Пошук

Выява з www.stjosemaria.org

Сёння мы распачынаем непасрэдную малітоўную падрыхтоўку да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога ў форме традыцыйнай, але незвычайнай навэнны, якую прапануе нам вядомы дамініканскі прапаведнік а. Адам Шустак ОР.

Навэнна — слова лацінскага паходжання, утворанае ад лічбы «дзевяць», што азначае дзевяць дзён малітвы перад пэўнай вялікай урачыстасцю. Кожны дзень маліцеся разам з намі і рабіце крок, які падрыхтуе нас да сустрэчы са Святым Духам. Мы прапануем заданні на кожны з наступных дзевяці дзён, каб падрыхтавацца да святкавання Пяцідзесятніцы.

Навэнна — час інтэнсіўнай малітвы і радыкальных дзеянняў. Яе мэта простая: пазнаёміцца з тым, як працуе ў нас Дух Святы.

Напачатку памолімся словамі з Гімна Святому Духу:

Прыйдзі, Стварыцель Дух Святы,
Наведай вернікаў сваіх,
Напоўні ласкай з вышыні
Сэрцы, што створаны Табой.

Вызначым сабе 10 хвілін для малітвы. Выключым усё, што адцягвае нашую ўвагу. Засяродзімся ў цішыні.

  • Спакойна прачытаем урывак са Слова Божага.
  • Падумаем аб тым, якія радкі запальваюць наша сэрца. Паразважаем над тэкстам псальму.
Фота: www.pixabay.com

Псальм 139 (138), 1–18. 23–24

Пане! Ты выпрабаваў мяне і пазнаў,
Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі.
Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною,
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Яшчэ няма слова на маім языку,
а Ты, Пане, ужо ведаеш усё.
З усіх бакоў мяне ахінаеш
і кладзеш на мяне сваю руку.
Цудоўнае для мяне разуменне Тваё,
недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.
Куды пайду ад Духа Твайго
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
Калі ўзыду на неба, Ты там;
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Калі вазьму крылы зараніцы
і перасялюся на ўскраіну мора, —
нават там рука Твая мяне павядзе,
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
Калі скажу я: «Няхай змрок мяне накрые,
а святло навокал няхай зробіцца ноччу», —
нават змрок не будзе цёмным для Цябе,
а ноч будзе яснай, як дзень,
цемра — як святло.
Ты стварыў маё нутро
і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны,
дзівосныя справы Твае.
Не былі схаваны ад Цябе мае косткі,
калі ў таямніцы мяне стваралі,
я сатканы быў у глыбіні зямлі.
Твае вочы бачылі мяне ў зародку;
у кнізе Тваёй запісаны ўсе мае дні,
калі ніводнага з іх яшчэ не было.
Якія каштоўныя для мяне
Твае задумы, Божа,
якая вялікая іх лічба.
Калі лічу іх, то больш іх за пясок;
калі я абуджаюся, то Ты зноў са мною.
Даследуй мяне, Божа,
і спазнай маё сэрца;
выпрабуй мяне і спазнай мае намеры.
Глядзі, ці бяспечны мой шлях,
і вядзі мяне шляхам адвечным.

Фота: www.pixabay.com

Заданне на сёння

Бог прысутнічае паўсюль. Ён ведае кожны наш крок і ўсё нашае штодзённае жыццё. Гэтая навэнна дапаможа нам пазнаць Духа Святога ў нашым жыцці. Зробім для Яго месца!

  • Па-першае, зробім сёння парадак у сваім пакоі. Так, на самай справе пастарайцеся гэта зрабіць! Варта выцерці пыл, зрабіць парадак на паліцах, памыць і папрасаваць рэчы. Вырашыце, што вы хочаце сёння зрабіць.

Вельмі лёгка засмеціць дом, а яшчэ лягчэй засмеціць сэрца. Сёння ачысцім свой дом, каб потым паклапаціцца пра чысціню сэрца.

Матэрыял падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з парафіяй Божай Міласэрнасці (г. Гродна, м-н Вішнявец).

Абноўлена 01.06.2019 09:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа