Пошук

14.07.2009 14:29  
Ксёндз Андрэй Зноска, паходзіць з г. Бярозаўка на Лідчыне. Святар Гродзенскай дыяцэзіі. Пасля заканчэння ў 2004 г. Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі працаваў у розных парафіях Гродзенскай дыяцэзіі. З 2007 г. з’яўляецца студэнтам юрыдычнага факультэта БДУ.

 
— Што такое канкардат? Калі і з кім быў заключаны першы канкардат?

— Распаўсюджаны тэрмін «канкардат» у шырокім разуменні азначае міжнароднае пагадненне, заключанае паміж Каталіцкім Касцёлам, прадстаўленым Апостальскай Сталіцай, і акрэсленым суб’ектам міжнароднага права, часцей за ўсё пэўнай дзяржавай, але не толькі, прадстаўленай сваім кіруючым органам, з мэтай урэгулявання пытанняў, якія прадстаўляюць узаемную зацікаўленасць. Не ўсе з дзеючых міжнародных дагавораў, у якіх адным з бакоў выступае Апостальская Сталіца, заключаны на падставе дакумента пад назвай «канкардат». Ужываюцца таксама і такія тэрміны, як канвенцыя, пагадненне, дагавор, дамоўленасць, modus vivendi, пратакол. Адпаведная назва, безумоўна, з’яўляецца важнай часткай формы міжнароднага дагавора, аднак здаецца, што большую ўвагу павінен прыцягваць змест канкардата: два высокія бакі, Апостальская Сталіца і дзяржава, заключаюць пагадненне, у адпаведнасці з якім па ўзаемнай згодзе рэгулююцца існаванне, прававы статус і парадак дзейнасці на тэрыторыі гэтай дзяржавы рэлігійных арганізацый і ўстаноў, якія належаць да Каталіцкага Касцёла.

Заключэнне канкардатаў асаблівым чынам падкрэслівае моцную цэнтралізацыю і арганізацыйнае адзінства Каталіцкага Касцёла, якім кіруе Біскуп Рыма ў адзінстве з Калегіяй біскупаў, незалежна ад таго, з якой дзяржавай звязаны яго вернікі на моцы грамадзянства ці падданства. Памылкаю было б лічыць, што канкардат — гэта пагадненне толькі і выключна з Ватыканам, прывабнай для турыстаў еўрапейскай краінай, што займае 44 гектары на тэрыторыі італьянскай сталіцы. Канкардат — гэта дагавор з мільярднай супольнасцю католікаў, рассеяных па ўсіх краінах свету, заключаны з мэтай упарадкавання становішча некаторых з іх, якія з’яўляюцца часткай насельніцтва акрэсленай дзаржавы. Гэта — пагадненне з усім Каталіцкім Касцёлам, які, адзіны сярод сусветных рэлігійных супольнасцяў, валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю і можа сам, ад уласнага імя выступаць бокам міждзяржаўных пагадненняў.

Канкардат належыць да шэрагу старажытнейшых інстытутаў міжнароднага права. Першым лічыцца Вормскі канкардат, заключаны ў 1122 г. і падпісаны Папам Рымскім Калікстам ІІ і імператарам Генрыхам V з мэтай палажыць канец барацьбе за права інвестытуры (выключнае права ў прызначэнні на вышэйшыя касцёльныя пасады). Шырока вядомы і іншыя міжнародныя пагадненні Ватыкана: Балонскі канкардат (1516 г.), канкардат Напалеона (1801 г.), Латэранскі канкардат з Італіяй (1929 г.).

— Кім складаюцца пагадненні паміж Апостальскай Сталіцай і іншымі дзяржавамі?

— Працэдура падпісання дакументаў у прыгожых папках упаўнаважанымі прадстаўнікамі бакоў міжнароднага дагавора, якую часта можна бачыць у сюжэтах тэленавінаў, — гэта ўрачыстая фіналізацыя працяглага па часе працэсу падрыхтоўкі пагадненняў, які вядзецца як паасобна кожным бокам (падрыхтоўка праектаў дамоўленасцяў), так і ў ходзе перамоваў, накіраваных на выпрацоўку сумеснай пазіцыі, якая задавальняе ўсе зацікаўленыя бакі.

Звычайна з боку Апостальскай Сталіцы кампетэнцыя па вядзенню міжнародных перамоваў і падрыхтоўцы пагадненняў належыць Дзяржаўнаму Секрэтарыяту (Secretaria Status), які дзейнічае на падставе Кодэкса Кананічнага Права (1983 г.) і спецыяльнага заканадаўства. Безумоўна, важную ролю пры падрыхтоўцы пагадненняў выконваюць папскія легаты — нунцыі або дыпламаты іншага ўзроўню, якія прадстаўляюць Апостальскую Сталіцу ў партыкулярных Касцёлах або перад дзяржавамі і публічнымі ўладамі, да якіх накіраваны. Практыка заключэння канкардатаў у паслясаборны перыяд сведчыць пра тое, што Апостальская Сталіца пры падрыхтоўцы праектаў пагадненняў з акрэсленымі дзяржавамі ўсё большае значэнне надае ролі нацыянальных епіскапатаў паасобных краінаў. Гэта зразумела, бо епіскапаты, хоць і не з’яўляюцца бокам міжнароднага пагаднення, аднак прадстаўляюць інтарэсы той лакальнай часткі Касцёла, якая непасрэдна зацікаўлена вынікам перамоваў.

Што датычыць другога, свецкага боку пагадненняў, то кожная дзяржава выпрацоўвае свой, замацаваны ў заканадаўстве, падыход да працэдуры заключэння міжнародных дагавораў. У выпадку Рэспублікі Беларусь выбар персанальнага складу прадстаўнікоў, акрэсленне кампетэнцыі асобаў і органаў, парадак заключэння міжнародных дагавораў рэгулююцца дзеючай Канстытуцыяй, агульнапрызнанымі прынцыпамі міжнароднага права, Венскай канвенцыяй аб праве міжнародных дагавораў ад 23.05.1969 г., іншымі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, Законам «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь» ад 23.07.2008 г. і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

— Што мае першынства: міжнароднае пагадненне, накшталт канкардата, ці Канстытуцыя і іншыя законы дзяржавы?

— Што датычыць месца міжнароднага дагавора (а менавіта такі статус будзе мець магчымы канкардат Рэспублікі Беларусь з Апостальскай Сталіцай) у шэрагу крыніц беларускага права, то варта згадзіцца з абгрунтаваным меркаваннем аўтарытэтнага беларускага канстытуцыяналіста прафесара Г. А. Васілевіча. Згодна з часткай 3 артыкула 8 і часткай 4 артыкула 116 дзеючай Канстытуцыі міжнародныя дагаворы носяць падканстытуцыйны, але надзаконны характар, гэта значыць, што не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія пярэчаць Канстытуцыі, аднак уступіўшыя ў сілу міжнародныя дагаворы маюць прыярытэт перад законамі (не выключаючы кодэксаў і праграмных законаў), дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта, пастановамі Савета Міністраў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. У артыкуле 33 Закона «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь» ад 23.07.2008 г. прадугледжана акрэсленая працэдура імплементацыі міжнародных дагавораў у заканадаўства Рэспублікі Беларусь: нормы права, змешчаныя ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства, падлягаюць непасрэднаму прымяненню і маюць сілу таго нарматыўнага прававога акта, якім выражана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавора.

— Пагадненні паміж Апостальскай Сталіцай і дзяржавамі замацоўваюць ў прававых нормах суадносіны гэтых дзяржаваў і Каталіцкага Касцёла па пэўных пытаннях. Якімі могуць быць гэтыя пытанні ў выпадку магчымага заключэння канкардата з Рэспублікай Беларусь?

