У Папяльцовую сераду распачынаецца Вялікі пост, які будзе доўжыцца 40 дзён і тым самым нагадваць пра 40-дзённае прабыванне Хрыста ў пустыні. Час Вялікага посту, які рыхтуе хрысціян да Вялікадня і Уваскрасення Хрыста, цесна звязаны са шматлікімі традыцыямі.
Разгледзім некаторыя моманты больш падрабязна.
Адкуль прыйшла назва «Папяльцовая» серада?
З VI стагоддзя серада перад шостай суботай да Вялікадня распачынае час Вялікага посту і называецца Папяльцовай. Назва «Пяпялец» звязана з традыцыяй Касцёла: раней тыя, хто хацеў пакаяцца, пераапраналіся ў адмысловае «адзенне для пакаяння», пасля чаго гэтых людзей пасыпалі попелам. Гэты звычай з XI стагоддзя перайшоў на ўвесь Касцёл і да сёння належыць да літургіі падчас Імшы ў Папяльцовую сераду.
Асвячонай вадой святар пакрапляе попел ад спаленых вербаў з Вербнай нядзелі і пасыпае гэтым попелам галовы вернікам. У заходніх краінах Еўропы — малюе на ілбе вернікаў попелам знак крыжа са словамі: «Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся».
Чаму пост трывае 40 дзён?
Час посту такі ж «рухомы» як і Вялікдзень. Нядзеля ў Вялікдзень — гэта заўсёды першая нядзеля пасля веснавой месяцовай поўні і прыпадае на адзін з дзён паміж 21 сакавіка і 25 красавіка. Прыкладам посту з’яўляецца прыклад Хрыста, які 40 дзён і 40 начэй прабываў у пустыні.
Абазначэнне часу лічбай 40 сустракаецца ў Бібліі: ізраільцяне вандравалі 40 гадоў па пустыні (Зых 16, 35), Майсей правёў 40 дзён на гары Сінай (Зых 24, 18) і 40 дзён пасля змёртвыхпаўстання Езуса святкуецца Унебаўшэсце Пана (Дз 1, 3) і інш.
Чаму попел — сімвал пакаяння?
Попел на галаве вернікаў сведчыць пра іх гатоўнасць да навяртання і пакаяння. Такім чынам вернікі адначасова пагаджаюцца з тым, што крыж для хрысціянаў і смерць не з’яўляюцца заканчэннем, але пачатак вечнага жыцця з Богам.
Пад пакаяннем разумеюць навяртанне і споведзь, на якой Бог даруе чалавеку яго правіны. Пакаянне — адзін з неабходных «спадарожнікаў» у жыцці хрысціяніна. Сакрамэнт пакаяння (споведзь) даруе хрысціянам ачышчэнне, калі яны шкадуюць за свае грахі і прагнуць выпраўлення.
Як называецца кожная з шасці нядзель у Вялікім посце?
Нядзелі падчас Вялікага посту час ад часу называюць ад слоў інтранізацыі — пачатку святой Імшы.
- першая нядзеля Вялікага посту: Invocabit (Invocabit me = «Будзе клікаць Мяне (...)»)
- другая нядзеля Вялікага посту: Reminiscere (Reminiscere miserationum tuarum = «Узгадай пра міласэрнасць сваю (...)»)
- трэцяя нядзеля Вялікага посту: Oculi (Oculi mei semperad Dominum = «Вочы мае заўжды скіраваны на Пана (...)»)
- чацвёртая нядзеля Вялікага посту: Laetare (Laetare, Jerusalem = «Весяліся, Ерузалем (...)»)
- пятая нядзеля Вялікага посту: Judica (Judica me, Deus = «Судзі мяне, Божа (...)»)
- Пальмовая нядзеля
Што такое «астаткі» і як яны звязаны з Вялікім пастом?
Астаткі — распаўсюджаная каталіцкая традыцыя ва ўсім свеце. Першапачаткова астаткамі называлі апошні вечар перад пачаткам Вялікага посту; з ХV ст. гэтым словам пачалі абазначаць апошні дзень Запустаў, якія трывалі ўвесь тыдзень да пачатку велікапоснага перыяду.
Слова «астаткі» можна сустрэць у Беларусі і Польшчы, у паўднёвай Германіі гэты дзень называюць апошнім днём карнавалу. Лічылася, што ў гэты час быў апошнім часам весялосці і гулянняў, бо затым наступаў аскетычны час Вялікага посту.
Што значыць «пасціць» у перыяд Вялікага посту?
Перыяд Вялікага посту — час пакаяння і падрыхтоўкі да Уваскрасення Пана. Важнымі складнікамі гэтага перыяду ў жыцці хрысціяніна павінны стаць малітва, пост і міласціна.
Асаблівым чынам вернікі павінны ў час Вялікага посту дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў патрэбе. Малітва і пост цесна звязаныя паміж сабой. Час посту — гэта час унутранага навяртання, у якім не заўсёды чалавек думае пра сябе, колькі адмаўляецца ад чагосьці на карысць іншых і шукае дыялог з Богам, каб сапраўды да лепшага змяніць сябе і сваё духоўнае жыццё.
Днямі строгага посту і адначасова ўстрымання ад мясной ежы з’яўляюцца два дні ў Касцёльным годзе: Папялец і Вялікая Пятніца.
Такім чынам, толькі ў гэтыя два дні ў Касцёльным годзе вернікаў абавязвае строгі пост, калі яны могуць толькі адзін раз паесці дасыта. У іншыя дні посту дазваляецца таксама дадатковыя лёгкія пасілкі.
Бачным знакам пакуты для вернікаў ў гэты час з’яўляецца адмаўленне ад асабістых задавальненняў. Існуе шмат формаў посту і ўстрымання: побач з адмовай ад алкаголю, пераядання і кансумавання гэта таксама такія ініцыятывы як «СМС-пост» і «Пост без аўтамабіля», больш распаўсюджаныя ў Заходняй Еўропе.
Яшчэ адна важная рэч ў Вялікі пост — гэта практыка пастаноў, калі вернік на 40-дзёння перыяд бярэ адпаведнае заданне, або адмаўляецца ад нейкіх звычак ці прыемнасцяў, выкарыстоўваючы час посту для ўнутранага дыялогу з Богам і духоўнага самаўдасканальваня.