Пошук

14.07.2009 13:41  
Зыходам зямнога жыцця чалавека з’яўляецца смерць і вечнасць. Як хрысціянін павінен здзейсніць абрад пахавання блізкай яму асобы, чым ён можа дапамагчы душы памерлага, што мае большую вартасць — малітва ці добрае «памінальнае меню»? Пра гэта чытайце ў інтэрв’ю з кс. Ігарам Лашуком SDB, дэканам Серабранкаўскім.

— Ксёндз Ігар, на размову да Вас прывяла мяне тэма актуальная ва ўсе часы, — пахаванне і памінкі. Страту блізкага чалавека, сябра або проста знаёмага раней ці пазней давядзецца перажыць кожнаму без выключэння. Скажыце, калі ласка, як арганізаваць пахаванне па-хрысціянску?


— Перш за ўсё, пахаванне не павінна быць нейкім горам, няшчасцем, трагедыяй. Часам, калі памірае малады чалавек, на пахаваннях можна назіраць, што для яго сям’і гэта вялікая трагедыя, калі памірае хтосьці старэйшы, то ўжо не так. Калі чалавек быў няверуючы, калі ён не прыступаў да споведзі і не ўдзельнічаў у жыцці Касцёла з духоўнага пункту гледжання — не прапаведаваў Евангелля, не імкнуўся сведчыць аб веры сваім жыццём, не жыў Евангеллем, — бо, як мы чытаем у Святым Пісанні, «Валадарства Нябеснае сілаю здабываецца і гвалтаўнікі захапляюць яго», тады гэта сапраўды трагедыя, бо адсутнічае перспектыва змёртвыхпаўстання. Напэўна, калі зыходзіць з гэтага свету чалавек, які верыў і сведчыў аб сваёй веры, роспач ахіне таго, хто няверуючы. Веруючы чалавек успрымае гэта інакш: чалавека шкада, бо да яго прывыклі, яго любілі. Але Бог дае ласку і дае яе настолькі, наколькі чалавек верыць. Гэта значыць, калі чалавек адыходзіць, мы разумеем і верым у тое, што нас чакае ўваскрашэнне, што мы сустрэнемся ў небе. Вось з гэтай перспектывы Божага Валадарства, якое нас чакае, з перспектывы ўваскрашэння, чалавек зусім іншакш успрымае адыход з зямнога жыцця.

Пахаванне адбываецца згодна з абрадамі, якія ўстанаўлівае святы Каталіцкі Касцёл. Іншых абрадаў у нас няма. Таму іншыя абрады, якія далучаюцца да абрадаў, устаноўленых Касцёлам, з’яўляюцца паралітургічнымі або пазалітургічнымі. Напрыклад, як паводзіць сябе, калі ў хаце знаходзіцца цела памерлага. Па-першае, неабходна падрыхтаваць пакой. Абстаноўка ў ім павінна быць сціплая. Па-другое, трэба захоўваць адпаведную атмасферу: чалавек адышоў, тут знаходзяцца толькі яго астанкі. Звычайна цела прывозяць у пахавальную каліцу або ў касцёл, дзе можна пабыць пры целе памерлага, памаліцца. Павінна прысутнічаць хрысціянская сімволіка — крыж і запаленыя свечкі. Гэта абавязковая сімволіка. Быў у маёй практыцы такі выпадак, калі я прыйшоў на пахаванне, а замест крыжа стаяла бутэлька гарэлкі і дзве запаленыя свечкі па баках. Смешна і грэшна, як кажуць!..

Я лічу лішнімі развітанні на могілках, хоць такая традыцыя ёсць, і гэта не дрэнна. (...) Але згодна з традыцыяй Каталіцкага Касцёла каля цела моляцца дома, святар акрапляе цела святою вадою, затым ідзе абрад развітання, калі могуць падысці і развітацца з целам, пасля чаго труна закрываецца і больш не адкрываецца.

Калі чалавек памірае, нельга глядзець на гэта з перспектывы болю ці нейкай роспачы, але трэба глядзець з перспектывы ўваскрашэння. Безумоўна, нам шкада чалавека. Хрыстус таксама плакаў, калі памёр Лазар. Але Хрыстус запытаўся: Ты верыш, што Я — Уваскрасенне і Жыццё? Верыш, што Я ўваскрэсну на трэці дзень? — Веру, Пане.

— Яшчэ раз хацелася б пачуць пра каштоўнасць малітвы за памерлага, пра неабходнасць споведзі і прыняцця святых сакрамэнтаў. Можа, варта было б адмовіцца ад пэўных дрэнных звычак дзеля збаўлення душы памерлага?

— Малітва за памерлага вельмі каштоўная. Гэта мы ведаем са Святога Пісання, а таксама з розных аб’яўленняў, падчас якіх чалавеку адкрываецца праўда пра чысцец. Было б вельмі добра, каб была такая супольнасць, якая б малілася за душы, якія церпяць у чыстцы. Якая б гэта была вялікая дапамога тым душам, а колькі дапамогі нам!..

Расказваюць, як аднойчы адзін мужчына захацеў напалохаць сваю жонку, якая ўвесь час хадзіла маліцца за памерлых, калі хто паміраў у іх вёсцы або ў суседніх вёсках. Вырашыў схавацца і напалохаць яе, каб больш не было ў яе жадання «швэндацца». Выглянуў і бачыць: ідзе жонка, а за ёю мноства людзей — яе суправаджалі тыя памерлыя, за якіх яна малілася. Выйшла так, што ён сам спалохаўся.

— Пахаванне і памінкі вельмі часта набываюць свецкі характар. Як захаваць малітоўную атмасферу ў гэтыя дні? Ведаю, што практыкуючыя хрысціяне запрашаюць іншых вернікаў на супольную малітву каля памерлага.

— Так, калі ў сям’і гора, блізкія стараюцца запрасіць веруючых людзей, якія моляцца за памерлых, спяваюць адпаведныя спевы каля цела памерлага. Было б вельмі добра запісаць дыск да малітоўніка з малітвамі за памерлых, каб дапамагчы арганізаваць малітву, бо часта чалавек не ўмее маліцца. Гэта дапамагло б пабыць пры памерлым гадзіну-дзве ў малітве. Напэўна, гэта была б добрая евангелізацыйная акцыя. На пахаванне, памінкі прыходзяць людзі розныя, можа, нават неахрышчаныя. Многія ніколі святара не бачылі і не чулі пра Езуса Хрыста. Таму, як кажуць, па волі лёсу, да чалавека можна такім чынам данесці Божае слова. І гэтай магчымасцю неабходна карыстацца, каб менавіта ў гэтую хвіліну да іх прамовіў Бог.

— Як трэба рэагаваць на сны, у якіх мы бачым памерлых?

— Часта гавораць: «Мне прысніўся нябожчык і прасіў есці». Трэба памаліцца. Можа быць такое ўздзеянне праз сон, бо ў гэты час душа чалавека мае найбольш незалежны стан ад цела. Калі памерлы сніцца ў чорным, цёмным адзенні або ў непрыемным стане, значыць трэба больш за яго памаліцца, ахвяраваць за яго душу нейкія свае цярпенні. Трэба памятаць, што за памерлага неабходна адправіць тры святыя Імшы — пахавальную, на 30 або 40 дзён (гэта залежыць ад рэгіёну) і ў гадавіну смерці. Можна таксама замовіць грыгарыянскую святую Імшу. Ведаем, што асаблівым часам малітвы за памерлых з’яўляецца месяц лістапад. За памерлых трэба маліцца пастаянна. Гэта малітва вельмі важная. Мы заўсёды памятаем добрых людзей, але нават калі няма чаго добрага ўспомніць пра чалавека, трэба ўсё роўна маліцца за яго.

— Людзі цікавяцца: ці можна фарбаваць яйкі на Вялікдзень, калі ў гэтым годзе памёр нехта з блізкіх; ці трэба завешваць люстэркі ў хаце, дзе знаходзіцца цела памерлага; што трэба класці ў труну і г. д.

— Па-першае, трэба адзначыць, што фарбаванне яек — гэта звычайная традыцыя. Пра тое, што іх увогуле трэба фарбаваць, нідзе (у Святым Пісанні, я маю на ўвазе) не напісана. Калі людзі такім чынам хочуць захоўваць жалобу, то няхай лепш не п’юць гарэлкі цэлы год. Гэта будзе сапраўдная жалоба. Або не хадзіць цэлы год на танцы — гэта таксама сапраўдная жалоба.

Што датычыць завешвання люстэрак, безумоўна, у гэтым прысутнічае пэўны забабон, але я лічу так: хочуць завешваць — няхай завешваюць. У гэтым выпадку я заўсёды звяртаюся да Святога Пісання. У ім сустракаюцца апісанні абрадаў пахавання, намашчэння цела памерлага. Ведаем, Хрыста таксама прыйшлі, каб намасціць. Гэта рабілася, каб цела даўжэй не раскладалася. Бачым, цела Хрыста было завернута ў плашчаніцу. Гэта былі традыцыйныя абрады.

Калі верым у забабоны, мы парушаем першую Божую запаведзь: Не май іншых багоў, апроч Мяне. У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла мы чытаем: «Забабоны — гэта скажэнне рэлігійнага пачуцця і прадпісаных ім паводзінаў. Яны могуць аказаць уплыў і на пакланенне сапраўднаму Богу, напрыклад, калі прыпісваюць нейкае магічнае значэнне дзеянням, у іншым плане законным альбо патрэбным. Таму важна, каб забабонаў не было, бо з імі заўсёды звязаны магічныя рытуалы.

Часам людзі пытаюцца, што рабіць з тымі рэчамі, якія засталіся пасля памерлага — ружанцы, крыжыкі, абразкі. Калі вы не будзеце імі карыстацца, калі не хочаце пакінуць гэта на памяць аб сваім блізкім, пакладзіце іх ў труну. Бо лепш няхай гэта будзе закапана разам з памерлым, чым будзе выкінута на сметнік. Старыя малітоўнікі можна прынесці ў касцёл. У труну не кладуць грошы — гэта язычніцкая традыцыя. Некаторыя бутэльку кладуць у труну, нібы кажуць: «Піў тут — заліся і там...»

— І зноў пра алкаголь на памінках...

— Гэта вельмі трагічная з’ява, якая засталася з часоў бальшавізму. Людзей адвучылі маліцца, лічылася, што дастаткова выпіць за чалавека.

— Блізкія заўсёды стараюцца паставіць помнік на магіле свайго блізкага. Што варта на ім напісаць?

— Надпіс на помніку звычайна адлюстроўвае веру чалавека. Словы «помнім, плачам, смуткуем» — гэта крывадушнасць. Наш смутак памерламу не патрэбны, лягчэй яму ад гэтага не стане. Вельмі добра, калі на помніку змешчана просьба аб малітве. Чалавек, які прыйдзе на магілу або будзе праходзіць каля яе, мімаволі памоліцца. Крыж, імя і прозвішча, калі нарадзіўся і памёр — больш нічога не трэба.

Размаўляла Валянціна Крутая
Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.