Прапануем невялікае разважанне на пятую Велікодную нядзелю, прысвечанае самаму важнаму знаку, па якім у свеце пазнаюць хрысціянаў.
Мы вельмі хутка вучымся пазнаваць нашых блізкіх.
Напэўна, вы заўважылі, як маленькае дзіця, што нават не ўмее хадзіць і не здольнае вымавіць ніводнага слова, у той жа час пазнае сваю маму — усміхаючыся, працягвае да яе ручаняты.
Як і па чым можна пазнаць іншага чалавека? Ужо немаўлятка пазнае сваю маму па яе выглядзе і нават па яе голасе.
Можна сказаць, што найчасцей мы пазнаем іншага чалавека па нейкай знешняй прыкмеце: па знешнім выглядзе, па характэрнай манеры апранацца, па рухах, а таксама па тэмбры голасу і г. д. Больш таго, часам нам удаецца пазнаць кагосьці на значнай адлегласці. Чаму? Бо той нечым моцна адрозніваецца ад іншых. Напрыклад, толькі ён мае куртку такога колеру.
Можа здарыцца, аднак, адваротная сітуацыя, калі гаворыш каму-небудзь блізкаму: «Я не пазнаю цябе».
Калі такое можа здарыцца? Калі ты доўга не бачыў кагосьці, альбо калі той нешта значна змяніў у сваім знешнім выглядзе, напрыклад, коратка абрэзаў валасы. Альбо магла быць дрэнная бачнасць. Мы з цяжкасцю пазнаем, калі апазнавальныя знакі невыразныя.
Часам здараецца, што мы павінны насіць знакі, па якіх маглі б нас пазнаць і заўважыць, інакш нам пагражае сур’ёзная небяспека. Калі так бывае? <…>
Такія знакі мы павінны насіць тады, калі ідзем па дарозе, па якой ездзяць аўтамабілі. У прыцемку вадзіцель можа нас не заўважыць, і тады можа здарыцца няшчасце. Таму адбівальнік святла, змешчаны на ранцы, з’яўляецца знакам таго, што па абочыне дарогі вяртаецца са школы вучань.
Значна больш цяжкасцяў з распазнаваннем бывае тады, калі гаворка ідзе не пра знешнія прыкметы, а пра ўнутраны свет чалавека. Таму бывае нялёгка распазнаць, ці на самай справе той ці іншы чалавек добры альбо ці з’яўляецца сапраўдным сябрам. Здараецца, што праз нейкі час, расчараваны, ты гаворыш таму чалавеку, каму давяраў: «Я не ведаў, што ты такі».
Сапраўднага сябру пазнаеш не па яго выглядзе ці вопратцы, але па яго ўчынках, асабліва тады, калі ўзнікае складаная сітуацыя.
Табе недастаткова яго запэўнівання: «Я — твой сябра», асабліва тады, калі яму ў чымсьці трэба дапамагчы. Толькі падчас выпрабавання, калі ты знаходзішся ў цяжкім становішчы, выяўляецца, кім хто ёсць насамрэч.
Як вам здаецца, па чым можна пазнаць вучняў Хрыста: і тых, якія жылі некалі, і тых, якія жывуць цяпер? Што павінна адрозніваць іх ад іншых людзей? Гэта вельмі важнае пытанне, бо і мы з’яўляемся вучнямі Хрыста. Сам Езус словамі сённяшняга Евангелля нагадвае нам: «Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (Ян 13, 35).
Калісьці пагане, назіраючы за жыццём вучняў Хрыста, са здзіўленнем гаварылі: паглядзіце, як яны любяць адно аднаго!
Ці пра нас можна было б сказаць тое ж? А можа, сярод нас заўважылі б адваротнае: што мы не любім адно аднаго, што кожны думае толькі пра сябе, што мы нядобразычлівыя. А вучняў Хрыста можна пазнаць па ўзаемнай любові.
Таму трэба задумацца, ці заўсёды мы памятаем пра гэта? Ці часам гэты распазнавальны знак не бывае моцна «запэцканым»? Менавіта для таго мы збіраемся тут, каб гэты знак, па якім іншыя павінны пазнаваць нас як вучняў Хрыста, зрабіць больш выразным. Гэта менавіта тут, ужо каторы раз запар, Хрыстус нагадвае нам сваю найважнейшую запаведзь:
«Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34).
Такім чынам, мы бачым, што Езус вызначыў сваім вучням вельмі цяжкі распазнавальны знак. Гэта не нейкі знешні знак, які можна лёгка атрымаць. Таго, чым павінны адрознівацца вучні Хрыста, дасягнуць зусім няпроста. Мы добра ведаем, як моцна і да якой ступені Езус палюбіў нас. Ён памёр за нас, грэшнікаў. Езус прагне, каб мы былі для іншых такімі, якім быў Ён. Такі распазнавальны знак павінен сапраўды дорага каштаваць!
Запамятаем, што наш распазнавальны знак, знак вучняў Хрыста такі: «каб мы любілі адно аднаго». Гэта азначае:
- каб мы былі адно да аднаго добрымі і добразычлівымі,
- каб мы ахвотна дапамагалі адно аднаму,
- каб мы маглі прабачаць адно аднаму.
Велікодны перыяд, які мы цяпер перажываем, — гэта час перамогі ўваскрослага Хрыста. Гэта таксама час адолення ў нас таго, што не адпавядае Яго вучэнню.
Пане Езу, дай нам так удзельнічаць у сённяшняй Эўхарыстыі, каб мы паводзілі сябе годна, як Твае вучні, і заўсёды памяталі пра тое, па чым іншыя могуць пазнаць нас, што належым Табе. Учыні, каб мы, спазнаўшы Тваю праўду, паслядоўна трымаліся яе ў нашых учынках.
З кнігі кс. Станіслава Бялецкага «Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне». Мінск, выдавецтва «Про Хрысто», 2002.