Мы працягваем непасрэдную малітоўную падрыхтоўку да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога ў форме традыцыйнай, але незвычайнай навэнны, якую прапануе нам вядомы дамініканскі прапаведнік а. Адам Шустак ОР.
Напачатку памолімся словамі з Гімна Святому Духу:
Названы Суцяшыцелем,
Ты — найвышэйшы Бога дар.
Вызначым сабе 10 хвілін для малітвы. Выключым усё, што адцягвае нашую ўвагу. Засяродзімся ў цішыні.
- Спакойна прачытаем урывак са Слова Божага.
- Падумаем аб тым, якія радкі запальваюць наша сэрца. Паразважаем над тэкстам з Евангелля (Лк 10, 17–24):
Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!» А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка. Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам. Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».
І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў:
«Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».
Заданне на сёння
Вельмі рэдка ў Евангеллі згадваецца пра тое, што Езусу здаралася смяяцца. Гэта — адзін з нешматлікіх тэкстаў, у якім ідзе гаворка пра радасць Езуса. Што яе выклікала? Ён скіраваў вучняў на місію, а яны апавядаюць Яму, што пры гэтым перажылі.
- Сёння занясем камусьці радасць. Можа, для гэтага варта патэлефанаваць бацькам або камусьці з блізкіх ці сяброў, з якімі мы даўно не размаўлялі.
Увечары распавядзем Езусу пра тое, што перажылі.
Матэрыял падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з парафіяй Божай Міласэрнасці (г. Гродна, м-н Вішнявец).