Пошук

20.05.2010 11:22  

Ужо шосты год падрад напярэдадні міжнароднага Дня абароны дзяцей, што адзначаецца 1 чэрвеня, у Мінску праходзіць канцэрт-акцыя «У абарону жыцця!». Вашай увазе прапануем інтэрв’ю з рэжысёрам праекта Аленай Вячэрскай.

— Як Вы сталі рэжысёрам канцэрта «У абарону жыцця!»?

— Маім першым сур’ёзным праектам быў канцэрт, прысвечаны Дню Рэфармацыі, што адбыўся ў 2003 г. Было вырашана паставіць мюзікл «Залаты век» аб Рэфармацыі XVI ст. у ВКЛ, а мне прапанавалі рэжысуру. Пасля гэтага дэбюта у 2006 годзе я была рэжысёрам канцэрта-акцыі «У абарону жыцця!». Першы канцэрт праходзіў у клубе «Рэактар» у 2005 годзе. Аднак на наступны год арганізатары вырашылі змяніць фармат акцыі і правесці яе на вялікай сцэне. Я прапанавала таксама змяніць і тэматыку канцэрта — не «супраць абортаў», а «за жыццё» — і гаварыць пра каштоўнасці сям’і і пра дзяцей. Такім чынам, з 2006 года я рэжысёр акцыі.

— Ці ўдасканальваецца праграма канцэрта? Вы пачыналі з песеннага рэпертуара, затым мюзікл...

— Так, безумоўна. Першыя праграмы — гэта творчы пошук, спроба знайсці лепшыя формы. Стараючыся адысці ад акадэмічнасці, мы стварылі дамашнюю атмасферу на канцэрце, і вядучымі, у асноўным, былі сем’і музыкантаў.

У другую частку канцэрта ўваходзілі сольныя праграмы якой-небудзь музычнай групы («Новый Иерусалим», «Спасение», «Антивирус» і інш.). Праз два гады дадаўся конкурс дзіцячых малюнкаў «Свет з марай», таму першая частка канцэрта цяпер звязана з тэматыкай конкурсу (падводзяцца вынікі, узнагароджваюцца пераможцы). Мы стараемся ўзрастаць прафесійна. У мінулым годзе спецыяльна да канцэрта быў напісаны музычны спектакль «Маё сэрца б’ецца».

— Як і ў каго нарадзілася ідэя гэтага мюзікла?

— Ідэя пастаноўкі ўзнікла ў мяне яшчэ ў 2006 годзе, пасля першага ўдзелу ў праекце «У абарону жыцця!». Я стала вельмі шмат думаць аб праблеме ненароджаных дзяцей. Узнікла жаданне нейкім чынам паказаць дарослым, што дзеці вераць у тое, што іх любяць і з нецярплівасцю чакаюць іх нараджэння. Узнікла жаданне данесці тое, як малышы мараць сустрэцца са сваімі бацькамі. І я ўдзячна Богу, што Ён дапамог ажыццявіць гэту ідэю. Разам з Дар’яй Шэінай мы працавалі над сцэнарыем. Яна напісала цудоўныя вершы да песень, а я — музыку. Наш сябар Павел Харланчук узяўся за рэжысуру, а таксама сыграў галоўную ролю са сваёй жонкай Ганнай. Вельмі сімвалічным было тое, што Аня ў той час была цяжарная.

— Ці з’яўляюцца героі мюзікла прататыпамі рэальных людзей?

— Не, гэта выдумка. Мы хацелі паказаць, што ненароджаныя дзеці створаны не выпадкова, у кожнага дзіцяці свая місія на зямлі. Яны (...) з нецярплівасцю чакаюць свайго «выпускнога». Аднак, на жаль, не ўсе бацькі гатовы прыняць іх, бо не ўсведамляюць, што дзеці — гэта Божы дар, і мы павінны берагчы і абараняць іх жыццё.

— Вы ведаеце людзей, якія пасля прагляду спектакля захавалі жыццё сваім малышам?

— Размаўляючы з людзьмі пасля канцэрта, я даведалася, што многія прынялі ідэю спектакля блізка да сэрца і сталі задумвацца. Падчас мюзікла гледачы плакалі. Тое ж адчувалі і ўдзельнікі спектакля, калі ўпершыню пазнаёміліся з яго зместам. Хлопчык, які выконваў ролю Патрыка, даведаўся, што па сцэнарыю ён павінен памерці і не нарадзіцца, не мог апамятацца і плакаў тры дні. Маленькі акцёр не мог змірыцца з такой несправядлівасцю. Упершыню ў жыцці ён сутыкнуўся з праблемай абортаў і перажыў шок.

Мы выпусцілі DVD-версію мюзікла і не думалі, што атрымаем столькі водгукаў. Я веру, што калі мы зможам уберагчы хаця б адну жанчыну ад неабдуманага кроку, то мы ўжо дасягнулі мэты.

— У гэтым годзе з’явіўся працяг гісторыі. Раскажыце пра гэта больш падрабязна.

— Так, новы музычны спектакль называецца «Увага! Жыццё!». Ён з’яўляецца працягам гісторыі Кастуся і Ганны з мюзікла «Маё сэрца б’ецца». Маладыя, здольныя і поўныя энергіі, у пачатку свайго сямейнага жыцця яны стаяць перад выбарам: дзіця або кар’ера. Прайшоў час, і вось яны ўжо бацькі трох дачок, аднак... гісторыя паўтараецца. Іх старэйшая дачка, Алёнка, разам з мужам Міхасём стаіць перад тым жа выбарам...

У спектаклі прадстаўлены дзеці, падлеткі, моладзь і бацькі. Асноўная мэта — паказаць, наколькі з узростам мяняецца разумення дабра і зла. Дзеці чыстыя і таму бліжэй да ісціны. Падлеткі ўжо пачынаюць хітраваць. Моладзь жыве для сябе. Бацькі, якія маюць жыццёвы вопыт, дапамагаюць сваім дарослым дзецям не паўтараць іх памылкі.

На гэты раз у мюзікле прымаюць ўдзел зоркі: усе акцёры — прафесіяналы, чыё выкананне не можа пакінуць абыякавымі ніводнага гледача. Павел і Ганна Харланчукі ў галоўных ролях. Рэп-група «Честное Слово» — асноўныя музыканты праекта.

— Чаго Вы чакаеце ад новага спектакля?

— Я жадаю, каб новы мюзікл яшчэ раз звярнуў увагу гледача на каштоўнасць жыцця, а таксама дапамог падлеткам сур’ёзна задумацца аб праблеме абортаў. Мару аб тым, каб як мага больш людзей змагло паглядзець тэле- і відэаверсіі мюзікла.

Размаўляла Вольга Зробак

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця