Пошук

21.07.2009 19:15  
Пра тое, як пачыналіся «Сужэнскія сустрэчы» 5 гадоў таму, як выглядаюць сустрэчы ўдзельнікаў руху сёння і многае іншае чытайце ў інтэрв’ю з аніматарам руху Паўлам Кузьміцкім, якое прымеркавана да 5-годдзя існавання руху ў Беларусі.

— Павел, раскажыце, калі ласка, як усё пачыналася 5 гадоў таму ў Беларусі. У якім горадзе ўзнікла першая супольнасць руху? Хто быў яе мадэратарам?

— Ініцыятарам першых сустрэчаў у Беларусі была с. Рэната са Слоніма, якая і арганізавала першую з іх у лістападзе 2003 г. У якасці духоўных асобаў былі запрошаны кс. Конрад Патыка SVD і кс. Генадзь Кухарэвіч CSMA. Сярод тых сем’яў, якія прысутнічалі на сустрэчы, былі таксама мы з жонкаю. Мы вельмі глыбока перажылі гэтыя дні. У далейшых размовах паміж сабою зразумелі, што хацелі б далей працягваць гэтую справу.

— Раскажыце, калі ласка, як праходзяць такія сустрэчы і рэкалекцыі?

— Асноваю з’яўляюцца трохдзённыя закрытыя рэкалекцыі, на якія прыязджаюць сужэнцы ўдваіх — без дзяцей. Абавязковая ўмова — прымаць удзел у сустрэчы неабходна ад пачатку да канца. Праграма рэкалекцый накіравана на тое, каб прывесці сужэнцаў да дыялога, да спаткання адно з адным. Гэта спрыяе паглыбленню іх адносінаў і дапамагае лепш разумець адно аднаго. Тыя сужэнскія пары, якія пабывалі на рэкалекцыях і маюць жаданне ісці далей гэтым шляхам, паглыбляць сваю фармацыю менавіта ў гэтым накірунку, раз у месяц збіраюцца на т. зв. паслярэкалекцыйныя сустрэчы. Гэта — другая форма нашай працы. Падобныя групы ёсць у Баранавічах, дзве групы — у Мінску пры парафіі Маці Божай Ружанцовай (Серабранкаўскі дэканат), дзве знаходзяцца на стадыі фарміравання — пры капліцы ў Кунцаўшчыне і ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы. Гэтымі групамі апякуюцца адпаведна кс. Аляксандр Пісарук і сёстры дамініканкі.

— Падзяліцеся сваім асабістым вопытам: наколькі важна для сужэнцаў прымаць удзел у такіх сутрэчах? Напэўна, многія сужэнцы не адважваюцца да іх далучыцца, бо шкадуюць часу...

— Сапраўды, у людзей ёсць пэўная боязь, якая заснавана на недаверы. Незразумелае заўсёды адпуджвае. Таму, найчасцей, боязь выклікана тым, што нас не ведаюць, не ведаюць таксама, чым мы займаемся. Прычынаю можа быць таксама тое, што людзі мелі нейкі негатыўны вопыт у сутыкненні з пэўнымі рухамі, таму яны з асцярогаю адносяцца да ўсяго, што робіцца свецкімі ў Касцёле. Самым магутным прыцягальнікам з’яўляецца інспірацыя святара. Калі падчас прыватнай размовы святар раіць сям’і скарыстаць з гэтага станоўчага вопыту дзеля ўмацавання сужэнства, гэта дзейнічае. Таму большасць пар, якія прыязджаюць на рэкалекцыі, прыязджаюць дзякуючы размове са святаром або дзякуючы кантакту з аніматарамі ў выпадку блізкіх сувязяў з імі і асабістага даверу да іх. Людзі, якія пабывалі на рэкалекцыях, запрашаюць сваіх родных, блізкіх, сяброў. Аб’явы, расклееныя ў святынях ці іншых месцах, не такія эфектыўныя. Таму неабходна запрашэнне святароў або сведчанне тых сем’яў, якія ўжо пазнаёміліся з гэтым рухам. 95–98% сужэнскіх пар, якія пабывалі на рэкалекцыях, даюць сведчанне, што нават не ўяўлялі сабе, наколькі карысным будзе для іх гэты час. І гэта незалежна ад іх канфесіі і ступені рэлігійнасці. У дадзеным выпадку не патрабуецца нейкі ўзровень падрыхтоўкі. Напрыклад, калі мы часам хочам прыняць удзел у нейкіх рэкалекцыях, павінна быць пэўная база — веданне малітваў, Святога Пісання і г. д. Тут жа дастаткова таго, што людзі жывуць у сакрамэнтальным саюзе. Дастаткова тых праблемаў, якія яны перажываюць. Ужо гэта з’яўляецца базай для таго, каб прымаць удзел у рэкалекцыях.

— Тым не менш, на рэкалекцыях прадугледжаны час на малітву і цэлебрацыю святой Імшы?

— Абавязкова! Кожны дзень ёсць святая Імша. Пасля кожнай сустрэчы ёсць малітва. Мы, аніматары, разам са святарамі ацэньваем, колькі адводзіць часу на малітву. Улічваецца рэлігійнасць людзей. Мы даведваемся пра стаж іх сумеснага жыцця, пра тое, ходзяць яны ў Царкву або ў Касцёл. Усё гэта ўлічваецца, каб не зваліць раптам цяжар рэлігійнасці на людзей, далёкіх ад рэлігійных практык. Таму перад рэкалекцыямі мы размаўляем з жадаючымі прыняць у іх удзел, каб і самім ведаць, як святарам і нам, аніматарам, будаваць працу. Гэта значыць, што святары і аніматары павінны ў пэўным сэнсе адаптавацца да ўдзельнікаў, у залежнасці ад іх рэлігійнасці або стажу сумеснага жыцця.

— Калі гаварыць пра «стаж» сумеснага жыцця, ці мае ён значэнне, каб пара магла далучыцца да  руху «Сужэнскія сустрэчы», дзейнасць якога накіравана менавіта на ўмацаванне і паглыбленне сужэнскага саюзу, а часам — на яго адраджэнне?

— Самай маладой сям’і, якая далучылася да нашай супольнасці, быў адзін тыдзень, а самая старэйшая — пражыла разам больш за 30 гадоў. На нашу думку, гэтыя сустрэчы найбольш эфектыўныя для сужэнстваў, якія ўжо крыху пажылі разам, якія ўжо разумеюць цяжкасці сямейнага жыцця, якія ўжо штосьці перажылі. Безумоўна, для маладых сужэнскіх пар гэтыя сем’і з’яўляюцца вельмі добрым прыкладам або своеасаблівымі знакамі бяспекі. Мы заўважаем, што сем’і, якія пражылі разам ужо 5–10 гадоў, зусім па-іншаму перажываюць рэкалекцыі, яны іх перажываюць вельмі глыбока і таму жадаюць далей ісці гэтым шляхам. Такім чынам, большасць удзельнікаў паслярэкалекцыйнай групы складаюць сем’і пасля 8–15 гадоў сужэнства.

— Напэўна, «знакамі бяспекі» з’яўляюцца таксама сведчанні сямейных пар, іх жыццёвы вопыт...

— Варта падкрэсліць, што рэкалекцыі праходзяць не ў форме навукі. Робіцца толькі ілюстрацыя, як бы замалёўка таго, над чым сужэнцы самі павінны працаваць падчас рэкалекцый. Тое, што гавораць святары і аніматары, павінна дапамагчы ім перажыць дадзеную тэму менавіта ўнутры свайго сужэнства. Рэкалекцыі, можна сказаць, — гэта тое, што адбываецца паміж сужэнцамі, гэта іх дыялог.

— Як Вы можаце ацаніць гэтыя 5 гадоў? Ці заўсёды ўдавалася атрымаць перамогу ў змаганні за сапраўднае шчасце сям’і або, нават, за яе выратаванне? Можа, Вам узгадваецца прыгожая гісторыя якой-небудзь сям’і?

— Самыя яскравыя прыклады, — гэта калі людзі прыязджаюць на рэкалекцыі з ужо напісанай заявай на развод. Мы ведаем некалькі сем’яў, якія выкарысталі рэкалекцыі як апошні шанс. Яны ехалі з думкаю, што калі і гэта не дапаможа, то разыдуцца. Вось яскравы прыклад дзейнасці руху «Сужэнскія сустрэчы» — людзі застаюцца разам. На сённяшні дзень гэтыя сужэнцы, якія хацелі разысціся, з’яўляюцца аніматарамі. Аднак гэта не значыць, што рэкалекцыі прызначаны толькі для тых сем’яў, якія перажываюць крызіс. Гэта ў апошні час такіх сем’яў стала больш. Першапачаткова праграма прадугледжвала працу з добрымі сем’ямі, якія не перажываюць крызіс. Па меры таго, як вакол нас змяняецца свет, пачынаем змяняцца і мы.

— Якія мерапрыемствы плануюцца на гэты год?

— Кожны год адбываецца міжнародны кангрэс для аніматараў нашага руху. Ён праходзіць пад пэўным дэвізам. У мінулым годзе дэвізам былі словы святога Апостала Паўла, які заклікаў усё рабіць ад сэрца і дзеля Пана. Гэтыя словы мы прынялі для сябе ў наступным кантэксце — не трэба гнацца за павелічэннем маштабу дзейнасці. Рух узнік у Польшчы, у Варшаве. Паказальнікам працы ўсяго руху з’яўляецца варшаўскі цэнтр. Ён праводзіць 8 рэкалекцый у год, і мы праводзім 8 рэкалекцый у год. Такім чынам, мы дасягнулі ўзроўню варшаўскага цэнтра. Цяпер варта больш увагі прысвяціць кожнаму аніматару, кожнай пары, каб праца ішла ў вертыкальным напрамку. Як кажа наш Мітрапаліт Тадэвуш, трэба ісці ўглыб і ўверх. Гэта асноўны план. Да таго ж, у нашага мадэратара кс. Генадзя Кухарэвіча ёсць даўно саспелы план — «Вечары для закаханых». Гэта праграма падрыхтоўкі маладых пар да сужэнства святарамі і аніматарамі «Сужэнскіх сустрэч». Гэтыя катэхезы будуць узбагачаны духоўнасцю руху. Аніматары, слухаючы і выконваючы тое, чаму вучыць Касцёл, могуць расказаць, з якімі цяжкасцямі або радасцямі яны, як сужэнцы, сустракаюцца. Напрыклад, вельмі добра, калі пра метады распазнавання плоднасці гавораць людзі, якія самі імі карыстаюцца, якія могуць апісаць, што яны пры гэтым адчуваюць. Вось такія планы на будучае.

— Ад імя ўсяго калектыву Catholic.by віншую мадэратараў і ўдзельнікаў руху «Сужэнскі сем’і» з юбілеем. Самая прыгожая сям’я — Святая Сям’я. Нахай яе прыклад дапамагае вам на шляху да святасці і прыгажосці. Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.