Адказны супрацоўнік Сакратарыяту Caritas у Еўропе Эстэр Бохэ наведала Caritas у Беларусі. Увесь мінулы тыдзень яна не толькі знаёмілася з праектамі і супрацоўнікамі гэтага дабрачыннага каталіцкага таварыства ў нашай краіне, але і дзейнічала як валанцёр.
Caritas Еўропа — аб’яднанне 49 членаў-арганізацый дабрачыннага таварыства з 46 еўрапейскіх краін. Яно з’яўляецца адным з асноўных сацыяльных інстытутаў у Еўропе і адным з сямі падраздзяленняў Caritas Іnternationalis — самай вялікай канфедэрацыі каталіцкіх дабрачынных арганізацый у свеце, чыя дзейнасць накіравана на вырашэнне праблем, звязаных з беднасцю, сацыяльнай ізаляцыяй, няроўнасцю, міграцыяй і г.д.
Таксама ў арганізацыі няспынна вядзецца праца па абмене вопытам і ўмацаванню супрацоўніцтва паміж краінамі-членамі Caritas Еўропа.
Менавіта з такой місіяй Эстэр Бохэ наведала Caritas у Беларусі. Праца валанцёрам па праектах дыяцэзіяльных Caritas дапамагла ёй у поўнай меры даведацца аб працы таварыства тут знутры і пачуць людзей, якім яно непасрэдна аказвае дапамогу.
Эстэр Бохэ адказала на пытанні, якія задалі ёй прадстаўнікі Caritas нашай краіны.
— Эстэр, чым выклікана цікавасць Сакратарыяту Caritas Еўропа да дзейнасці арганізацый Caritas у Беларусі?
— Перш за ўсё вельмі важна, каб усе супрацоўнікі ў Сакратарыяце Caritas Еўропа падтрымлівалі цесную сувязь з нашымі членамі на ўсім кантыненце. Яны ведаюць, што трэба на месцах, і мы ўключаем гэтую інфармацыю ў нашу працу і правільна расстаўляем прыярытэты. І я выбрала Беларусь менавіта таму, што працавала ў асноўным над тэмамі, цесна звязанымі з Еўрапейскім Саюзам. Таму я больш знаёмая з працай нашых членаў у ЕС і хацела лепш даведацца аб працы арганізацый ва Усходняй Еўропе, якія не ўваходзяць у склад Еўрапейскага Саюза.
Мы таксама спрабуем збалансаваць нашыя візіты да ўсіх нашых членаў. Мае супрацоўнікі, якія раней прыязджалі ў Caritas у Беларусі, таксама распавядалі мне шмат цікавага аб вашай працы. Такім чынам, усё гэта разам — спалучэнне меркаванняў і цікавасць да працы вашай арганізацыі — і прывяло мяне да выбару наведаць менавіта Caritas у Беларусі.
— Ты добра ведаеш адметныя рысы працы арганізацый Caritas у розных краінах. Што іх аб'ядноўвае?
— Кожны Caritas сустракаецца са сваёй рэальнасцю, якая існуе ў краіне: іншай палітычнай сітуацыяй, рознымі сацыяльнымі і культурнымі фактамі, рэаліямі фінансавання і, вядома, рознымі прыярытэтамі, заснаванымі на гэтых фактарах.
Таму сапраўды цяжка правесці прамое параўнанне паміж нашымі членамі. Усе яны ўнікальныя — вядома, з часам перасякальнымі абласцямі працы і г.д. І, вядома, у кожнай краіне свая гісторыя Caritas. Але нас усіх аб’ядноўваюць каталіцкія каштоўнасці, за якія мы выступаем, такія, як салідарнасць і братэрства, і тое, што мы прыкладваем усе намаганні, каб спрыяць цэласнаму развіццю чалавека і дасягненню чалавечай годнасці для ўсіх людзей.
— Што ты адзначыла б у працы Caritas у Беларусі?
— Я была ўражана ўвогуле ўсёй працай беларускага Caritas, якую бачыла на працягу тыдня. Нястомная прыхільнасць сацыяльных работнікаў, якія працуюць у праекце «Табіта»; намаганні Caritas у Беларусі ў дапамозе пажылым людзям заставацца актыўнымі членамі грамадства і адчуваць сябе каштоўнымі; настойлівасць Caritas у Віцебску ў паляпшэнні жыцця дзяцей, якія жывуць у дзяржаўных установах; выдатныя поспехі Caritas у Мінску, якія паказваюць, што кожны можа ўнесці значны ўклад у развіццё грамадства; і, вядома, важная праца Нацыянальнага Caritas па далейшым развіцці арганізацыі на Беларусі.
Усе гэтыя намаганні, якія дапамагаюць захаваць ці вярнуць да жыцця найбольш сацыяльна неабароненых людзей, вельмі натхняюць і, несумненна, узбагачаюць.
— Як ты лічыш, якія моцныя бакі ёсць у нашай арганізацыі?
— Інклюзіўны падыход, які я бачыла ва ўсіх праектах Caritas, якія я наведала ў Беларусі, быў сапраўды магутным. Інтэграцыя ўсіх членаў Caritas у Беларусі і тое, які ўклад яны ўносяць у развіццё грамадства — незалежна ад узросту, фізічных або псіхічных абмежаванняў, — гэта сапраўднае дасягненне і, безумоўна, вельмі моцны аспект працы Caritas у Беларусі.
— Эстэр, у цябе была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі валанцёра. Падзяліся, калі ласка, уражаннямі.
— Наведванне дзіцячага псіхіятрычнага шпіталя ў Віцебску і дапамога ў праекце «Табіта» ў Мінску былі вельмі карыснымі. Вядома, той факт, што я не ведаю мясцовую мову, абмежаваў мае магчымасці вельмі актыўнага ўдзелу, але было вельмі каштоўным пазнаёміцца з паўсядзённай рэальнасцю тых людзей, якіх я сустрэла. Магчымасць чуць і бачыць, як Caritas змяніў іх жыццё, для мяне вельмі важная, а гісторыі кожнага чалавека не могуць не кранаць душу.
— Якія высновы ты зрабіла для сябе пасля наведвання Беларусі?
— Пераканана, што ўсе амбіцыйныя планы, якія ставіць перад сабой Нацыянальны Caritas, абсалютна рэальныя. Бо я ўпэўнілася: праекты, якія супрацоўнікі дыяцэзіяльных Caritas і валанцёры ажыццяўляюць у запрэжцы з многімі дзяржаўнымі ўстановамі, даюць вельмі вялікі эфект. А калі вынік працы відавочны, то ён, у сваю чаргу, натхняе на іншыя добрыя справы, якія вельмі патрэбныя многім людзям.