Пошук

14.07.2009 13:44  
Чым з’яўляецца пакліканне да святарскага або манаскага жыцця? Ці можна растлумачыць гэтую таямніцу і як не занядбаць яе? Хто такі святар? У чым крыніца душпастырскай любові святара? Пра гэта і іншае у інтэрв’ю для Catholic.by апавядае кс. Ігар Лашук SDB.

— Чым з’яўляецца пакліканне да святарскага або манаскага жыцця? Ці можна растлумачыць гэтую таямніцу?

— Складана адным словам акрэсліць, чым з’яўляецца пакліканне да святарскага або манаскага жыцця. Першая думка, якая прыходзіць, гэта — вялікая таямніца Божая. Хвіліну таму маліўся і задаў сабе пытанне: што такое пакліканне? Ці залежыць пакліканне ад нас? Так, гэта вялікая таямніца Божая, але кожная Божая таямніца патрабуе супрацоўніцтва з чалавекам. Божая ласка неабходна чалавеку для збаўлення, але калі ён адкідвае Божую ласку, то чыніць грэх супраць Духа Святога. Можна прывесці просты прыклад: асвячаная вада. Для таго, каб яна не стала чымсьці «магічным», чалавеку, калі ён будзе ўжываць гэтую ваду, неабходна памятаць, што важна працаваць над уласным жыццём, працаваць над сабою. Супрацоўніцтва Божай ласкі і праца чалавека над сабою, даюць эфект. Эфект, дасягнуты з Божай ласкай, заўсёды трывалы, ён мае вечны сэнс. (...) Аднак і гэты эфект, калі мы перастанем супрацоўнічаць з Богам, таксама можа ў любую хвіліну скончыцца. Тым не менш, гэты эфект пэўным чынам застаецца ў душы чалавека, і раней ці пазней гэта будзе залічана чалавеку, раней ці пазней эфект, дасягнуты з Божай ласкай, прывядзе чалавека да збаўлення.

На маю думку, пакліканне да святарства або манаскага жыцця — гэта, перш за ўсё, Божая ласка. Вялікая Божая ласка, дадзеная чалавеку, вялікі дар. Чалавек не можа да канца гэтага зразумець і ніколі не зразумее. Можа, толькі калі ўбачыць Езуса Хрыста тварам у твар. Можа, толькі тады зразумее, чым з’яўляецца пакліканне да святарскага або манаскага жыцця. Як у Евангеллі напісана, «каму даручана шмат, ад таго больш і запатрабуюць».

Якім чынам не занядбаць гэтую таямніцу? Некалі даўно я чытаў цікавую кнігу, аўтарам якой з’яўляецца пэўная сястра законная з Англіі. Там я прачытаў такую думку, што калі ў чалавека хоць раз у жыцці ўзнікла ідэя (я б нават падкрэсліў, «неадчэпная» ідэя) стаць законнікам, законніцай або святаром, значыць Бог ужо кліча гэтага чалавека, Бог дае імпульсы да душы чалавека праз гэтыя думкі. Калі чалавек дае ход гэтым імпульсам, не марнуе іх у сабе, то будзе карысць чалавеку. Занядбаць пакліканне можна ў любы момант — напачатку, у самым, як кажуць, разгары і ў канцы. Гэта значыць, калі чалавек не развіваецца ў пакліканні, яно знікне. Найлепшае развіццё паклікання — у яго рэалізацыі. Што такое пакліканне? «Ідзіце за Мною», — сказаў Хрыстус. Пакліканне — гэта рух. А рух — гэта місія. І калі мы не выконваем сваёй місіі, а з’яўляемся, у пэўным сэнсе слова, паразітамі, раней ці пазней гэтае пакліканне закончыцца. Заўсёды павінна быць актыўнасць у малітве, у абвяшчэнні Евангелля. (...) Узгадаем святога айца Піо. Яму забаранілі ўсё, пакінулі дазвол толькі на малітву. Ён нават гамілію не мог прамаўляць. Аднак на святую Імшу, якую ён цэлебраваў, збіралася шмат людзей, дзеля таго, каб толькі паглядзець, як ён моліцца.

Занядбаць можна не толькі пакліканне. Можна занядбаць душу сваю, усё жыццё сваё змарнаваць.

— Часам складана сучаснаму маладому чалавеку адважыцца пайсці за Хрыстом. Не менш складана паведаміць пра гэта бацькам. Як бацькі павінны адрэагаваць на такое рашэнне свайго сына або дачкі? Чым яны могуць яму дапамагчы?

— Я яшчэ не ведаю ніводнага чалавека, які б пайшоў за Хрыстом, і каб рэакцыя яго бацькоў была абсалютна адэкватнай. Важна, каб сям’я была поўная, дзе дзіця выхоўвалася і мужчынам і жанчынаю. На маю думку, толькі тады чалавек выхаваны па-сапраўднаму. Я лічу, што малады чалавек павінен быць з поўнай сям’і. Гэта першае і асноўнае. Напэўна, юнаку або дзяўчыне лягчэй, калі сям’я веруючая, калі ёсць духоўная падтрымка. Цяжэй, калі ён адзін з вераю выкрышыўся з гэтай сям’і. У такім выпадку намнога цяжэй, тады духоўнай падтрымкі з боку сям’і амаль што няма. Як няверуючы можа зразумець чалавека, які хоча прысвяціць сваё жыццё Богу? Ніколі! Гэта драма паклікання існавала на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства. Драма паклікання, бо бацькі хочуць мець унукаў, прадаўжэнне роду. І гэта натуральна. У Каталіцкім Касцёле пакліканне звязана з цэлібатам. Таму бацькі ў такой сітуацыі адчуваюць сябе, у пэўным сэнсе, пакрыўджанымі. Калі бацькі да таго ж няверуючыя, гэта нармальная рэакцыя. Бо якія ў іх мэты жыцця? Звычайная святая мэта, якую паставіў у жыцці чалавека Пан Бог, — «пладзіцеся і размнажайцеся».

Здараецца, што пакліканне ідзе з сям’і, у якой толькі адно дзіцятка. Гэта можа стаць трагедыяй для сям’і. У нашай сям’і было пяць дзяцей. Я памятаю, калі паведаміў пра сваё рашэнне пайсці ў семінарыю, у мамы трошкі слёзы пакаціліся, бацька трошкі пазлаваўся. Але гэтая рэакцыя працягвалася, можа, хвіліну, і на гэта былі свае прычыны. Я тады вучыўся ў сельскагаспадарчым інстытуце ў Гродне. У тыя часы гэта была ўжо нейкая кар’ера, распачаты нейкі шлях, укладзены грошы ў будучыню. Такім чынам, ужо, здавалася, будучыня праяснялася, а тут трэба было ўсё гэта пакінуць. Яшчэ і часы былі такія, што гэта не віталася ні дзяржавай, ні грамадствам. Многім было не зразумела, навошта гэта. Таму пакліканаму са шматдзетнай сям’і заўсёды прасцей, бо ёсць падтрымка ад сям’і.

Дзеці выбіраюць шлях у сваім жыцці. Чамусьці няма праблемаў, калі дзіця збіраецца ажаніцца ці выйсці замуж. Часамі закладаюць сем’і з няверуючым чалавекам. І бацькі выдатна разумеюць, што іх дачка або сын будзе пакутаваць усё жыццё. Але чамусьці ніякіх праблемаў і слёз пры гэтым не ўзнікае, а ўзнікае толькі пачуццё радасці, якая можа скончыцца праз некалькі месяцаў.

— Маладая асоба ўступіла на шлях асаблівага служэння Богу, пачынае рабіць першыя крокі... Наколькі важна «пакліканаму» маліцца ў сваёй жа інтэнцыі?

— Вельмі важна маліцца за сваё пакліканне, працаваць над сваім пакліканнем. Малітва — гэта аснова. Калі знікае малітва, я не ведаю, колькі пакліканне яшчэ «пражыве». Можна прывесці параўнанне: што будзе з целам, калі мы перастанем даваць яму харчаванне? Добра, калі за гэтую душу яшчэ нехта моліцца, бо, у пэўным сэнсе, малітва — гэта харчаванне для душы. Калі знікае кантакт з Божай энергіяй, але за чалавека нехта моліцца, то пакліканне яшчэ трывае. Пакліканы павінен маліцца і выконваць духоўныя практыкі. Абавязкова! Паглядзім на Хрыста. Хрыстус дае асабісты прыклад: ідзе ў пустыню, у месца адасобленае, моліцца. Гэтае ж Ён наказвае і Апосталам: ідзіце памаліцеся, пабудзьце нейкі час сам-насам. Хрыстус таксама пасылае іх на місіі. Але таксама нагадвае пра час для адпачынку і малітвы.

Вельмі важна, што моляцца за пакліканых! Асабліва падчас адарацыі. На маю думку, адарацыя— гэта яднанне з Богам, непасрэднае яднанне з Богам. На чалавека падае святло ад Эўхарыстыі, і тады адбываецца амаль што матэрыяльнае з’яднанне чалавека са святлом Божай любові. Гэта адна з наймацнейшых малітваў на зямлі, якая можа перамагчы ўсе скалы. Аднак чалавек павінен не толькі ў гэта паверыць, але і чыніць гэта. Можна пераконваць у гэтым увесь свет, але важна адказаць самому сабе: ці я гэта раблю? Я заўсёды стаўлю перад сабою гэтае пытанне. Якая мая адарацыя? Якая мая малітва? Што я раблю ў гэтым накірунку?

— Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі перажывае крызіс пакліканняў. На Вашу думку, кс. Ігар, з чым гэта звязана?

— Сёння ўвесь свет перажывае крызіс пакліканняў. Сказаць шчыра, паляпшаецца дабрабыт — зніжаецца колькасць пакліканняў, у нейкім сэнсе. Чаму так? Чалавек пачынае больш клапаціцца пра матэрыяльнае. Некалі я вывучаў англійскую мову. Мае настаяцелі накіравалі мяне ў Лондан на тры месяцы ў салезіянскую школу. Памятаю, ехаў я ў метро на заняткі і прачытаў такі надпіс: «Улада, грошы, секс». Што нішчыць чалавека? Калі чалавек імкнецца да грошаў, да ўлады, дасягае пэўнага дабрабыту, яго ахоплівае гультайства духоўнае і фізічнае, што вядзе нават да сексуальных перагібаў у жыцці чалавека. На маю думку, сёння адной з прычын крызісу пакліканняў з’яўляецца дабрабыт грамадства. У пагоні за матэрыяльным бацькі забываюцца пра тое, што ў іх ёсць дзеці, губляецца ідэя выхавання дзяцей, ідэя духоўных каштоўнасцяў у сям’і. Хтосьці ў гэтай пагоні адстае, не паспявае за іншымі. Такі чалавек не вытрымлівае і пачынае шукаць іншых багоў і, як вынік, — алкаголь, наркаманія або абсалютнае занядбанне. Сёння такіх сем’яў, якія вядуць жыццё, згоднае з вераю, — адна на сто.

Па-другое, жыццё сучаснага чалавека мае вельмі імклівы тэмп. Таму побач з чалавекам павінен прысутнічаць нейкі бачны хрысціянскі сімвал, напрыклад, касцёл або капліца. У нас іх практычна няма.

— Хто такі святар? Якія абавязкі ўскладае на яго Бог?

— Святар, перш за ўсё, з’яўляецца чалавекам веры, які ідзе і абвяшчае Евангелле. Пра абавязкі святара можна прачытаць у Святым Пісанні: што рабілі апосталы, тое павінны рабіць і святары. Калі паглядзець кананічнае права, яно таксама з Евангелля ўзятае. Будзеш спаўняць Евангелле — усё будзе нармальна.

— Вядома, што святар, перажываючы духоўнае бацькоўства ў адносінах да сваёй парафіі, адчувае радасць. У чым крыніца душпастырскай любові святара?

— Многае залежыць ад чалавека, ад таго, у якой сям’і ён выхоўваўся і як выхоўваўся. Ці навучылі яго добра адносіцца да іншага чалавека. Трэба вучыцца не зайздросціць, але радавацца за іншых людзей. Радасць заўсёды будзе поўнай, калі чалавек не зайздросціць іншаму ў пэўнай ласцы. Радавацца за іншага чалавека, радавацца, што яму добра — гэта вельмі вялікая Божая ласка. Грэх Юды — зайздрасць. З цягам часу яго зайздрасць перарасла ў незадавальненне, і здарылася бяда. Так і святар павінен радавацца за сваіх парафіянаў, якія стараюцца нечага дасягнуць у сваім жыцці, якія маюць унутраную радасць. Цешыцца з таго, што ім удаецца і ў духоўным, і ў матэрыяльным жыцці. Альбо нехта са святароў атрымаў пэўны навуковы тытул, або мае выдатныя здольнасці да чаго-небудзь. Дзякаваць Пану Богу! Памятаем, як напісана ў Святым Пісанні: аднаму слузе гаспадар даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін, кожнаму паводле яго магчымасцяў. Першы і другі слуга пацешыліся таму, што атрымалі ад гаспадара, і прыдбалі іншыя таланты, а той, што атрымаў адзін талант, ледзь не памёр ад зайздрасці і проста яго закапаў.

Бацькоўства святара... Гэта сапраўды павінен быць айцец, а не айчым, які наракае, што ў парафіі ўсе дрэнныя. Гэта гаворыць пра адсутнасць у святара любові да іншага чалавека, а пакліканне для яго з’яўляецца толькі задавальненнем ўласных патрэбаў.

— Калі вернікі моляцца за сваіх святароў, паміж імі зараджаецца праўдзівае Божае адзінства...

— Я вельмі ўдзячны за малітву. Удзячны моладзі з нашай парафіі за ўдзел у руху «Маргарытка». Я сапраўды вельмі адчуваю гэтую падтрымку. Калі б не гэтыя малітвы, не ведаю, што б са мною сёння было. Настолькі шмат спакусаў у гэтым свеце! Баюся нават думаць часам. Я адчуваю, што моц малітвы ратуе мяне ў многіх сітуацыях.

— Той, хто ведае, што Бог заўсёды побач, той і вядзе сябе адпаведна ў Яго прысутнасці. Напэўна, не проста святару (як і кожнаму чалавеку) не прызвычаіцца да штодзённых хрысціянскіх практык як да чагосьці паўсядзённага, даведзенага да аўтаматызму?

— У нас кажуць: маліся так, як на першай святой Імшы. Хрыстус пасылаў сваіх вучняў на пустыннае месца, каб пабылі адны. Гэта значыць, што у святара павінен быць адпачынак. Безумоўна, адпачынку перад Богам няма. Павінна быць малітва, святая Імша. Проста чалавеку часам неабходна пабыць аднаму. Але гэта не значыць, што трэба адразу ўключаць тэлевізар ці што іншае. Трэба ў семінарыі вучыць, як павінен адпачываць святар. Важна не толькі навучыць працаваць святароў, але таксама і правільна адпачываць. Калі выдалася свабодная хвілінка, гэта не значыць, што трэба садзіцца за камп’ютэр і працаваць.

— Пакліканне да святарскага або манаскага жыцця, як і любое іншае, рэалізуецца на працягу ўсяго жыцця. Як не спыніцца? Як працягваць ўзрастаць у гэтым дары і кожны дзень распазнаваць Божую таямніцу свайго паклікання, нягледзячы на выклікі сучаснага свету?

— Безумоўна, пачынаецца штодзённасць. Як кажуць: узяўся за плуг — не азірайся. Так у любым пакліканні. Я хачу падкрэсліць: вельмі важна маліцца.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа