Пошук

14.07.2009 15:52  
1 ліпеня 2008 г., напярэдадні ўрачыстасці Маці Божай Будслаўскай, кусташ нацыянальнага санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака даў невялікае інтэрв’ю нашаму карэспандэнту.


— Сёлета адзначаецца 10-я гадавіна каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай. Якія набажэнствы плануецца правесці з гэтай нагоды?

— Традыцыйна самым галоўным момантам кожнай вялікай урачыстасці з’яўляецца святая Імша. Сёлета, у сувязі з 10-годдзем каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, будзе прачытана спецыяльная малітва да Нябеснай Апякункі, падчас якой мы ўсе з даверам даручым Яе апецы саміх сябе, нашыя сем’і, парафіі, увесь Касцёл на Беларусі.

— Айцец Віктар, вядома, што ў санктуарыі Маці Божай Будслаўскай вядуцца рэстаўрацыйныя працы. Скажыце, калі ласка, на якім этапе яны знаходзяцца і чаго ўжо ўдалося дасягнуць за гэты год?

— Так, многае ўжо зроблена, але многае яшчэ наперадзе. Вядзецца паэтапная рэстаўрацыя фасадаў святыні, устаўлены новыя вокны. Трэба падкрэсліць, што гэта было магчыма дзякуючы ахвяраванням вернікаў з мінскіх парафій — архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы. Варта адзначыць, што сёлета галоўны алтар устаноўлены з боку галоўнага фасаду, як гэта было 10 гадоў таму назад, калі адбывалася каранацыя абраза Маці Божай Будслаўскай.

— Ці чакаеце Вы прысутнасці нейкіх асаблівых гасцей на ўрачыстасці?

— 2 ліпеня святую Імшу будзе канцэлебраваць кардынал Казімір Свёнтэк, які ў 1998 годзе ўзначаліў цырымонію каранацыі будслаўскага абраза. Прыбудзе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Плануецца, што ва ўрачыстасці таксама прыме ўдзел Апостальскі нунцый на Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Традыцыйна ў гэтыя дні ў Будслаў прыбываюць усе біскупы Беларусі.

У гэтым годзе кардынал Казімір Свёнтэк будзе ўрачыста ўзнагароджаны граматай падзякі за тую вялікую справу, якую ён учыніў для гэтага санктуарыя Маці Божай, а таксама за пастырскую падтрымку на працягу ўсіх гадоў працы нашых братоў у Будславе.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа