Пошук

15.01.2021 08:08   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

14 студзеня, вярнуўшыся з праваслаўнага сабору пасля малітоўнага развітання са спачылым Мітрапалітам Філарэтам, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў кароткае інтэрв’ю парталу Catholic.by, у якім распавёў пра тое, што яго звязвала з праваслаўным Экзархам.

— Ваша Эксцэленцыя, як даўно Вы ведалі Мітрапаліта Філарэта?

— Я пазнаёміўся з Мітрапалітам Філарэтам у 1988 г пасля майго прызначэння пробашчам дзвюх парафій у Гродне: Маці Божай Анёльскай і святога Францішка Ксавэрыя. Мітрапаліт сябраваў з Гродзенскім дэканам ксяндзом прэлатам Міхалам Арановічам, які мяне з ім і пазнаёміў.

Мітрапаліт часта наведваў Гродна і падчас вялікіх урачыстасцяў запрашаў. Так мы сталі сябрамі.

Мітрапаліт Філарэт прысутнічаў падчас маёй першай Імшы як біскупа ў Мінску ў касцёле Узвышэння Крыжа на Кальварыі 30 кастрычніка 1989 года і выступіў з прывітальным словам.

Ён шчыра радаваўся таму, што католікі нарэшце маюць свайго біскупа, што будзе спрыяць адраджэнню Касцёла.

— Якія асабістыя рысы адрознівалі гэтага чалавека?

— Высока інтэлігентны, адкрыты для дыялогу, са здаровым пачуццём гумару, што дапамагала ў пошуку выйсця са складаных сітуацый.

Чалавек малітвы, заклапочаны справай духоўнага адраджэння. Яго адрознівала надзвычайная чалавечнасць.

— Чым, на Вашу думку, Мітрапаліт Філарэт, карэнны масквіч, асабліва важны для Беларусі?

— Ён быў прызначаны ў Беларусь у часы ваяўнічага атэізму і адразу звярнуў на себе ўвагу як неардынарная асоба. Тады на небасхіле Беларусі з’явілася свая «Бэтлеемская зорка», імя якой Мітрапаліт Філарэт.

Ён стаў духоўным лідарам нашай краіны і такім быў да канца сваіх дзён.

— У сваім спачувальным слове Вы назвалі Мітрапаліта Філарэта сваім сябрам і настаўнікам. Чаму Вы ў яго навучыліся?

— Найперш адкрытасці ў адносінах з іншымі веравызнаннямі і майстэрству весці дыялог з людзьмі розных поглядаў, перакананняў; з прадстаўнікамі розных слаёў грамадства.

Акрамя таго, ён дапамог мне ўсвядоміць неабходнасць як мага хутчэйшай падрыхтоўкі ўласных кадраў: святароў, катэхетаў, а таксама добрага хрысціянскага выхавання вернікаў.

— Якім чынам паўплываў Мітрапаліт Філарэт на адносіны паміж Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам?

— Ён стаў каталізатарам развіцця гэтых адносін. Мітрапаліт Філарэт дазволіў праваслаўным святарам спавядаць і прычашчаць католікаў з-за вострага недахопу каталіцкіх святароў. Ён сам наведваў каталіцкія святыні і сустракаўся з каталіцкімі святарамі.

Я лічу, што менавіта дзякуючы яго адкрытасці мы сёння маем вельмі добрыя міжканфесійныя і міжрэлігійныя адносіны.

Ён, хіба што, найбольш за ўсіх прычыніўся да таго, каб сёння мы маглі сказаць, што Беларусь сапраўды дыхае двума лёгкімі: заходняга і ўсходняга хрысціянства, як пра гэта марыў святы Ян Павел ІІ.

— Як Вы ацэньваеце перспектыву развіцця каталіцка-праваслаўнага дыялогу ў Беларусі пасля адыходу ў вечнасць Мітрапаліта Філарэта?

— Я ўпэўнены, што адносіны паміж нашымі Цэрквамі будуць развівацца далей. Гэта наша супольная задача і адказнасць, каб разам абвяшчаць праўду Евангелля і адстойваць хрысціянскія каштоўнасці ў сучасным свеце.

Абноўлена 15.01.2021 13:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця