Пошук

09.06.2019 07:37   Catholic.by

Дух Святы. Цэнтральны вітраж базылікі св. Пятра ў Ватыкане. Фота: wikipedia.org

Ва ўрачыстасць Cпаслання Духа Святога прапануем у якасці кароткага духоўнага разважання ўрывак з твору святога Ірэнэя Ліёнскага «Супраць ерасяў» з сённяшняй літургічнай Гадзіны чытанняў.

Місія Духа Святога

Даючы вучням уладу адраджаць у Богу, Пан сказаў ім:

«Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога»(Мц 28, 19).

Гэтага Духа Бог яшчэ праз прарокаў абяцаў спаслаць у апошнія часы на слугаў, каб яны прарочылі. Таму Бог сышоў і на Сына Божага, які стаў Сынам Чалавечым, і захацеў быць сярод чалавецтва, спачываць на людзях і жыць сярод стварэння Божага, каб выканаць волю Айца і адрадзіць людзей ад старэчы граху да новага жыцця ў Хрысце.

Як кажа св. Лука, пасля ўнебаўшэсця Пана ў дзень Пяцідзесятніцы на вучняў сышоў Дух Святы, які мае ўладу над усімі народамі, каб прывесці іх да жыцця і адкрыць ім Новы Запавет. Таму яны і спявалі разам на ўсіх мовах гімн Богу, а Дух Святы аб’ядноўваў аддаленыя плямёны і прыносіў іх Айцу як першую ахвяру ўсіх народаў.

Спасланне Духа Святога. Выява: denvercatholic.org

Таму Пан і паабяцаў нам паслаць Суцяшыцеля, каб Ён падрыхтаваў нас для Бога. Бо як без вады нельга рашчыніць сухой мукі і зрабіць з яе адно цеста і адзін хлеб, так і мы не можам стаць адным у Хрысце Езусе без вады, якая паходзіць з неба. І як сухая зямля не прыносіць плёну без вільгаці, так і мы, якія былі засохлым дрэвам, ніколі не прынеслі б пладоў жыцця без дажджу, спасланага воляй нябёсаў.

Нашыя целы праз купель, якая дае нам нятленнасць, атрымалі еднасць, а душы нашыя аб’яднаў Дух Святы.

Дух Божы сышоў на Пана, «Дух мудрасці і разумення, Дух парады і мужнасці, Дух пазнання і пабожнасці, Дух боязі Божай» (пар. Іс 11, 2). Пан даў Касцёлу гэтага Духа, спасылаючы для ўсёй зямлі Суцяшыцеля з неба туды, куды, паводле слоў Пана, «д’ябал падаў, як маланка» (пар. Лк 10, 18).

Таму нам неабходна гэтая Божая раса, каб мы не былі спаленыя і не аказаліся бескарыснымі. А калі ў нас ёсць абвінаваўца, ёсць і Абаронца.

Пан даручыў Духу Святому чалавека, які патрапіў у рукі злодзеяў. Пан сам пашкадаваў яго, перавязаў ягоныя раны, даў яму два каралеўскія дынары. А мы, атрымаўшы дзякуючы Духу Святому вобраз і падабенства Айца і Сына, павінны памножыць дадзены нам дынар, а памножаны вярнуць Пану.

Дух Святы. Выява: novizivot.net

З трактату «Супраць ерасяў» св. Ірэнэя, біскупа (Lib. 3, 17, 1-3: SC 34, 302-306). © Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Абноўлена 10.06.2019 00:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа