Пошук

14.07.2009 14:43  
Пра перспектывы развіцця адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам у Беларусі і Францыі, пра міжрэлігійны дыялог, а таксама ўражанні, якія выклікала Беларусь у арцыбіскупа Ліёнскага кардынала Філіпа Барбарэна, — у інтэрв’ю Catholic.by.

Ваша Эмінэнцыя, раскажыце, калі ласка, пра дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Францыі і яго супрацоўніцтва з іншымі краінамі?

— Вялікае значэнне мае праграма «Эразм». Паводле гэтай праграмы ва універсітэце Ліёна навучаецца духавенства. Сярод іх шмат біскупаў, святароў, напрыклад, з Германіі. З Мітрапалітам Кандрусевічам я час ад часу сустракаюся ў Рыме. Такія сустрэчы біскупаў маюць вялікае значэнне. А тыя кнігі, якія я прывёз у падарунак, таксама з’яўляюцца сур’ёзным адукацыйным момантам для развіцця навучання і фармацыі духавенства тут, у Беларусі.

Важнымі з’яўляюцца пабрацімскія адносіны паміж дыяцэзіямі. Напрыклад, дыяцэзія Ліёна мае дыяцэзіі-сёстры: адна дыяцэзія ў Буркіна Фасо (Афрыка) і адна — у Ліване. Гэтыя дыяцэзіі-сёстры падтрымліваюць узаемасувязі і аказваюць адна адной дапамогу. Безумоўна, больш дапамогі ідзе з боку дыяцэзіі Ліёна.

— Вас у свеце ведаюць як прыхільніка экуменічнага дыялога. Што б Вы адказалі праціўнікам такога дыялога?

— Гэта цалкам супярэчыць волі Езуса. У сваёй першасвятарскай малітве, у вечар перад сваёю мукай Езус, калі маліўся (як мы чытаем у Евангеллі паводле святога Яна), прасіў, каб усе Яго наступнікі былі адно. Гэта — асноўная інтэнцыя Яго першасвятарскай малітвы.

Вяршыняю літургічнага года з’яўляецца Вялікі тыдзень. Аднак, можна сказаць, што ў літургічным годзе ёсць таксама другая вяршыня — Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Езус вельмі рашуча перапыняе сваіх вучняў, калі тыя пачынаюць спрачацца адносна таго, хто з іх большы, хто з іх заслугоўвае большай пашаны. Увесь 18 раздзел Евангелля паводле святога Мацвея прысвечаны менавіта арганізацыйным пытанням Касцёла: калі вы будзеце шукаць, хто з вас большы, тады вы ніколі не будзеце адным цэлым, і тады ніколі не будзе Касцёла.

У міжрэлігійным дыялогу асаблівае значэнне мае дыялог з іудаізмам, бо Езус — гэта слава Ягонага народа, Ізраіля, і ўсе мы — католікі, праваслаўныя, хрысціяне самых розных веравызнанняў — маем адзін супольны корань, якім з’яўляецца іудаізм. Калі параўноўваць, то можна сказаць, што іудаізм — гэта дом нашых дзядоў і бабуль.

Кожны дзень мы чытаем і молімся псальмамі, кожны дзень мы чытаем закон Майсея, чытаем прарокаў, і менавіта гэта з’яўляецца той платформай, тым фундаментам, на якім мы можам весці дыялог з іншымі, таму што гэта аб’ядноўвае нас з іншымі хрысціянскімі веравызнаннямі. Гэта з’яўляецца адзіным для нас усіх.

Іншае, таксама вельмі важнае і асаблівае, месца ў міжрэлігійным дыялогу займаюць мусульмане, але, у адрозненні ад юдэяў, для нас тэксты Карана не з’яўляюцца святымі. Мы не чытаем тэксты Карана і не молімся на іх падставе. У мусульманаў, з іншага боку, мы можам павучыцца палымянасці, іх насычанаму духоўнаму жыццю, іх прыгожым чалавечым адносінам, іх прыхільнасці да міласціны і дапамогі іншым. Назіраючы ў іншых рэлігіях самае лепшае, я магу таксама станавіцца лепшым у наследаванні Хрыста сваім шляхам — шляхам, вызначаным Хрыстом.

Напрыклад, у дыялогу паміж хрысціянамі, юдэямі і мусульманамі важным момантам можа быць супольнае разважанне над Божай міласэрнасцю, і такім чынам, разважаючы над гэтым, мы можам дапамагаць адно аднаму, можам знаходзіць нейкія супольныя інтарэсы.

— Якою Вы ўбачылі Беларусь? Якія ў Вас засталіся пра яе ўражанні?

— Для мяне вялікая радасць трапіць сюды, таму што гэтая краіна вельмі гасцінная, вельмі адкрытая і вельмі простая. Вельмі парадаваў гэты цёплы, заўсёды адкрыты прыём. Цешаць добрыя і прыязныя адносіны, якія тут існуюць паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Горад таксама выглядае вельмі цудоўна, ён вельмі чысты. Людзі выглядаюць спакойнымі, што сапраўды вельмі важна. Вельмі прыемнае ўражанне пакінула тое, што рэлігія тут у пашане, што да Мітрапаліта і да рэлігійных дзеячаў ставяцца з павагаю ў дзяржаўных структурах, у адрозненні ад Францыі, дзе хрысціяне выклікаюць гнеў і часам нават нянавісць. Безумоўна, тут ёсць таксама свае пакуты, цярпенні. Учора я наведаў Курапаты, тое месца, дзе Сталін забіў вельмі вялікую колькасць людзей. Аднак, калі вы гаворыце пра тыя часы, пра зачыненыя ў тыя часы святыні, вы гаворыце без горычы, без гневу, без раздражнення, без жалю. І гэта паказвае, што вы жывеце сённяшнім днём і тымі заданнямі, якія ставіць перад вамі Езус сёння. «Господи, устне мои отверзеши, и уста моя возвестят хвалу Твою», — гэтыя словы застануцца для мяне як памяць пра Беларусь. Кожную раніцу я буду іх паўтараць у сваіх малітвах.

— Што б Вы пажадалі Касцёлу ў Беларусі?

— Няхай ён развіваецца ў супакоі, у міры. Няхай ён захоўвае свой асабісты, унікальны, уласцівы толькі яму характар. Няхай ён знойдзе сваё годнае месца сярод сваіх суседзяў. Гісторыя яго дастаткова нядаўняя, і няхай яна знойдзе таксама сваё месца ў Еўропе.

— Дзякуем за размову.
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця