Мы працягваем непасрэдную малітоўную падрыхтоўку да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога ў форме традыцыйнай, але незвычайнай навэнны, якую прапануе нам вядомы дамініканскі прапаведнік а. Адам Шустак ОР.
Напачатку памолімся словамі з Гімна Духу Святому
Ты злога духа адгані
І супакоем адары,
Заўсёды за сабой вядзі,
І прабачэнне грэшным дай.
Вызначым сабе 10 хвілін для малітвы. Выключым усё, што адцягвае нашую ўвагу. Засяродзімся ў цішыні.
- Спакойна прачытаем урывак са Слова Божага.
- Падумаем аб тым, якія радкі запальваюць наша сэрца. Паразважаем над тэкстам з Евангелля (Лк 24, 13–32):
Двое з іх у той жа дзень ішлі ў вёску, якая знаходзілася ў шасцідзесяці стадыях ад Ерузалема і якая называлася Эмаус. Яны размаўлялі паміж сабою пра ўсё тое, што адбылося. А калі размаўлялі і разважалі між сабою, сам Езус наблізіўся ды ішоў разам з імі.
Аднак вочы іх былі стрыманыя, таму не пазналі Яго. А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?»
І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?»
Яны сказалі Яму: «Тое, што сталася з Езусам з Назарэта, які быў прарокам, магутным у чынах і ў слове перад Богам і ўсім народам; як першасвятары і кіраўнікі нашыя выдалі Яго на смерць і ўкрыжавалі. А мы спадзяваліся, што Ён той, хто павінен вызваліць Ізраэль. Цяпер жа пасля ўсяго гэтага мінае ўжо трэці дзень, як гэта сталася. Але і некаторыя з нашых жанчын здзівілі нас. Яны былі на досвітку каля магілы і не знайшлі цела Ягонага. Прыйшлі і сказалі, што бачылі анёлаў, якія з’явіліся ім і паведамілі, што Ён жывы. Некаторыя з нашых пайшлі да магілы і засталі ўсё так, як казалі жанчыны, але Яго не бачылі».
Тады Ён сказаў ім:
«О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі! Ці ж не трэба было Месіі цярпець усё гэта, каб увайсці ў сваю славу?»
І пачаўшы ад Майсея і ад усіх прарокаў, растлумачыў ім тое, што ва ўсім Пісанні датычыла Яго.
Калі наблізіліся яны да вёскі, куды ішлі, Ён зрабіў выгляд, што хоча ісці далей. Але яны настойвалі, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень мінае». І Ён увайшоў, каб застацца з імі.
Калі быў з імі за сталом, узяў хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім. Тады адкрыліся іхнія вочы, і яны пазналі Яго. Але Ён стаўся нябачным для іх. Яны сказалі адзін аднаму: «Ці ж не палала ў нас сэрца нашае, калі Ён размаўляў з намі ў дарозе і тлумачыў нам Пісанне?»
Заданне на сёння
Няма людзей толькі добрых ці толькі дрэнных. У кожным з нас няспынна дабро змагаецца са злом.
- Сёння падумаю над тым, што ўва мне часцей перамагае: дабро ці зло? Ці не кармлю я ў сабе ваўка эгаізму і нястрыманасці?
Свабода духа — гэта перадусім панаванне над сабой і сваёй пажадлівасцю.
Матэрыял падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з парафіяй Божай Міласэрнасці (г. Гродна, м-н Вішнявец).