Пошук

21.07.2009 14:49  

Урачыстасці з нагоды кананічнага ўступлення на пасаду новага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча, якога прызначыў Папа Рымскі Бенедыкт XVI, адбудуцца 10 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Яго Эксцэленцыя праз шаснаццаць гадоў жыцця і працы ў Расіі вяртаецца на Радзіму. Ён з’явіўся на свет і вырас на Гродзеншчыне, служыў там некалькі гадоў. Аб тым, з якімі пачуццямі наступнік кардынала Казіміра Свёнтака вяртаецца ў Беларусь і з чаго пачнецца яго дзейнасць, чытачам “НГ” расказвае сам арцыбіскуп.

— Ваша Эксцэленцыя, у адным з інтэрв’ю Вы адзначылі, што карані веры павінны ісці з сям’і. А як распачаўся Ваш шлях да веры?
— Чалавек прыходзіць у гэты свет у сям’і, і менавіта сям’я з’яўляецца месцам першай яго сустрэчы з Богам. Гэтая сустрэча адбываецца дзякуючы бацькам і блізкім людзям. Я нарадзіўся ў вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна ў сям’і веруючых людзей. З намі таксама жыла бабуля, якая была вельмі набожнай. Наогул, у Адэльску ў тыя гады ў касцёл хадзілі ўсе. Веру, можна сказаць, я ўвабраў з мацярынскім малаком, вынес яе з роднага дома. Кожную нядзелю дзеці разам з бацькамі хадзілі ў касцёл, хоць там доўгія гады не было святара. Штодзённа бацькі разам з дзецьмі чыталі вячэрнія малітвы, навучалі малых праўдам веры: хто такі Бог, якія ёсць Божыя запаведзі і касцёльныя наказы...
Цяпер умовы зусім іншыя. Але які прыклад даюць бацькі? Ці моляцца яны разам са сваімі дзецьмі?
— Як атрымалася, што Вы, чалавек, якога з дзяцінства вабілі тэхнічныя навукі, у рэшце рэшт сталі святаром?
— Мне заўсёды падабалася быць у касцёле, прыслугоўваць каля алтара, чытаць духоўныя кнігі, якіх у тыя часы было вельмі мала. Таксама я вельмі любіў фізіку. Яшчэ ў школе ездзіў на алімпіяды па матэматыцы. Паколькі не было магчымасці пайсці ў семінарыю, я стаў інжынерам. Аднак у гэтым, магчыма, і праявіўся Божы Провід. Пасля заканчэння Ленінградскага політэхнічнага інстытута (дыпломную працу я, дарэчы, пісаў на Мінскім аўтазаводзе) атрымаў накіраванне на працу ў Вільнюс. У тыя часы там было шмат дзеючых святыняў, шмат святароў. А ў Беларусі, дзе я часта бываў, святароў з кожным годам станавілася ўсё менш і менш. Здавалася, што са смерцю апошняга ксяндза знікне Касцёл.
Разам з групай інжынераў я ўжо атрымаў запатэнтаванае аўтарскае пасведчанне на вынаходку спецыяльнага высакахуткаснага шліфавальнага станка надзвычай высокай дакладнасці для Волжскага аўтазавода. Здаў два кандыдацкія мінімумы. Перада мной адкрывалася кар’ера “тэхніка”. Але штосьці не давала сэрцу спакою .
— І што паўплывала на тое, каб настолькі кардынальна змяніць жыццё?
— Аднойчы я прыехаў у Гродна, прыйшоў у францысканскі касцёл, а святой Імшы не было, бо святар захварэў. Адзін з сяброў сказаў мне: “Ты ж у Літве, там ёсць семінарыя, дапамажы нам”. Словы сябра вельмі моцна мяне кранулі. Бацька таксама некалькі разоў казаў, што, магчыма, сапраўды Бог кліча мяне да святарства. Але найбольшы ўплыў аказала на мяне мама. Аднойчы, прыехаўшы на выхадныя дні ў Гродна, я пайшоў у той самы наш парафіяльны францысканскі касцёл. Памылкова ўзяў не свой малітоўнік, тады ўсе яны былі аднолькавыя. У святыні я заўважыў, што гэта малітоўнік мамы. У ім я ўбачыў абразок, на адваротным баку якога была малітва маці аб святарскім пакліканні для сына. Я зразумеў, што мая мама, якая ніколі ніводнага слова не сказала наконт таго, што, можа, я павінен пайсці ў семінарыю, у той жа час моліцца аб гэтым. Гэта і схіліла мяне да больш інтэнсіўнай малітвы. Што я павінен рабіць? Працягваць працаваць інжынерам або паспрабаваць пайсці ў семінарыю? І вось аднойчы, падчас урачыстасцяў у гонар Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні, я прыняў рашэнне, якое цалкам змяніла маё жыццё. Я выйшаў з капліцы Маці Божай Вастрабрамскай з цвёрдым намерам стаць святаром. Як гэта адбылося? Пакліканне — гэта дар Найвышэйшага. Бог вядзе дыялог з чалавекам, дае зразумець, што кліча яго да святарства. Гэта таямніца. Чаму мяне? Чаму не адразу? І шмат іншых “чаму”... Ці здольны я, ці годны? Бог кліча, а чалавек павінен у цішыні малітвы адказаць: “Вось я, Пане, пашлі мяне”.
— З якімі пачуццямі Вы вяртаецеся на Радзіму?
— З аднаго боку, я вяртаюся на старое месца, з другога — на новае. Я радуюся вяртанню на Радзіму. Але і ўсведамляю ступень адказнасці, якая ўскладаецца на мае плечы. Аднак сваё новае служэнне я, як і заўсёды, праз заступніцтва Маці Божай даручаю Богу.
— З чаго пачнецца Ваша праца ў Беларусі? Якімі будуць асноўныя прыярытэты дзейнасці, у тым ліку і ў адносінах з дзяржавай?
— Зразумела, што неабходна працягваць будаваць на тым, што дасягнута маімі папярэднікамі — кардыналам Казімірам Свёнтакам і біскупам Антоніем Дзям’янкам. Асаблі-вую ўвагу трэба ўдзяляць падрыхтоўцы тэалагічнай, рэлі-гійнай, катэхетычнай і літур-гічнай літаратуры на беларускай мове. Гэтыя матэрыялы патрэбны не толькі Касцёлу. Яны ўзбагацяць таксама беларускую культуру, мову сучаснай каталіцкай тэрміналогіяй, якую таксама трэба распрацоўваць. Пераклад сучаснай тэалагічнай і рэлігійнай каталіцкай літаратуры на беларускую мову патрабуе вялікай увагі і адказнасці, ён, несумненна, павінен мець крэатыўны характар. Пры гэтым неабходна памятаць, што пераклад афіцыйных дакументаў веравучэння Каталіцкага Касцёла трэба рабіць з лацінскай мовы. Карыстаючыся нагодай, ужо цяпер хачу запрасіць навукоўцаў да супрацоўніцтва.
— Многія лічаць, што слова Божае, сказанае не на мове старажытных пісьмовых крыніц, траціць сваю сакральнасць. Як да гэтай думкі ставіцеся Вы і ці не плануеце ўвесці ў касцёлах набажэнствы на лаціне?
— Тут неабходна пазбегнуць крайнасцей. Другі Ватыканскі Сабор, калі ўводзіў нацыянальныя мовы, не выключыў лацінскай з літургіі. Увядзенне нацыянальных моў мела на мэце больш актыўны і свядомы ўдзел вернікаў у святой Імшы. І гэта было дасягнута. Сакральнасць ёсць у кожнай мове. Сама змена не прывядзе да аўтаматычнага росту пачуцця сакральнасці. Безумоўна, тут трэба браць пад увагу і асабістае ўспрыманне кожнага чалавека. Важна тое, ці сапраўды я хачу маліцца, ці толькі шукаю нейкіх апраўданняў. Безумоўна, калі ў набажэнствах удзельнічаюць людзі розных нацыянальнасцей, апраўдана выкарыстанне ў літургіі лацінскай мовы, да чаго заклікае Папа Бенедыкт ХVI.
— Якім Вы бачыце Каталіцкі Касцёл у Беларусі?
— Гэта моцны Касцёл, з добра развітымі структурамі і моцнымі каталіцкімі традыцыямі. Але ёсць свае праблемы. Гэта недахоп святыняў, пакліканняў да святарства і манаства. Я ўжо згадваў пра неабходнасць больш актыўнага выдання рэлігійнай літаратуры.
— Існуе меркаванне, што каталіцтва спынілася ў сваім развіцці. Кансерватыўнасць, што існуе ў Касцёле, можа адштурхнуць моладзь, якая ідзе да Бога, але не гатова прыняць старыя звычаі. Ці існуе такая праблема ў сапраўднасці і, калі так, якім можа быць выйсце з сітуацыі?
— А што такое кансерватызм у Касцёле? Калі ў Божай запаведзі гаворыцца “не за-бівай”, значыць, нельга забіваць сёння, як нельга было гэтага рабіць і дзве тысячы гадоў таму назад. Цяперашняга Папу Бенедыкта ХVI, яшчэ як кардынала Ёзафа Ратцынгера, часта называлі: “Панцэр-кардынал” (“кардынал-танк”), кансерватар... Але ён як Прэфект Кангрэгацыі веравучэння абараняў веру, абараняў маральныя прынцыпы, бо яны нязменныя. На жаль, сёння ўсё часцей з’яўляюцца тэндэнцыі маральнага рэлятывізму, які адмаўляе нязменныя маральныя прынцыпы. Маўляў, калі ў жыцці ўсё змяняецца, то і маральныя нормы таксама змяняюцца. Не, не і яшчэ раз не! У фізічным свеце ёсць свае канстанты. Спроба змяніць іх прывядзе да катастрофы, магчыма, нават і касмічнай. Спроба змянення маральных нормаў таксама вядзе да маральнай катастрофы. Што мы і бачым сёння. Напрыклад, крызіс інстытута сям’і.
— Якім чынам Вы плануеце будаваць адносіны з Праваслаўнаю Царквою і іншымі канфесіямі ў Беларусі?
— Я заўсёды ставіўся і буду ставіцца да Праваслаўнай Царквы з вялікаю павагаю і любоўю. Нашыя Цэрквы пакліканы да больш цеснага супрацоўніцтва ў справе абароны і ўмацавання хрысціянскіх каштоўнасцей. Я буду ўсімі сіламі садзейнічаць гэтаму і спадзяюся, што ў Беларусі, дзе традыцыйна існуюць добрыя міжканфесійныя адносіны, нам удасца дасягнуць добрых вынікаў у сумесным сведчанні пра евангельскія каштоўнасці. Таксама я хачу развіваць адносіны з іншымі хрысціянскімі цэрквамі і супольнасцямі.
— Папа Ян Павел ІІ кананізаваў вельмі шмат новых святых, аднак сярод афіцыйна абвешчаных святымі мала тых, хто нарадзіўся ці дзейнічаў у Беларусі. Каго з такіх асобаў, на Ваш погляд, Касцёл мог бы абвясціць святым?
— Не толькі Ян Павел ІІ, але і цяперашні Пантыфік Бенедыкт XVI удзяляе вялікую ўвагу праслаўленню тых, хто жыў і памёр у арэоле святасці. Вызнаўцы веры, падзвіжнікі і мучанікі Беларусі таксама заслугоўваюць гэтага. Да такіх кандыдатаў адносяцца слугі Божыя біскупы Зыгмунт Лазінскі і Ян Слосканс, святары Міхал Сапоцька і Фабіян Малеўскі. Напэўна, час пакажа і іншых. Неабходна толькі пра гэта маліцца, бо Беларусі патрэбна заступніцтва сваіх святых. Дарэчы, сёлета 27 кастрычніка ў Рыме была абвешчана благаслаўлёнай Цэліна Бажэнцкая, якая нарадзілася ў Беларусі пад Оршаю, потым жыла ў Заневічах, недалёка ад Гродна, і якая разам са сваёю дачкою Ядвігаю стала заснавальніцаю новай манаскай кангрэгацыі сясцёр змёртвыхпаўстанак.
— Апошнім часам у свеце пашыраецца ўплыў ісламу. Якое значэнне, на Ваш погляд, гэта мае для развіцця хрысціянства ў цэлым?
— Цяпер нельга не лічыцца з ісламскім фактарам. Адносіны Каталіцкага Касцёла да ісламу гэтак жа, як і да хрысціянскіх рэлігій, адлюстраваны ў спецыяльнай Дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору, якая вучыць, што людзі, якія належаць да розных рэлігій, павінны паважаць адно аднаго. Таму Касцёл цэніць ісціну, якая перадаецца ў традыцыях нехрысціянскіх рэлігій, у тым ліку і мусульманаў. Гэтыя тэарэтычныя палажэнні былі пашыраны практыкай рэальнага жыцця, адносін і супрацоўніцтва. Сёння мы павінны шукаць шляхі да супрацоў-ніцтва з мэтаю будавання будучыні на маральных прынцыпах, абароны асноўных каштоўнасцей чалавечай цывілізацыі, захавання міру і гэтак далей.
— Як Вы ацэньваеце ролю хрысціянства ва ўмовах глабалізацыі? Якім чынам Касцёл можа паўплываць на праблемы біяэтыкі, геннай інжынерыі?
— Глабалізацыя сёння становіцца рэальнасцю нашага жыцця. Асноўная ж праблема ў тым, каб пры гэтых глабалізацыйных працэсах захоўваўся прынцып сацыяльнай справядлівасці. У гэты працэс Касцёл можа зрабіць і свой значны ўнёсак, перш за ўсё распрацоўваючы сваё сацыяльнае вучэнне. Дарэчы, яно блізкае з канцэпцыяй сацыяльнага вучэння Рускай Праваслаўнай Царквы, што павінна падштурхнуць нас да яшчэ большага супрацоўніцтва ў вырашэнні праблем, выкліканых глабалізацыяй.
Такі ж наш падыход да пытанняў генетыкі і геннай інжынерыі. Творцам чалавечага жыцця з’яўляецца Бог, і ніхто не мае права ўмешвацца ў жыццё і парушаць парадак, устаноўлены Творцам. Кожны чалавек па сваёй сутнасці непаўторны, ён мае адзіны генетычны код, і нікому не дазволена рабіць на яго замах. Недапушчальна таксама з маральнага пункту гледжання выкарыстоўваць эмбрыён або стваловыя клеткі для кланавання некаторых чалавечых органаў, рабіць “запчасткі” для чалавека.
— У нашай краіне вельмі многа змешаных праваслаўна-каталіцкіх сем’яў. Яны адзначаюць разам і каталіцкія, і праваслаўныя святы: Божае Нараджэнне, Вялікдзень. І часам, калі ідуць у святыню, і жонка, напрыклад, каталіцкага веравызнання, а муж — праваслаўнага, то ён застаецца чакаць яе за дзвярыма касцёла. Як вы ацэньваеце такую сітуацыю і што маглі б параіць?
— Сэрцу не загадваюць. Але з іншага боку, як кажа Папа Бенедыкт XVI, такія змешаныя сужэнствы могуць стаць “лабараторыямі адзінства” хрысціянаў. Каталіцкі Касцёл не забараняе праваслаўнаму прыйсці і памаліцца ў каталіцкай святыні.
— Беларусь заўсёды славілася сваімі майстрамі-арганістамі. Але сёння, на жаль, далёка не ўсе касцёлы краіны маюць арганы. Ці не плануеце Вы распачаць працу па ўліку ўсіх ацалелых інструментаў і іх рамонту?
— Каталіцкі Касцёл нёс не толькі святло праўды Хрыстовай, але таксама развіваў культуру. Несумненна, у многіх святынях арганы ўяўляюць сабою вартае жалю відовішча. З іншага ж боку, рамонт старога аргана — гэта каласальныя выдаткі, на якія наўрад ці сёння мы можам разлічваць. Так, многія святыні не маюць інструментаў, але сучасныя тэхналогіі дазваляюць вырабляць электронныя арганы. Такі, напрыклад, разам з духавым, знаходзіцца ў маскоўскім катэдральным касцёле. Ён вельмі магутны і настолькі якасна зроблены, што толькі спецыялісты могуць на слых вызначыць, што гэта не духавы. Думаю, што гэта шлях вырашэння праблемы — праз электронныя інструменты, якія таксама з поспехам можна выкарыстоўваць на набажэнствах і для канцэртаў духоўнай музыкі.
— Вы ніколі не пашкадавалі аб абраным жыццёвым шляху?
— Не, я шчаслівы, што магу несці Бога і Яго праўду людзям дзеля Божай хвалы і выратавання душ.
— Дзякуй вялікі за інтэрв’ю.
Аўтар выказвае падзяку адказнаму за СМІ пры Сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксяндзу Аляксандру Амяльчэню за дапамогу ў арганізацыі інтэрв’ю і прадастаўленае фота.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа