![](/3/images/news/2019/06/2019-06-26-HAD_5802.jpg)
Біскуп Мар’ян Флёрчык, дапаможны біскуп Келецкай дыяцэзіі, удзельнічае ў Другіх Еўрапейскіх гульнях у Мінску як адказны за душпастырства спатсменаў пры Канферэнцыі Епіскапату Польшчы. Сёння іерарх дзеліцца з парталам Catholic.by сваімі ўражаннямі пра гэты спартыўны форум, які цяпер праходзіць у беларускай сталіцы.
— Ваша Эксцэленцыя, што Вы можаце сказаць пра ўзровень арганізацыі Другіх Еўрапейскіх гульняў?
— Гульні добра падрыхтаваныя. Само іх адкрыццё паказала, як шмат намаганняў было ўкладзена ў тое, каб усё забяспечыць. Я маю на ўвазе не толькі вялікі аб’ём выкананай працы, але перадусім яе якасць.
На адкрыцці былі выкарыстаны разнастайныя сучасныя тэхналогіі, а мастацкая частка была на высокім узроўні. Мяне вельмі цешыць, што была прадстаўлена гісторыя пакаленняў, якія жылі ў Беларусі.
— Вы ўпершыню ў Мінску. Якія Вашыя ўражанні ад сталіцы Беларусі?
— Я здзіўлены ад таго, што ўбачыў у Мінску. Гэта не толькі чысты і бяспечны горад.
Я здзіўлены добразычлівасцю людзей ад якіх сыходзіць міралюбнасць і дружалюбнасць, уласцівыя славянскім народам.
![](/3/images/news/2019/06/2019-06-26-HAD_5815.jpg)
— Нашыя чытачы цікавіліся, навошта ў Вёсцы спартсменаў святары і Міжканфесійны цэнтр?
— Спартсмен — гэта чалавек, які змагаецца за прыгажосць і спраўнасць цела. Гэта патрабуе шматлікіх трэніровак і практыкаванняў.
Але каб быць па-сапраўднаму прыгожым чалавекам, неабходна таксама добрая духоўная «форма», спраўнасць духу.
Такую духоўную спраўнасць дае рэлігія, і менавіта таму неабходны душпастыр, чыё заданне — нагадваць пра вечныя каштоўнасці.
Дарэчы, гэта не нейкае новае адкрыццё: ужо ў старажытнай Грэцыі алімпійскія гульні праходзілі ў гонар Зеўса, найбольшага з грэцкіх багоў.
Хрысціянства асаблівым чынам дапамагае інтэграваць людзей у адну супольнасць. Святары спадарожнічаюць спартсменам у іх рэлігійных патрэбах, а таксама у чалавечым аспекце, заахвочваючы да ідэй гуманізму.
![](/3/images/news/2019/06/2019-06-26-HAD_5810.jpg)
— На Гульнях можна заўважыць, што спартсмены з Заходняй Еўропы ніяк не праяўляюць сваю рэлігійнасць, што, напэўна, у цэлым адлюстроўвае сітуацыі з рэлігійнасцю ў гэтых краінах. Ці ёсць надзея для Еўропы?
Нельга сказаць, што моладзь з названага рэгіёну не шукае якіх-небудзь каштоўнасцяў. Маладыя спартсмены і ўвогуле моладзь могуць адкрыць у сабе прагненне чагосьці большага за звычайнае фізічнае здароўе.
Ёсць надзея на асабістую сустрэчу з Хрыстом. Толькі ў Хрысце чалавек можа зразумець сябе.
Прырода чалавека «запраграмавана» на тое, каб шукаць Бога. Калі адкінуць трансцэндэнтнае — тое, што вышэй за ўсё зямное, — і засяродзіцца толькі над зямным, то нашая чалавечнасць стане бяднейшай. Мы не зможам тады адказаць на многія пытанні, якія датычацца сэнсу нашага жыцця, цярпення і болю і таго, што будзе з намі пасля смерці.
Размаўляў адказны за за душпастырства ўдзельнікаў Другіх еўрапейскіх гульняў кс. Кірыл Бардонаў.