Пошук

21.10.2020 16:55   Паводле: ACI Stampa / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

19 і 20 кастрычніка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч знаходзіўся ў Ватыкане, дзе меў размовы ў Дзяржаўным Сакратарыяце на тэму яго асабістага становішча і сітуацыі ў Беларусі. Пра гэта Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі распавёў у спецыяльным інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму агенцтву ACI Stampa.

— Як вы трапілі ў Рым?

— Мяне выклікалі з Дзяржаўнага Сакратарыяту. У гэтыя дні я сустрэўся з Дзяржаўным Сакратаром кардыналам П’етро Паралінам, з арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам, Сакратаром па адносінах з дзяржавамі.

Мы абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі і маё асабістае становішча.

Мы разважалі над тым, якія крокі зрабіць, каб выйсці з гэтай сітуацыі, у якой я апынуўся, беручы пад увагу, што я не магу вярнуцца ў Беларусь з 31 жніўня. Хоць я гэта ведаў, але цяпер яшчэ больш пераканаўся ў тым, што Святы Пасад прыкладае вялікія намаганні для таго, каб вырашыць гэтую праблему.

— Вы шмат разоў заклікалі да прымірэння падчас пратэстаў у Беларусі. Чаму гэта важна?

— Я вельмі заклапочаны. Сітуацыя ў Беларусі вельмі складаная, амаль крытычная. Мяне непакояць некаторыя лозунгі, якія я бачу і чую навокал: «Не забудзем, не прабачым». Гэта не хрысціянскі падыход. Я заўсёды кажу глядзець на крыж, на Езуса, які, паміраючы, моліць: «Прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».

Без прабачэння няма дарогі да прымірэння, няма дарогі да міру.

Як казаў святы Ян Павел ІІ, прабачэнне — гэта не прыкмета слабасці, а праява сілы. Калі я прабачаю майму ворагу, я перамагаю самога сябе, адмаўляюся ад варожасці, ад таго, што абцяжарвае душу, духоўна ўзрастаю. Гэтаму я вучу людзей як біскуп, таму што гэта — Евангелле. Мы павінны быць міласэрнымі, як нагадвае Папа Францішак.

— У чым Вы бачыце асноўную праблему?

— Я лічу, што гэта праблема ўсяго нашага беларускага грамадства, якое раней выхоўвалася на прынцыпах атэізму, сёння — на прынцыпах секулярызму, што не прызнае духоўных каштоўнасцяў, а толькі матэрыяльныя рэчы і задавальненні.

Сёння, дзякуй Богу, у нас няма ваяўнічай атэістычнай ідэалогіі, але ёсць матэрыялістычны атэізм. Сёння ніхто не пераследуе Касцёл, затое адбываецца пераслед «у белых пальчатках», таму што многія парламенты прымаюць законы, якія супярэчаць Божым законам.

— Вы правялі шмат міжрэлігійных сустрэч. Гэта спосаб дапамагчы ў прымірэнні?

— Так, канечне.

Апошняя міжрэлігійная сустрэча, якую мы арганізавалі ў Чырвоным касцёле ў Мінску ўжо падчас крызісу, была неверагоднай.

Было вельмі шмат людзей: католікі, праваслаўныя, грэка-католікі, пратэстанты, юдэі, мусульмане. Касцёл быў перапоўнены, і я назіраў за гэтымі людзьмі. Я заўважыў адну жанчыну-мусульманку ў другой лаўцы, якая вельмі горача малілася.

Пра сустрэчу было абвешчана ўсяго за дзень да яе правядзення па прапанове [Еўрапейскай канферэнцыі каталіцкіх камісій па пытаннях справядлівасці і міру] Iustitia et Pax, якая заклікала ўсіх хрысціянаў Еўропы разам памаліцца «Ойча наш» аб мірным вырашэнні грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі. Не было часу адправіць афіцыйныя запрашэнні — толькі праз Інтэрнэт. Але ўсе прыйшлі.

Я арганізаваў гэтую сустрэчу не толькі для католікаў, а для ўсіх, і ўсе адгукнуліся.

Гэтая сустрэча стварыла міжканфесійную і міжрэлігійную гармонію, якая з’яўляецца ўвасабленнем новага грамадства, адкрытага для ўсіх вернікаў. Гэта вельмі важна, таму што такім чынам адбываецца яго кансалідацыя. Усе рэлігіі і веравызнанні трымаюцца разам і моляцца разам з адной мэтай — дзеля мірнага вырашэння праблемы.

— Гэтая невялікая сустрэча прадстаўнікоў розных рэлігій у Беларусі, гэтае малітоўнае адзінства можа быць адказам на секулярызацыю Еўропы?

— Маю надзею, што так. Мне здаецца, гэтая малітоўная сустрэча — добры знак для ўсёй Еўропы, калі так шмат людзей розных веравызнанняў моляцца разам.

— Часта кажуць, што Касцёл займаецца палітыкай. Ці так сапраўды было ў Беларусі?

— Не, Касцёл у Беларусі ніколі не рабіў палітычных заяў і не станавіўся на бок тых ці іншых палітычных сіл. Ён толькі абвяшчаў Божы закон і сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла.

Мы ніякім чынам не займаемся палітыкай. Мы не маем такіх мэтаў. Наша мэта — абвяшчаць Евангелле.

Абноўлена 21.10.2020 21:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.