Дырыжор Зося Баркоўская на працягу 14 гадоў прыязджае ў Івянец на «Музычную майстэрню», каб вучыць і вучыцца самой. Зося адказала на некалькі пытанняў Catholic.by.
— Зося, можна сказаць, што вы з «Музычнай майстэрняй» з самага пачатку. Ці можаце даць ацэнку, наколькі яна рэалізуе сваю мэту? Ці ўдасканальваюць людзі, якія на яе прыязджаюць, сваё валоданне музычнымі інструментамі?
— Я пераканана, што «Музычная майстэрня», праходзячы праз розныя этапы свайго развіцця, выходзіць на той, дзе вялікая колькасць удзельнікаў, якую можна было назіраць спачатку, паступова перарастае ў якасць.
На самым пачатку дзейнасці «Майстэрні» можна было заўважыць, што прыходзілі ўсе: і хто хацеў, і хто не хацеў, і хто ўмеў, і хто не ўмеў.
Проста прыходзілі, каб быць тут, нават не ведаючы, навошта.
Цяпер жа выразна бачна, што гэта сапраўды заняткі, на якіх трэба прыкласці шмат намаганняў і вельмі шмат працы. Заўважна стала і тое, што на гэтых занятках цэнтральнае месца займае спеў альбо навука грання на музычным інструменце. Таму прыязджаюць тыя людзі, якім сапраўды гэта патрэбна. Гэта відавочна і па тэмпе працы з хорам, і па якасці спеву.
На мінулых сустрэчах я цешылася ўсёй цеплынёй і сардэчнасцю, якая была тут, але для мяне асабіста гэта вельмі складаная і цяжкая праца. Калі працуеш з людзьмі, якім не важна тое, што яны робяць, цяжка ўсіх заахвоціць.
Цяпер жа людзі ставяцца да нашых сустрэч вельмі прадметна і мэтанакіравана, што адлюстроўваецца на самой працы. Яна стала вельмі засяроджанай.
— Людзі, якія прыязджаюць на «Майстэрню», карыстаюцца вашай паслугай і ахвярнасцю, ад'язджаючы, забіраюць з сабой багаж досведу і ведаў. Што вы, акрамя стомленасці, вывозіце з сабой адсюль?
— Некалькі гадоў таму першае, што сказала б, — што, ад'язджаючы, забіраю з сабою свежасць. Гэта звязана з тым, што для беларусаў «Майстэрня» была нечым зусім новым. Была радасць літургічнага спявання і іншага спосабу перажывання літургіі, які вельмі адрозніваецца ад звычайнага. Прысутныя на гэтых сустрэчах былі зачараваны тым, што ў нас было ўжо звычайным літургічным досведам. Яны вельмі пачуццёва гэта перажывалі. Чалавек гэтым прасякаўся, хоць для мяне такі від літургіі быў ужо хлебам штодзённым. І менавіта гэты абноўлены погляд для мяне быў вельмі каштоўным.
Сёння ж тыя, хто прыязджае сюды, добра ведаюць, што літургія можа выглядаць і так. Я зараз працую дырыжорам і не займаюся літургічным спевам, а выконваю харальныя творы — «Реквіем» Моцарта, «Месія» Гендэля. Гэта зусім іншыя творы, чым літургічны спеў.
І калі тут, у Івянцы, выконваю рэчы простыя ў параўнанні з тымі, з якімі маю справу штодзень, то бачу, што, нягледзячы на прастату, у іх адлюстроўваецца прыгажосць і моц Слова. Таму пачынаю інакш перажываць яе, вяртаючыся да каранёў, і гэта для мяне становіцца вялікай каштоўнасцю.
— Ці доўга пасля «Майстэрні» адпачываеце?
— Вядома, фізічна чалавек пасля гэтага вельмі змучаны. Аднак пасля столькіх гадоў я не адчуваю сябе тут чужой. На «Майстэрні» ў Івянцы я сапраўды як дома. Асабліва адчулася гэта сёлета. Прыехала сюды з трыма дзецьмі, і здавалася, што гэта будзе такое змаганне. Аднак мае дзеці былі тут як дома, пераймаючы ў мяне гэтае адчуванне, што ты ў сябе. Таму, з аднаго боку, я фізічна стомленая, але псіхічна і духоўна вельмі адпачываю, гэта для мяне вялікі выдых — маю надзею на доўгі час.