«Сёння людзі шукаюць веры, таму Касцёл не можа спаць, ён павінен своечасова даць адказ на гэтае запатрабаванне», — паведаміў у размове з агенцтвам KAI Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Беларускі іерарх называе веру практыкуючых католікаў з Беларусі моцнай, непавярхоўнай, якая базуецца на традыцыі.
— Ці па-ранейшаму Касцёлу ў Беларусі неабходна дапамога звонку?
— Так, асабліва цяпер, калі мы атрымліваем дастаткова многа дазволаў на будаўніцтва касцёлаў, перш за ўсё ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Неабходна таксама кадравая дапамога, бо ў нас па-ранейшаму недастаткова святароў. 20 год таму было каля 60 святароў — ураджэнцаў Беларусі, сёння іх каля 290. Увогуле ў нас працуе 460 святароў, і па-ранейшаму трэцяя частка з іх паходзіць з-за мяжы. Падобная сітуацыя і з законнымі сёстрамі.
— Шаноўны арцыбіскуп, як Вы ацэньваеце рэлігійнасць жыхароў Беларусі пасля 20 год атрымання рэлігійнай свабоды?
— У першыя гады наступіў рэлігійны бум. Сёння трэба даглядаць і развіваць тое, што ўжо дасягнулі. Мы бачым, што секулярызацыйныя цячэнні прыходзяць і да нас, хоць, можа, не з’яўляюцца такімі моцнымі, як на Захадзе...
Праблемай з’яўляецца тое, што ў Мінску ўсяго толькі чатыры касцёлы. Гэта вельмі мала, трэба будаваць яшчэ. У нас ёсць восем пляцовак пад будаўніцтва новых касцёлаў, паўсталі ўжо чатыры капліцы.
Нядаўна, 1 і 2 ліпеня, адбываліся ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай з удзелам тысяч людзей, што вельмі рэдка сустракаецца на нашай зямлі. З мінскай архікатэдры на працягу пяці дзён у гэтае месца ішла ў пілігрымцы група з 400 маладых людзей, з Баранавіч — яшчэ больш дзён. Для іх гэта быў не толькі час малітвы і разважання, алі і сведчанне для іншых людзей.
Пілігрымкі вельмі добра арганізаваны, наперадзе едзе міліцыя, з тылу — хуткая дапамога. Уражвае вялікая зацікаўленасць моладзі, якая, з аднаго боку, жыве сваім жыццём, а секулярызацыйныя цячэнні найбольш адбіваюцца менавіта на ёй, а з іншага — шукае. З 31 ліпеня па 1 жніўня ў Івянцы адбывалася малітоўная сустрэча моладзі. Я заўсёды найперш прамаўляю да іх на пэўную тэму, а потым яны задаюць мне пытанні. Да гэтага трэба быць добра падрыхтаваным, бо задаюць такія пытанні, што мне неабходна добра падумаць, каб на іх адказаць. Але я вельмі задаволены, што моладзь задае іх.
Працэсія Божага Цела ў Мінску сёлета сабрала каля 12 тысяч чалавек. Прайшла па цэнтральных вуліцах. Алтары стаялі на плошчы Перамогі, дзе гарыць вечны агонь, насупраць Палацу Рэспублікі, каля Чырвонага касцёла і каля архікатэдры. Гэта пакідае ўражанне і з’яўляецца сведчаннем. Улады не маюць нічога супраць гэтага.
Сёння людзі шукаюць веру, таму Касцёл не можа спаць, ён павінен своечасова даць адказ на гэтае запатрабаванне, бо потым будзе позна.
Бачна, што тыя, хто ходзіць у касцёл, хто рэгулярна прымае ўдзел у набажэнствах, маюць моцную веру, што яна ўзрастае, што яны шукаюць адказаў на шматлікія пытанні, якія нясе сённяшні свет. Бачна, што чытаюць Святое Пісанне. У многіх парафіях архідыяцэзіі праводзяцца біблейскія курсы, якія маюць вялікую папулярнасць.
Бачна, што вера людзей не павярхоўная. Цешыць мяне тое, што яна базуецца не толькі на ведах, набытых у кнігах, — а сёння мы маем рэлігійную літаратуру як на рускай, беларускай, так на польскай мовах — але таксама на традыцыі. Я прыхільнік спалучэння таго, што старое і новае. Тое «старое» з’яўляецца надзвычай важным. Дзякучы такой простай малітве, як Ружанец, людзі захавалі веру і перадалі яе наступным пакаленням. Я сам так вучыўся веры. Не было тады катэхетак. Бабуля збірала людзей і памаленьку вучыла іх. Але я бачыў на малітве сваіх бацькоў. Хоць не было святара, але ў нядзелю ішлі ў касцёл. Не было каму цэлебраваць святой Імшы, але маліліся літаніі, Ружанец, праводзілі Крыжовы шлях.
Сёння часта гэтага не хапае. Бацькі не вядуць дзяцей у касцёл. Некалі ўбачыў з якім задавальненнем бацькі з дзіцём ехалі рана ў нядзелю ў Палац спорту, каб пагуляць у хакей. Гэты спорт у нас модны, бо Прэзідэнт ім займаецца. Але ці з такой жа энергіяй бацькі вядуць дзіця ў касцёл? На жаль, не заўсёды.
— З нагоды нядаўняга візіту Патрыярха Кірыла ва Украіну было адзначана, што ён, Маскоўскі Патрыярх, мае намер прыняць тытул таксама Кіеўскага Патрыярха, каб такім чынам паказаць, што Руская Праваслаўная Царква не з’яўляецца толькі рускай, але мае паўсюдны характар, так, як Каталіцкі Касцёл. Ці адчуваюцца ў Беларусі падобныя тэндэнцыі?
— Пра гэта казалі розныя мас-медыя. Ёсць таксама інтэрпрэтацыі. Але ці казаў пра гэта сам Патрыярх? Я такіх слоў не чуў. Патрыярх Маскоўскі нават зрабіў заяву, што не мае такога намеру.
Вядома, што ёсць 15 незалежных праваслаўных Цэркваў, якія прызнаюць адна адну. Напрыклад, Канстанцінопальскі Патрыярхат не абмяжоўваецца толькі Турцыяй, большая частка яго вернікаў жыве ў Амерыцы. Яго юрысдыкцыя дзейнічае там, дзе жывуць вернікі...
У Беларусі пра гэта гаворка не ідзе, прынамсі я не чуў. Беларусь — гэта ціхая рэспубліка, спакойная. Адносіны з Праваслаўнай Царквой вельмі добрыя, канструктыўныя, у многім прысутнічае ўзаемная дапамога, мы супольна арганізуем канферэнцыі, праводзім дабрачынныя праграмы.
— Патрыярх Кірыл быў у Беларусі ў мінулым годзе. А якія шансы на візіт папы Бэнэдыкта XVI?
— Пакуль што адносна гэтага нічога не вядома. Прэзідэнт і Канферэнцыя Біскупаў выслалі запрашэнні. Неабходна чакаць адказ Апостальскай Сталіцы. Папа сказаў: «Калі Пан Бог адчыніць мне дзверы, то я праз іх увайду». Трэба маліцца, каб гэтыя дзверы адчыніліся.
— Можа, гэта звязана з канкардатам з Ватыканам... На якім этапе знаходзіцца праца над гэтым дакументам?
— Працы над ім трываюць. Не магу нічога больш сказаць, бо гэтая справа не ў маёй кампетэнцыі. Ёй займаецца Апостальская нунцыятура. Маю надзею, што гэтая дамова будзе падпісана. Не мае значэння, што тут ідзе гаворка не пра канкардат. Гэта павінна быць пагадненне паміж Беларуссю і Апостальскай Сталіцай.