Пошук

14.07.2009 14:50  
1–2 ліпеня 2009 г., падчас цэнтральных урачыстасцяў Маці Божай Будслаўскай, у Нацыянальным санктуарыі адбывалася перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага. Пра значэнне перэгрынацыі і яе адметнасці ў Мінска-Магілёўскай архідыцэзіі распавядае кс. Анджэй Стэцкевіч, кусташ абраза Езуса Міласэрнага.

— Шаноўны кс. Анджэй, хацелася б даведацца, якім Вы бачыце Касцёл у Беларусі. Як выглядае перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага па парафіях архідыяцэзіі.

— Езус пажадаў прыйсці сюды, на Беларусь, і пабыць разам з беларускімі вернікамі. Чаканне людзей, іх смутак па Езусу паказваюць, наколькі ім патрэбны Хрыстус. Езус — міласэрны, а людзі, перш за ўсё, патрабуюць міласэрнасці. Беларусь, асабліва Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, настолькі розная, што можна ўбачыць раны, якія былі нанесены на жывы арганізм людзей, на зямлю, на касцёлы. Таму прысутнасць Пана Бога тут сапраўды неабходна. Працэсія Божага Цела або іншыя працэсіі, якія праходзяць навакол касцёлаў у вёсках і гарадах, з’яўляюцца напамінам пра тое, што Езус пабоч з чалавекам— там, дзе ён жыве і працуе.

Сёння да вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прыходзіць Езус Міласэрны. Перэгрынацыю абраза мы распачалі з мінскай архікатэдры і іншых парафій сталіцы — тых, дзе ёсць касцёлы, і тых, дзе іх няма. Мы былі на Магілёўшчыне, дзе шмат разбураных святыняў XVII–XVIІI стст., спыняліся каля крыжоў у прыдарожных капліцах, у нядаўна пабудаваных касцёлах. Уражвае тое, што яны былі пабудаваны ў тыя часы, калі ў парафіі яшчэ нават святара не было.

— Як Вы можаце ахарактарызаваць беларускіх вернікаў? Як яны сустракаюць гэты абраз, як моляцца?

— Для мяне, як кусташа абраза Езуса Міласэрнага, найбольш важна чаканне людзей. Яны нечага чакаюць ад Пана Бога. Абраз Езуса Міласэрнага, абраз і рэліквіі ксяндза Міхала Сапоцькі даюць магчымасць не толькі біскупам і святарам, але і кожнаму чалавеку быць прапаведнікамі Езуса Міласэрнага.

Ушанаванне рэліквій ксяндза Міхала Сапоцькі — гэта своеасаблівая «фізічная» размова з ім. Бачна, што вернікі з вялікім жаданнем падыходзяць, каб уцалаваць рэліквіі і дакрануцца да іх. Відаць таксама, што яны робяць гэта з глыбокай верай. Падчас перэгрынацыі я не толькі прамаўляю гаміліі, але і спавядаю. І гэта цудоўная магчымасць убачыць, што адбываецца ў жыцці людзей, з чым яны прыходзяць да Бога, што ім баліць ў душы. Сёння, напрыклад, мужы большасці жанчын сярэдняга ўзросту трапілі ў алкагольную залежнасць. Жонкі губляюць надзею, бо сітуацыя сапраўды здаецца безвыходнай. Аднак мы можам прасіць кс. Міхала, каб ён скіроўваў да Хрыста малітву «Езу, давяраю Табе», праз якую можна атрымаць ласку, што сыходзіць з сэрца Езуса.

Кожны чалавек можа прыйсці са сваей малітвай, сваей гісторыяй жыцця, са сваімі ранамі і сказаць: «Езу, давяраю Табе». (…) Толькі Хрыстус ацаляе і дае магчымасць вярнуцца да яго здаровым душой і целам. Я часта заклікаю, каб людзі не баяліся прасіць у малітве, каб здзейсніўся цуд. Здараецца, што людзі прыходзяць у святыню, моляцца, але не сустракаюць Бога, бо не ўмеюць пакінуць за брамамі сваіх праблем. Езус добра ведае ўсе праблемы чалавека, таму варта проста ў цішыні пабыць з Ім. (…)

Многія людзі, калі узнікаюць праблемы, шукаюць дапамогі не там, дзе трэба. Напрыклад, калі нехта захварэў, замест таго, каб ісці да добрых урачоў, яны звяртаюцца да экстрасэнсаў. А гэта наносіць вялікую шкоду, бо супрацоўніцтва з нячыстай сілай заўсёды вядзе да адмоўных наступстваў.

Важна, каб людзі адчулі прысутнасць Бога і даверыліся яму, зразумелі, што Ён — адзіны, хто сапраўды дапамагае зразумець сэнс цярпенняў, Галгофы. Часам няпроста зразумець сэнс крыжа, аднак праз яго Бог ацаляе нас на гэтым шляху цярпенняў.

— Перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага Міхала Сапоцькі павінна прынесці духоўны плён...

— Падчас перэгрынацыі ў кожнай парафіі прысутнічае біскуп — арцыбіскуп Кандрусевіч ці біскуп Дзям’янка. Вернікі з глыбокай верай моляцца Вяночак да Божай міласэрнасці. І думаю, што плады гэтай перэгрынацыі будуць, асабліва калі копія абраза пачне пілігрымаваць па дамах. Мы заўсёды просім, каб людзі запрашалі родных, суседзяў, можа, нават і няверуючых. Езус сказаў святой Фаустыне, што калі недзе будзе вісець гэты абраз, ён заўсёды будзе прыносіць ласкі. Калі мы з верай будзем узірацца ў гэты абраз, мы зможам адкрывацца на прысутнасць Бога.

— Дзякуем за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа