Пошук

01.05.2019 07:07   Тэкст: Біскуп Юзаф Станеўскі / Фота: www.pixabay.com / Catholic.by

Мне знаёмыя рукі, што заўсёды благаслаўляюць; вочы, поўныя слёз, калі ніхто не бачыць, але вясёлыя ў прысутнасці гасцей; сэрца, якое заўсёды прабачае, бо шчыра любіць. Гэта рукі, вочы і сэрца Матулі.

Дарагія браты і сёстры, любыя матулі!

У нашых сэрцах гучыць вялікоднае: «Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос!» Радасць наша і надзея ў Змёртвыхпаўсталым!

Аднак у перыяд Вялікодных святаў мы вяртаемся таксама да тых драматычных падзей, якія ўзрушылі сэрца кожнага веруючага чалавека. Хрыстус на каленях перад сваімі вучнямі, каб даць ім урок пакоры; потым — на крыжы, каб даць сведчанне сваёй бязмежнай любові; пахаваны ў магіле, каб абудзіць першага чалавека — Адама. Нарэшце, Уваскрослы, Ён перамагае смерць і сатану, каб мы мелі жыццё ў Ягоным Валадарстве.

Ёсць яшчэ адзін момант, на якім неабходна спыніцца. Гэта словы Езуса на крыжы, якія сталі Яго тэстамэнтам.

Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

(Ян 19, 26–27)

З таго моманту мінула шмат гадоў, змяніліся вучні, а Маці — тая самая: Маці Божая Марыя. Яна і ў Фаціме, і ў Люрдзе, і ў Ля-Cалет, і ў Будславе выконвае тэстамэнт свайго Сына, сваю місію Апякункі, Заступніцы і Маці.

Настаў Марыйны месяц май, калі літанія да Маці Божай льецца, нібы птушыны спеў, з вуснаў вучняў, каб падзякаваць Ёй за Яе апеку і прыклад мацярынства, які Яна дае ўсім матулям на свеце. Гэта яны, нашыя матулі, вучацца мацярынству ў школе Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, Тракелях, Лагішыне і Браславе, а таксама перад кожнай Яе фігурай на раздарожжы, перад кожным Яе абразом на покуці.

Святы Ян Павел ІІ заахвочваў: «Трэба вам, матулі, штодзённа ўдзельнічаць у „занятках“, якія праводзіць прыкладам свайго жыцця Маці Хрыста». Таму дзякуем і просім Марыю, каб не зважала на адсутнасць некаторых матуль на гэтых «занятках», а каб была Маці Міласэрнай і не пагарджала маленнем нашым.

Любыя матулі! Марыйны месяц май — гэта і ваш час, бо ў большасці краін свету Дзень Маці адзначаецца менавіта ў гэтым веснавым месяцы. Таму хацелася б звярнуцца да вас са словамі падзякі за прыняты дар жыцця ад Бога, якім з’яўляемся мы, вашыя народжаныя дзеці; за дары любові, пяшчоты і прабачэння, зразумення і ўсіх матчыных турботаў; за дар малітвы вуснаў і мову сэрца.

Як піша папа Францішак у сваёй першай Энцыкліцы Evangelii gaudium — «Радасць Евангелля»:

«Чалавек лепш разумее Божае Слова, праўду Божай навукі, калі размаўляе з Богам матчынай мовай, якую чуў і разумеў з малых гадоў».

Таму, дарагія матулі, размаўляйце з вашымі дзецьмі. Не пакідайце іх сам-насам са смартфонам, планшэтам ці іншымі электроннымі сродкамі камунікацыі, якія ніколі не выканаюць за вас гэтае найважнейшае заданне. Святы Ян Павел ІІ прасіў жанчын, каб нанава адкрывалі свой «жаночы геній», каб адказна ставіліся да паклікання, якім Бог іх адарыў, каб не занядбалі свайго задання быць «настаўніцамі народа».

Прапаную вам адзін прыклад з жыцця, які паказвае, наколькі важную ролю адыгрываюць у жыцці матулі.

Адна маладая маці, якая на апошні перыяд цяжарнасці і на час адпачынку па доглядзе за дзіцем была вымушана пакінуць працу, з вялікай нецярплівасцю чакала магчымасці зноў вярнуцца да прафесійных заняткаў. Не мінула і два гады, як яна пачала пошук працоўнага месца, аднак працадаўцы не спяшаліся браць жанчыну з маленькім дзіцем…

Але неяк ёй пашанцавала, і праца нарэшце знайшлася. Яна на радасцях патэлефанавала да свайго бацькі на вёску, каб падзякаваць яму за малітву і паведаміць, што з наступнага тыдня выходзіць на працу.

У адказ бацька сказаў: «Гэта, канечне, някепска: заробіш грошай, сустрэнешся з людзьмі… Але хто будзе гадаваць дзіця?» «А дзіця пойдзе ў садок», — адказала дачка. Тады дзядуля малога выказаў вельмі важную думку:

«Ні садок, ані школа, ані ўніверсітэт не заменяць той „школы“, у якой выгадаваліся самыя вялікія людзі і найлепшыя навукоўцы. Гэтая „школа“ — калені матулі.

Менавіта на каленях матулі чалавек найлепш спазнае бачны свет і вучыцца спазнаваць духоўны. — І дадаў: — А рука матулі, што лагодна гайдае калыску, у гэты час калыша лёс усяго свету».

Нехта сказаў: «Выбяры працу да душы, і тады ніколі не будзеш стамляцца».

Любыя матулі! Вас выбраў і паклікаў да жыцця сам Пан Бог, бо Ён так хацеў і запланаваў. Ён дакрануўся да вас дарам жыцця, каб і вы рабілі падобна. У месяцы маі Касцёл заахвочвае ўсіх жанчын узяць удзел у «занятках» Панны Марыі, Маці Хрыста, каб нанава распазнаць сваё пакліканне і атрымаць духоўную падтрымку. Усе мы, дзеці нашых любых матуль, папросім у малітве:

Божа, благаславі нашых матуль! Марыя, Маці Касцёла, дапамажы, каб наш народ меў толькі святых матуль!

Абноўлена 01.05.2019 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа