават шэсць парафій. Парафіі, як я ўжо казаў, на вялікай адлегласці, але святары стараюцца быць усюды. У Краснаярскім дэканаце, напрыклад, працуюць два маладыя святары, якія адзін-два разы на месяц даязджаюць у 18 пунктаў. Парафіі невялікія. Не ўсе моляцца ў касцёлах, шмат капліц, святыя Імшы адпраўляюцца і па дамах. Аднак тэндэнцыя да павелічэння парафіяльных супольнасцяў ёсць. Шмат вернікаў дарослага ўзросту прыступаюць да сакрамэнту хросту і Першай святой Камуніі. Ужо і дзеткі ёсць, якія, можна сказаць, выраслі ў Касцёле.

— Ваша Эксцэленцыя, вернікі Беларусі помняць Вас найперш як руплівага святара, які заўсёды з разуменнем падыходзіў да людскіх праблем і цяжкасцяў. У часы Вашага служэння ў мінскай архікатэдры да Вас многія прыязджалі на споведзь, бо ведалі, што амаль кожны вечар Вы былі ў канфесіянале. Некалькі словаў для душпастыраў, а таксама людзей, якім Вы служылі доўгія гады тут, у Беларусі...

— Жадаю ўсяго найлепшага душпастырам, якія нясуць служэнне ў Беларусі, і мясцовым вернікам. Да сустрэчы! Не толькі ў Беларусі, але і ў Іркуцку!

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа