Мы працягваем непасрэдную малітоўную падрыхтоўку да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога ў форме традыцыйнай, але незвычайнай навэнны, якую прапануе нам вядомы дамініканскі прапаведнік а. Адам Шустак ОР.
Напачатку памолімся словамі з Гімна Духу Святому
Дай праз Цябе Айца пазнаць,
І шлях да Сына пакажы.
Ты — Дух любові іх дваіх,
Верым Табе ва ўсе часы.
Вызначым сабе 10 хвілін для малітвы. Выключым усё, што адцягвае нашую ўвагу. Засяродзімся ў цішыні.
- Спакойна прачытаем урывак са Слова Божага.
- Падумаем аб тым, якія радкі запальваюць наша сэрца. Паразважаем над тэкстам з Евангелля (Ян 20, 11–18):
Марыя стаяла каля магілы і плакала. Калі ж плакала, зазірнула ў магілу і ўбачыла двух анёлаў у белым адзенні, якія сядзелі адзін каля галавы, а другі каля ног, дзе ляжала цела Езуса.
Яны сказалі ёй: «Жанчына, чаго ты плачаш?» Яна адказала ім: «Забралі майго Пана, і не ведаю, дзе паклалі Яго». Калі гэта сказала, азірнулася і ўбачыла Езуса, які стаяў, але не ведала, што гэта Езус.
Сказаў ёй Езус: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» Яна, думаючы, што гэта садоўнік, сказала Яму: «Пане, калі ты вынес Яго, скажы мне, дзе ты паклаў Яго, і я забяру Яго».
Езус сказаў ёй: «Марыя!» А яна азірнулася і сказала Яму па-габрэйску: «Раббуні!» (што азначае «Настаўнік»).
Сказаў ёй Езус: «Не затрымлівай Мяне, бо Я яшчэ не ўзышоў да Айца. Ідзі ж да братоў Маіх і скажы ім: узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, да Бога Майго і Бога вашага». Пайшла Марыя Магдалена абвясціць вучням, што бачыла Пана і тое, што Ён сказаў ёй.
Заданне на сёння
- Напішу сёння ліст да Бога.
Апішу ў ім тры нядаўнія сітуацыі са свайго жыцця, у якіх, як мне здаецца, я Яго сустрэў тварам у твар. Што я пры гэтым адчуваў?
Матэрыял падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з парафіяй Божай Міласэрнасці (г. Гродна, м-н Вішнявец).