Пошук

29.10.2009 16:08  

З 14 па 24 кастрычніка 2009 г. у Італіі адбываўся кінафестываль «Religion Today Filmfestival», на якім былі прадстаўлены работы рэжысёраў, што вызнаюць розныя рэлігіі свету. Мы папрасілі беларускага рэжысёра Юрыя Гарулёва, які прысутнічаў на кінафестывалі і ўваходзіў у склад журы, пракаментаваць гэтае мерапрыемства.

— Якую агульную ацэнку Вы можаце даць сёлетняму кінафестывалю? Якімі асаблівасцямі ён адзначаўся?

— Кінафестываль мае назву «Рэлігія сёння», і ў гэтым годзе ён быў ужо 12-м. На ім разглядаюцца працы прадстаўнікоў усіх рэлігій свету, таму можна нават казаць, што для кінафестывалю быў характэрны экуменізм у шырокім сэнсе гэтага слова. Фестываль праходзіў у Трэнта — прыгожым італьянскім горадзе са старажытнымі каталіцкімі традыцыямі. У мінулыя гады мы запрашаліся на кінафестываль як ганаровыя госці, а ў гэтым годзе з’явілася новая рыса: мы прымалі ўдзел у самой працы мерапрыемства. У Трэнта адбылося адкрыццё кінафестывалю, а затым удзельнікі накіраваліся ў Рым. Там, у сталіцы Італіі, сабраліся і тыя, хто ўдзельнічаў у так званым навучальным семінары.

— Што Вы можаце сказаць наконт прадстаўленых на кінафестывалі работ?

— Журы на кінафестывалі складалася з 5 чалавек. Некаторых удзельнікаў конкурсу, чые работы былі надзвычай добрымі, я запрасіў на кінафестываль асабіста. У цэлым жа на мерапрыемстве гледачам прапаноўваліся работы, якія заслугоўваюць вельмі высокай ацэнкі, і большасцю галасоў мы прысудзілі гэтым фільмам гран-пры.

— На кінафестывалі гледачам прапаноўваліся фільмы аўтараў, што вызнаюць розныя рэлігіі. Ці паўплывала гэта нейкім чынам на ход мерапрыемства? Можа, паспрыяла стварэнню нейкай асаблівай атмасферы?

— Сам кінафестываль праходзіў вельмі цікава, па-іншаму, чым у нас. Папярэдняя праца журы плаўна пераходзіла ў адкрыццё кінафестывалю, так што вынікі былі вядомы ўжо загадзя. Асаблівасцямі правядзення конкурсу ў гэтым годзе было тое, што конкурс быў адзіным для ўсіх аўтараў,незалежна ад іх веравызнання. Раней жа на кінафестывалі існавалі розныя намінацыі — асобная для кожнай рэлігіі. Сама атмасфера падчас мерапрыемства была надзвычай прыязнай і пазітыўнай, нягледзячы на такую, здавалася б, вялікую розніцу ў рэлігійных поглядах і геаграфічным паходжанні ўдзельнікаў. На кінафестывалі аднолькава добра адчувалі сябе хрысціяне, юдэі, мусульмане і будысты.

Дзякую за размову.

Размаўляла Анастасія Грышан

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця