«Мы бязмежна ўдзячныя Божаму Провіду за тое, што ён пажадаў адрозніць наш горад такім вялікім дарам, як набажэнства да Божай Міласэрнасці, і што тут з’явілася адна з дзвюх малітваў (пасля „Ойча наш“), прадыктаваная Езусам», — кажа пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні ксёндз Тадэвуш Ясінскі.
Інтэрв’ю, якое святар даў карэспандэнту Каталіцкага інфармацыйнага агенцтва КАІ Кшыштафу Галэмбіёўскаму, было апублікавана 8 красавіка, калі ў Касцёле праходзіць Навэнна да Божай Міласэрнасці, што папярэднічае Другой Велікоднай нядзелі, абвешчанай святым Янам Паўлам ІІ Нядзеляй Божай Міласэрнасці. Ксёндз Ясінскі распавядае пра тое, як перажываюць яе вернікі ў горадзе, які адыграў вялізную ролю ў нараджэнні гэтага культу, а таксама пра яго мясцовыя асаблівасці.
— Вільня, а канкрэтна тутэйшы касцёл Святога Духа, — гэта калыска набажэнства да Божай Міласэрнасці і месца аб’яўленняў Езуса Хрыста святой сястры Фаўстыне Кавальскай. Як цяпер выглядае гэты культ у горадзе і ва ўсёй Літве?
— Калі казаць пра Вільню, з часу папулярызацыі гэтага культу ў касцёле Святога Духа ў 90-х гадах мінулага стагоддзя ён шырока распаўсюдзіўся па літоўскіх парафіях горада.
Быў выдадзены «Дзённік» святой Фаўстыны на літоўскай мове, з’явіліся турыстычныя даведнікі на розных мовах па віленскім «Шляху Міласэрнасці».
Быў капітальна адрамантаваны дом святой Фаўстыны на Антокалі — месца, дзе ўзнік Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Культ распаўсюдзіўся таксама па іншых парафіях Літвы і працягвае развівацца. Нядаўна з’явілася яго новая мясцовая асаблівасць: «выпамінкі» за жывых на працягу Тыдня Міласэрнасці, які ў Літве праходзіць з Велікоднага панядзелка да Нядзелі Міласэрнасці.
— Як Касцёл у краіне рыхтуецца да Нядзелі Міласэрнасці? Якія ў сувязі з гэтым прадпрымаюцца душпастырскія ініцыятывы?
— Галоўны цэнтр святкавання — гэта, безумоўна, санктуарый Божай Міласэрнасці, у якім падрыхтавана шмат разнастайных прапаноў. Гэта і па пяць святых Імшаў штодзённа (4 па-літоўску і адна па-польску), і ўсяночная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, і канферэнцыі на тэму сямейнага жыцця, і спяваныя на розных мовах Евангелле і Апакаліпсіс святога Яна.
Усе гэтыя падзеі і набажэнствы можна паглядзець у прамой трансляцыі на партале www.gailestingumas.lt, а таксама пачуць у эфіры літоўскага Радыё Марыя (Marijos Radijas). Прадугледжана таксама трансляцыя святой Імшы на англійскай мове для Злучаных Штатаў праз сетку EWTN Global Catholic Network, а таксама па-французску на Radio Esperance.
Акрамя таго, Цэнтр пілігрымак Віленскай архідыяцэзіі арганізуе пілігрымку Шляхам Міласэрнасці з Вострай Брамы да дома святой Фаўстыны.
— У 2005 годзе кардынал Юозас Бачкіс распарадзіўся перанесці арыгінал абраза Езуса Міласэрнага з вашай святыні ў касцёл Святой Тройцы, што выклікала неазадаволенасць тутэйшых палякаў. Як сёння вяглядае гэтая справа, ці Божая Міласэрнасць яднае, а не падзяляе жыхароў Вільні?
— Вядома, Божая Міласэрнасць вышэй за падзелы і аб’ядноўвае, хоць пэўная горыч ад тых падзей засталася.
— Чым для Вас як пробашча, а таксама асабіста як для веруючага чалавека з’яўляецца культ Божай Міласэрнасці? Ці тое, што Вы жывяце ў горадзе, дзе нарадзілася гэтае набажэнства, мела для Вас ісотнае значэнне?
— Мы бязмежна ўдзячныя Божаму Провіду за тое, што ён пажадаў адрозніць наш горад такім вялікім дарам, як набажэнства да Божай Міласэрнасці, і што тут з’явілася адна з дзвюх малітваў (пасля „Ойча наш“), прадыктаваная Езусам; што тут быў напісаны абраз Езуса Міласэрнага і што тут ужо шмат стагоддзяў узносіцца трон Маці Міласэрнасці ў Вострай Браме.
Гэта нагода для радасці і гонару, а таксама заданне, бо каму шмат дадзена, ад таго таксама шмат патрабуецца.