— Сапраўды, ад дакладнага выбару пытанняў, якія патрабуюць урэгулявання нормамі міждзяржаўнага пагаднення паміж Каталіцкім Касцёлам і акрэсленай дзяржавай, залежыць мэтазгоднасць магчымага канкардата, яго адпаведнасць той сацыяльнай патрэбе, якая прывяла зацікаўленыя бакі за стол перамоваў. Канкардаты, як і ўсе іншыя нарматыўныя прававыя акты, з’яўляюцца нібы адказам праз нормы права на запатрабаванне соцыума: перш за ўсё павінны існаваць пэўныя грамадскія адносіны. У нашым выпадку — гэта адносіны па рэалізацыі грамадзянамі права на веравызнанне. І толькі затым ставіцца пытанне аб патрэбе урэгулявання гэтых адносінаў нормамі права. Некарэктны выбар праблемаў, якія патрабуюць вырашэння, вынясенне на перамовы беспрадметных пытанняў і пакіданне без увагі сапраўды злабадзённых тэмаў можа прывесці да таго, што магчымы канкардат стаў бы дэкларатыўным, пазбаўленым практычнага значэння. Бакі павінны правесці глыбокі, усебаковы аналіз прававога становішча, у якім на дадзеным этапе знаходзіцца Каталіцкі Касцёл у Рэспубліцы Беларусь, акрэсліць праблемнае поле, якое патрабуе вырашэння, і падрыхтаваць праекты. Пасля разгляду і зацвярджэння праектаў распачынаюцца перамовы па выпрацоўцы сумеснай пазіцыі. Канкардат — гэта пагадненне, дагавор, а гэта значыць, што кожная літара ў ім была супольна абмеркавана і па ўсіх пытаннях была дасягнута згода.

Зразумела, што права выбару пытанняў, якія разглядаюцца на пряцягу працэсу падрыхтоўкі і заключэння канкардата паміж Апостальскай Сталіцай і Рэспублікай Беларусь, належыць высокім бакам і толькі ім. Канкардатная практыка апошняга часу паказвае, што Апостальская Сталіца пры распрацоўцы праектаў пагадненняў вельмі ўважліва прыслухоўваецца да меркавання нацыянальных епіскапатаў тых краінаў, з якімі вядуцца перамовы. Часам, як гэта было ў выпадку канкардата з Італіяй (1984 г.), некаторыя пытанні, рамачна акрэсленыя ў канкардаце, нават адсылаюцца для рэгулявання ў кампетэнцыю пагадненняў паміж Канферэнцыяй Епіскапату і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, якія будуць заключаны на падставе канкардата, падобна, як у тэкстах канстытуцый нярэдка ўказваецца на патрэбу выдання асобных законаў, якія называюць арганічнымі. Які будзе выбар пытанняў у выпадку заключэння канкардата з нашай краінай — пакажа час.

Калі выказваць прыватны погляд, я буду асноўваць яго на аналізе паведамленняў інфармацыйных агенцтваў адносна візіту Прэзідэнта Беларусі ў Апостальскую Сталіцу, а таксама выказванняў Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Так, можна меркаваць, што гэта будуць пытанні, звязаныя з пабудовай партнёрскіх адносінаў паміж Каталіцкім Касцёлам і Рэспублікай Беларусь у галіне ўмацавання маральнага ладу ў нашай краіне, сацыяльнага клопату пра дабрабыт насельніцтва, супрацоўніцтва ў сферы навукі, бібліятэчнай і архіўнай справы. Мяркую, што вырашэння патрабуюць утылітарныя пытанні адносна спрашчэння працэдуры рэгістрацыі парафій і выдзялення зямлі пад пабудову святыняў, свабоднага прызначэння святароў на пасады, у тым ліку святароў з-за мяжы, адносна сацыяльнага забеспячэння духавенства, статусу духоўных навучальных установаў, сталай духоўнай апекі над католікамі, якія знаходзяцца ў шпіталях, войску, пенітэнцыярных установах. На маю думку, вырашэння патрабуць таксама пытанні адносна магчымасці рэалізацыі канстытуцыйнага права на распаўсюджванне рэлігійных поглядаў з выкарыстаннем дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, адносна катэхізацыі на факультатыўнай аснове дзяцей у школе і моладзі ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. У працяг пераліку існуючых грамадзянскіх адносінаў можна таксама назваць пытанне рэалізацыі католікамі права на веравызнанне, якія чакаюць палітычнага рашэння і ўрэгулявання нормамі канкардатнага права.

— Апошнім часам з боку прадстаўнікоў Праваслаўнай Царквы з’явіліся меркаванні, згодна з якімі беларуская дзяржава не павінна ўваходзіць у канкардатныя адносіны з Ватыканам. Які Вы можаце даць адносна гэтага каментарый?

— Мяркую, трэба адрозніваць афіцыйную пазіцыю Праваслаўнай Царквы ад выказванняў пэўных асобаў: духоўных ці свецкіх. Сапраўды, перыядычна з’яўляюцца выказванні, якія крытыкуюць саму ідэю магчымага заключэнння канкардата паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай. Трэба сказаць, што часцей за ўсё гэта навукова неабгрунтаваныя, эмацыянальна афарбаваныя меркаванні людзей, далёкіх ад глыбокага ведання гісторыі беларускай дзяржаўнасці і права.  Канстытуцыя нашай дзяржавы кожнаму гарантуе свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне, аднак выклікае здзіўленне тое, што выданні і старонкі, якія публікуюць часта радыкальныя меркаванні, могуць бесперашкодна выдаваць плады сваіх прыватных разважанняў за пазіцыю Царквы.

Што датычыць афіцыйнага стаўлення Беларускага Экзархата Рускай Праваслаўнай Царквы да магчымага падпісання пагадненняў паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай, то, наколькі мне вядома, яно ніколі не было публічна выказана. Гэта і не дзіўна, бо рэлігійныя арганізацыі, зарэгістрыраваныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, павінны дзейнічаць у межах прававога поля беларускага заканадаўства. А яно не прадугледжвае неабходнасці папярэдніх кансультацый з прадстаўнікамі рэлігійных арганізацый пры заключэнні Рэспублікай Беларусь міждзяржаўных дагавораў, да якіх без усялякага сумніву павінен быць аднесены магчымы канкардат з Апостальскай Сталіцай. Зрэшты, у апошнім Пасланні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да Нацыянальнага Сходу і народа Беларусі была выказана ясная пазіцыя адносна таго, што кіраўніцтва дзяржавы здольна самастойна і без парадаў іншых вызначаць і рэалізоўваць як унутраную, так і знешнюю палітыку, якая павінна быць шматвектарнай і накіраванай выключна на карысць беларускага народа.

— З боку некаторых каментатараў выказваецца занепакоенасць тым, што пасля магчымага заключэння канкардата з Апостальскай Сталіцай будзе парушана раўнавага, якая склалася ў заканадаўстве РБ у галіне рэлігійнага права.

— Раўнавага, якая склалася ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у галіне рэлігійнага права не можа быць парушана магчымым заключэннем канкардата з Апостальскай Сталіцай. Згодна з артыкулам 116 дзеючай Канстытуцыі кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом і менавіта яму належыць прэрагатыва выдаваць заключэнне аб адпаведнасці прымаемых Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў Канстытуцыі. Згодна з часткай 1 артыкула 16 дзеючай Канстытуцыі рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам, і магчымы канкардат паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай павінен быць змешчаны ў прававым полі, вызначаным гэтай нормай Асноўнага Закона нашай дзяржавы.

Калі выказванні кіраўніцтва нашай дзяржавы і касцёльных уладаў пра магчымасць заключэння канкардата паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай перайдуць у фазу рэалізацыі, то зразумела, што пры гэтым будуць захоўвацца ўсе патрабаванні як міжнароднага, так і беларускага і касцёльнага заканадаўства. Што адносна патрабаванняў беларускага права, то, безумоўна, канкардат павінен заключацца на ўзроўні міждзяржаўнага дагавора, які адпавядае вышэйшым стандартам легітымнасці: абавязковая ратыфікацыя Парламентам у знак згоды прадстаўнікоў народа з яго формай, зместам і самім фактам заключэння, або зацвярджэнне Прэзідэнтам. Гэта будзе залежаць ад канкрэтнага зместу пагадненняў. Адказнасць за невыкананне нормаў канкардата наступае згодна з нормамі як унутрыдзяржаўнага, так і міжнароднага права, а выхад з дагавора адбываецца ў выніку дастаткова складанай працэдуры дэнансацыі.

Трэба адзначыць, што Рэспубліка Беларусь ужо мае досвед у заключэнні пагадненняў з рэлігійнымі арганізацыямі: у 2002 г. было заключана Пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускай Праваслаўнай Царквой, і зразумела, гэта ніколькі не парушыла раўнавагі ў беларускім рэлігійным заканадаўстве. Вядома, што ў тым выпадку працэс падпісання пагадненняў адбыўся без шырокага ўдзелу грамадскасці і публічнага абмеркавання, нават тэкст пагадненняў не быў апублікаваны і адсутнічае ў прававых базах.

— Якое, на Ваш погляд, стаўленне беларускай грамадскасці да магчымага заключэння пагаднення з Апостальскай Сталіцай?

— Гісторыя беларускага народа, у прыватнасці даследаванні па гісторыі дзяржавы і права Беларусі, сведчаць пра тое, што фарміраванне беларускай дзяржаўнасці і распрацоўка ўласнай прававой сістэмы праходзіла ў цеснай сувязі з Каталіцкім Касцёлам, які дзейнічаў на землях Вялікага Княства Літоўскага задоўга да часоў Крэўскай Уніі. Прыгожая легенда пра каранацыю славутага Міндоўга ў Наваградку звязвае беларускую даўніну з далёкім Рымам, Апостальскай Сталіцай (толькі Ватыкан меў права абвяшчаць кіраўніка дзяржавы каралём). Далейшае развіццё міжнародных адносін адбывалася шматвектарна, як у напрамку Усходу, так і ў накірунку Захаду, што адпавядае выгаднаму геаграфічнаму становішчу Беларусі. Мяркую, што і сёння беларускі народ з прыязнасцю ўспрымае ўсе ініцыятывы, накіраваныя на ўдасканаленне грамадскага ладу ўнутры дзяржавы і пабудову канструктыўных адносінаў з агульнасусветнай супольнасцю. Магчымы канкардат з Апостальскай Сталіцай не толькі ўпарадкуе грамадскія адносіны ў рэалізацыі католікамі права на веравызнанне, але стане добрым сведчаннем пра вынікі знешняй палітыкі беларускага кіраўніцтва і ўзніме міжнародны прэстыж нашай дзяржавы на новы, узбагачаны шматвекавымі традыцыямі, узровень.

Што адносна навуковых колаў, то беларускія спецыялісты ў галіне дзяржаўна-канфесійных адносінаў, як, напрыклад, прафесар кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ Л. Я. Землякоў, на працягу пэўнага часу выказваюцца пра недастатковы ўзровень урэгулявання рэлігійнай сферы нормамі права. На сённяшні дзень гэта 16 і 31 артыкулы Канстытуцыі, шэраг адносных артыкулаў у кодэксах, Закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» ад 17.12.1992 г. і літаральна некалькі падзаконных нарматыўных прававых актаў Савета Міністраў і рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Заканадаўства, пакліканае ўпарадкаваць рэлігійную сферу, змяшчае нямала неканкрэтных нормаў і палажэнняў, якія не выконваюць рэгуляцыйную функцыю. Да гэтай пары ўдасканаленне сучаснага заканадаўства ў рэлігійнай сферы адбывалася, як кажуць, ні шатка, ні валка: часцей за ўсё шляхам прыняцця новых падзаконных актаў. Зрэшты, трэба заўважыць, што сістэма нацыянальнага права Беларусі арыентавана на перманентнае ўдасканаленне, таму можна спадзявацца, што магчымае заключэнне міжнароднага дагавора з адной з міравых рэлігій, распаўсюджанай у краінах з самымі рознымі прававымі сістэмамі, стане дадатковым імпульсам да мэтанакіраванага развіцця як беларускага права ўвогуле, так і заканадаўства ў рэлігійнай сферы ў прыватнасці.

— Дзякуй за размову.
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа