Санктуарый Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай у Тракелях штогод прымае шматлікіх пілігрымаў. Ушанаваць Панну Марыю ў цудоўным абразе, каранацыя якога адбылася ў 2009 г., вернікі прыязджаюць не толькі ў галоўныя ўрачыстасці, але і на працягу года. Пра асаблівасці сёлетняга святкавання і многае іншае чытайце ў інтэрв’ю з рэктарам санктуарыя кс. Паўлам Галінскім.
— Ксёндз Павел, скажыце, калі ласка, колькі гадоў Вы ўжо прымаеце пілігрымаў у нашым дыяцэзіяльным санктуарыі?
— У Тракелях я працую ўжо дзесяць гадоў і заўжды з радасцю вітаю пілігрымаў, якіх чакае таксама ўся нашая парафія. Застаўся месяц да ўрачыстасці, таму мы рыхтуемся, каб як мага лепш прыняць пілігрымаў.
— Скажыце, калі ласка, ці прытрымліваюцца пастаяннай даты штогадовыя начныя чуванні ў Тракелях і калі яны праходзяць каля цудоўнага абраза Маці Божай Тракельскай?
— Чуванні заўсёды адбываюцца ў першую пятніцу пасля 2 ліпеня. 2 ліпеня некалі святкаваліся Адведзіны Найсвяцейшай Панны Марыі, таму мы заўсёды прытрымліваемся гэтай даты. 2 ліпеня сюды прыходзіць мноства людзей. Хоць гэта парафіяльны адпуст, але шмат вернікаў прыязджае таксама з Ліды, Воранава, Вільні і з іншых мясцовасцяў. У першую ж пятніцу пасля 2 ліпеня сюды прыходзяць пілігрымы. У гэтым годзе так склалася, што 2 ліпеня прыпадае на пятніцу і таму да поўдня мы будзем адзначаць парафіяльны адпуст, а ўжо пасля абеду чакаем пілігрымаў з нашай дыяцэзіі.
— Ксёндз Павел, год таму адбылася каранацыя абраза Маці Божай. Ці шмат людзей прысутнічала на гэтых урачыстасцях?
— Падчас мінулагодніх урачыстасцяў было раздадзена каля 20 тысяч святых Камуній, а ў галоўнай святой Імшы прынялі ўдзел звыш 25 тысяч вернікаў.
— Колькі пілігрымаў Вы чакаеце ў гэтым годзе?
— Ёсць 6 пастаянных груп з найбольшых рэлігійных цэнтраў дыяцэзіі, якія кожны год ідуць да нас пешшу. Заўсёды прыбываюць некалькі аўтобусных пілігрымак з паасобных парафій. Усяго збіраецца звыш 10 тысяч вернікаў, якія прагнуць выказаць пашану Божай Маці. З раніцы прыходзіць шматлікая пілігрымка з Воранава. На галоўную святую Імшу ў нашым санктуарыі прыбывае ўжо каля тысячы вернікаў.
— Ксёндз Павел, раскажыце, калі ласка, што адбываецца ў нашым санктуарыі на працягу года? Ці прыходзяць сюды пілігрымкі ў іншы, акрамя ліпеня, час?
— З першым цяплом пачынаюць прыязджаць пілігрымкі, сем’і і паасобныя вернікі. У маі, калі ў парафіях маленькія вернікі прыступаюць да Першай святой Камуніі, прыбывае шмат дзяцей, каб падзякаваць за першую споведзь, за прысутнасць у іх жыцці Езуса. Шмат дарослых наведвае наш санктуарый. Не раз у звычайныя нядзелі прыходзяць пешшу з Ліды па дзве-тры асобы на святую Імшу, да споведзі, а пазней яны вяртаюцца аўтобусам. Існуе рух невялікіх груп пілігрымаў. Шмат людзей з іншых парафій прыязджае на нядзельную святую Імшу. Я ведаю кожнага свайго парафіяніна ў твар, таму бачу, калі ў касцёле прысутнічаюць новыя людзі. Прыбывае шмат цяжарных жанчын, часта — з сем’ямі. Я заўсёды стараюся ўдзяліць ім спецыяльнае благаслаўленне. Шмат інтэнцый складаецца перад абразом Маці Божай: аб добрым і шчаслівым нараджэнні дзіцятка, аб дары мацярынства. Пасля каранацыі абраза сямейная форма пілігрымавання значна ўзрасла.
— Біскуп надаў Маці Божай Тракельскай тытул Каралевы нашых сем’яў. Ці шмат сем’яў наведвае Тракелі?
— Трэба падзякаваць Богу... Прыязджаюць як маладыя сем’і, так і сужэнцы старэйшага ўзросту. Я лічу, што ўсё гэта ідзе ў добрым накірунку і будзе развівацца. Тут людзі атрымліваюць ласкі і адчуваюць матчынае цяпло Марыі, яе любоў. Людзі прыязджаюць да Маці Божай са сваімі надзеямі і радасцямі.
— Вы ўзгадалі пра пешыя і аўтобусныя пілігрымкі. А ці адбываюцца ў Тракелі пілігрымкі на веласіпедах?
— З навакольных парафій на веласіпедах часта прыязджаюць міністранты. Гэта нас вельмі радуе.
— Ксёндз Павел, што чакае пілігрымаў у гэтым годзе ў Тракелях? Ці быў зменены план начнога чування?
— Праграма ўрачыстасцяў амаль не змянілася, будзе як і кожны год. Дэвіз сёлетняй сустрэчы — «Каралева нашых сем’яў — Маці пакліканняў». Мы будзем разважаць пра таямніцу святарскага паклікання перад абліччам Найсвяцейшай Маці — Каралевы і Маці пакліканняў, якая выпрошвае гэтую ласку. Кожны з нас павінен адкрыць сваё пакліканне і пачуць, чаго хоча ад яго Бог.
— Ці будуць прысутнічаць ганаровыя госці на галоўных урачыстасцях у Тракелях?
— На ўрачыстасць запрошаны біскупы з Беларусі і, напэўна, прыбудуць госці з-за мяжы.
— Можа, у Вас як у рэктара санктуарыя ёсць якія-небудзь просьбы, можа, Вы хацелі б паінфармаваць аб чым-небудзь пілігрымаў?
— Я сардэчна ўсіх запрашаю і чакаю.
— Ксёндз Павел, а якое будзе надвор’е ў гэтым годзе?
— Надвор’е будзе нядрэннае. Кожнае надвор’е спрыяльнае: ці дождж, ці сонца — усё на хвалу Божую...
Паводле матэрыялаў сайта газеты «Слова Жыцця»