Пошук

14.07.2009 13:09  

Пасля ўрачыстага адкрыцця Міждыяцэзіяльнай сустрэчы каталіцкай моладзі ў Івянцы наш карэспандэнт узяў інтэрв’ю з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Падчас гэтай размовы Мітрапаліт распавёў пра зараджэнне ідэі правядзення такога мерапрыемства і яе рэалізацыю, а таксама падзяліўся сваімі ўражаннямі аб гэтай сустрэчы.

— Ваша Эксцэленцыя, раскажыце, калі ласка, як з’явілася ідэя правядзення Міждыяцэзіяльнай сустрэчы каталіцкай моладзі і чаму месцам гэтай сустрэчы стаў менавіта Івянец?

— Справа ў тым, што ехаць у Аўстралію — гэта вельмі далёка. Трэба было нешта зрабіць, каб даць магчымасць усім жадаючым далучыцца да гэтай урачыстасці. Нельга было так пакінуць моладзь, бо ў Сіднэй паехалі толькі каля 10 чалавек... Так, на пасяджэнні Канферэнцыі Біскупаў узнікла прапанова правесці Міждыяцэзіяльную сустрэчу каталіцкай моладзі Беларусі, прымеркаваную да Сусветных дзён моладзі. Тады ўзнікла пытанне: дзе арганізаваць гэтае мерапрыемства? Францішкане прапанавалі ўсіх запрасіць да сябе. Добра, калі хтосьці запрашае. Так было вызначана месца правядзення моладзевай сустрэчы. Кожныя 2–3 гады праходзяць Сусветныя дні моладзі. Ведаеце, я ўжо быў на 7-мі такіх Днях моладзі. Таксама ў Расіі мы рабілі ўсерасійскую сустрэчу моладзі напярэдадні Сусветных дзён моладзі. Яна адбывалася па чарзе ў кожнай дыяцэзіі.

— Як вядома, Міждыяцызіяльная сустрэча моладзі ў Івянцы прымеркавана да Сусветных дзён моладзі, якія праводзяцца ў гэты ж час ў аўстралійскім Сіднэі з удзелам Святога Айца Бэнэдыкта XVI. Вам пашчасціла некалькі разоў сустракацца з Папам Рымскім. Раскажыце, калі ласка, які гэта чалавек у жыцці і пастырскім служэнні.

— Святога Айца Бэнэдыкта XVI я ведаю ўжо вельмі даўно, бо быў на многіх Сінодах Біскупаў, дзе заўсёды прысутнічаў і ён як прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Акрамя таго, у нас была сумесная праца па перакладзе Катэхізіса на рускую мову. Кангрэгацыя павінна была зацвердзіць гэты Катэхізіс, а Бэнэдыкт XVI (тады яшчэ кардынал Ёзаф Ратцынгер) — паставіць подпіс. Таму я з ім перагаварыў, прадставіў свой план, як мы будзем перакладаць (бо гэта вельмі складаная справа — няма выпрацаванай тэрміналогіі, перакладчыкаў і г. д.). Ён мне тады вельмі добрыя словы сказаў: «Памятай, што гэтым Катэхізісам будуць карыстацца ў Расіі, у Беларусі, таксама і ва Украіне». Таму трэба было вельмі ўважліва сачыць, каб тэрміналогія адэкватна ўспрымалася праваслаўнымі братамі. Я ўзяў да сэрца гэтую яго параду і хутка напісаў ліст да Патрыярха Алексія II. Той прызначыў чалавека, які стаў экспертам з боку Праваслаўнай Царквы і з якім мы працавалі. А потым, калі ўжо Бэнэдыкт XVI стаў Папам (я яшчэ працаваў у Расіі), была арганізавана пілігрымка з Пецярбурга. Здарылася так, што ён упершыню, будучы Папам, падышоў менавіта да нашай пілігрымкі. Некалькі тыдняў назад, калі я атрымаў з рук Святога Айца палій Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, ён быў пад вялікім уражаннем ад таго, што яму расказаў кардынал Тарчызіо Бэртонэ пасля наведвання Беларусі. У мяне былі дзве кароткія размовы з Бэнэдыктам XVI (падчас атрымання палія і на наступны дзень), падчас якіх Папа выказаў радасць з прычыны таго, што ў нас такі жывы Касцёл і так шмат людзей да яго належаць. Тады я сказаў, што ўсе мы цяпер чакаем яго прыезду, і пачуў у адказ: «Калі Бог мне дазволіць». Гэта вельмі прыемны чалавек, з пачуццём гумару, вельмі адукаваны. Такіх тэолагаў, як ён, вельмі мала ёсць цяпер у свеце.

— Ваша Эксцэленцыя, ці ведае Папа Бэнэдыкт XVI пра наш «беларускі Сіднэй»?

— Я размаўляў з ім перад паездкай у Будслаў і расказаў, што там будзе каля 30 тысяч чалавек. Ён адказаў: «Павіншуйце ўсіх і ўдзяліце благаслаўленне». На тэму Міждыяцэзіяльнай сустрэчы каталіцкай моладзі ў Івянцы мы не размаўлялі, але я адзначыў, што ў нас многа розных падзей адбываецца. На жаль, на размову шмат часу не было.

— Скажыце, калі ласка, Ваша Эксцэленцыя, як Вы ацэньваеце арганізацыю гэтай урачыстасці?

— Мы робім гэта ўпершыню, таму, зразумела, яшчэ хапае арганізацыйных недахопаў. Ведаеце, некалькі месяцаў для падрыхтоўкі — гэта вельмі мала. Таму трэба дзякаваць усім тым, хто так многа зрабіў для ажыццяўлення гэтага мерапрыемства. Але па моладзі бачна, што яны задаволеныя.

— Ці плануецца ў будучым зрабіць правядзенне такіх міждыяцэзіяльных сустрэч добрай і трывалай традыцыяй?

— Паглядзім, якія будуць адозвы. Напрыклад, у Расіі мы праводзілі такія сустрэчы кожныя 2–3 гады, напярэдадні Сусветных дзён моладзі.

— Ваша Эксцэленцыя, што на заканчэнне гэтай размовы Вы хацелі б пажадаць нашай моладзі?

— Сведчанні чакаюць місіянераў. І гэтымі місіянерамі павінны быць не толькі манахі, святары, біскупы і г. д., але таксама свецкія людзі, асабліва моладзь, поўная духоўнага энтузіязму. І для гэтага не трэба ехаць у Афрыку, Лацінскую Амерыку ці Азію. Сярод нас многія жывуць так, быццам Бога зусім не існуе. Можна данесці да іх сведчанне аб Хрысце, прычым не толькі словам, але і сваім прыкладам. Жадаю маладым людзям быць поўнымі Духа Святога сведкамі Евангелля.

— Дзякуй Вам вялікі за размову.

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.