Пошук

15.04.2010 15:02  

Што такое касцёльны суд, адкуль ён бярэ свае карані, чым займаецца і ці можа памыляцца — высвятляў у размове з кс. Віталіем Гальцом, афіцыялам біскупскага суда Віцебскай дыяцэзіі, кс. Віктар Місевіч.

— Ксёндз Віталій, што такое касцёльны суд? Для чаго ён быў створаны і якія яго мэты і задачы?

— Касцёльны суд рэгулюе жыццё вернікаў, калі яны маюць перашкоды, напрыклад, у карыстанні з сакрамэнтаў і не толькі. Касцёльны суд можа разгледзець любую сітуацыю вернікаў і духавенства, калі яна суправаджаецца нейкай юрыдычнай спрэчкай, не можа быць вырашана без судовага разбіральніцтва і знаходзіцца ў плоскасці Кананічнага Права. Тады ісцец звяртаецца ў суд, прадстаўляе суддзі сваю просьбу альбо скаргу, у якой просіць вырашыць пытанне.

Для Касцёла ў Беларусі такая інстытуцыя, як касцёльны суд, — з’ява адносна новая. Але ў партыкулярных Касцёлах тых краін, якія не зведалі атэістычнага пераследу, такія ўстановы існуюць і дзейнічаюць здаўна.

— Што Вы можаце сказаць пра гістарычныя карані судовага справаводства ў Каталіцкім Касцёле?

— Касцёл атрымаў у спадчыну юрыдычную сістэму Рымскай імперыі. Рымскае права з’яўляецца фундаментам сённяшняй юрыдычнай сістэмы Еўропы і Касцёла. Але трэба памятаць, што вяршыняй права Касцёла ёсць Хрыстус (Finis Legis Christus).

— Мне чамусьці здаецца, што не вельмі дасведчаныя ў касцёльным жыцці людзі могуць успрымаць касцёльных суддзяў як сучасных інквізітараў. Ці так гэта?

— Не, зусім наадварот. Суд — гэта следчы працэс, у якім толькі на аснове фактаў сцвярджаецца, напрыклад, важнасць або няважнасць сужэнства.

— Раскажыце, калі ласка, як структурна выглядае біскупскі суд?

— Суд — гэта суддзі, натарыусы, абаронца сужэнскага саюза, адвакаты, псіхолагі і прамотар справядлівасці. Кожную справу разглядаюць мінімум тры суддзі, якія выносяць вотум — рашэнне аб сцвярджэнні важнасці або няважнасці сужэнскага саюза. Кожны суддзя павінен мець маральную ўпэненасць, аддаючы свой голас ў канкрэтнай справе.

— Думаю, што для патэнцыяльных істцоў суда будзе цікава даведацца, як доўга разглядаюцца справы ў Вашай установе.

— Першая інстанцыя — 1 год, другая інстанцыя — 6 месяцаў.

— Вядома, што ў любой справе, калі яна толькі пачынае развівацца, непазбежны цяжкасці і, магчыма, памылкі. Што, на Вашу думку, трэба яшчэ ўдасканаліць у касцёльным судзе Віцебскай дыяцэзіі?

— Перш за ўсё патрэбны адукаваныя людзі. Сёння не хапае менавіта добрых кадраў.

— Касцёльны суд займаецца пераважна сужэнскімі справамі. Чым адрозніваецца вердыкт у каталіцкім судзе ад прысуду ў судзе свецкім?

— Вядома, што Касцёл не прызнае разводаў. Касцёл не разводзіць, а сцвярджае важнасць або няважнасць сужэнства. Для пацвярджэння няважнасці сужэнства могуць быць узяты пад увагу толькі тыя факты, якія папярэднічалі сакрамэнту сужэнства або мелі месца падчас яго ўдзялення, у момант прысягі. Таму такія вердыкты, як, напрыклад, несумеснасць характараў, на падставе чаго разводзяць у свецкім судзе, выглядаюць смешна, бо ніхто не падбірае для стварэння сям’і нарачоных з аднолькавымі характарамі. Усе мы розныя і, ствараючы сям’ю, бяром на сябе абавязак трываць у любові, вернасці, еднасці і выхоўваць патомства, якім адорвае Пан Бог. Дадзеныя абяцанні нарачоныя прысягаюць выконваць ажно да смерці аднаго з сужэнцаў.

— У Кодэксе Кананічнага Права Каталіцкага Касцёла, на які непасрэдна абапіраецца Ваша праца, у апошнім каноне ёсць такія словы: Salus animarum — suprema lex (Збаўленне душ — найвышэйшы закон). Што з’яўляецца найвышэйшым дабром для істцоў па сужэнскіх справах: абвяшчэнне несапраўднасці саюза ці доказ яго сапраўднасці?

— Перш за ўсё гэта духоўная дапамога ў жыцці істца і юрыдычная — як вынік. Пацвярджэнне ж сапраўднасці або несапраўднасці саюза залежыць ад фактаў і праўдзівасці самога істца. Перш за ўсё трэба высветліць праўду. Праўда вызваляе і з’яўляецца найвышэйшым дабром для кожнага чалавека, і асабліва для веруючага.

— Падкажыце, калі ласка, куды найперш трэба звярнуцца верніку з Віцебскай дыяцэзіі, калі ён хоча ўрэгуляваць свае справы ў касцёльным судзе. З чаго яму пачынаць?

— Можна патэлефанаваць непасрэдна да мяне па наступных нумарах: +375 33 308 64 57 (МТС), +375 29 587 44 76 (МТС) або +375 44 483 36 54 (Velcom).

— Застаецца толькі пажадаць Вам і ўсяму калектыву касцёльнага суда Віцебскай дыяцэзіі плённай працы дзеля духоўнага дабра вернікаў. Дзякуй за размову!

Размаўляў кс. Віктар Місевіч

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця