Пошук

31.01.2016 00:00   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Кажы коратка, у нямногіх словах [заключы] шмат зместу. (Сір 32, 8)

Казанне — адна з найважнейшых частак святой Імшы. Гэта час для непасрэднага кантакту святара з вернікамі, якія прыйшлі ў святыню, для даступнага і простага тлумачэння складаных, часам незразумелых месцаў Святога Пісання, для пастырскага настаўлення ў актуальных, балючых праблемах грамадскага, сямейнага і духоўнага жыцця.

Я цешуся, калі дзякуючы поўнаму ўдзелу ў святой Імшы, прынятай Камуніі і канкрэтнаму павучанню выходжу са святыні быццам перамененая, менш абыякавая да таго, што яшчэ ўчора здавалася такім дробязным ці ўвогуле нязначным… Аднак прызнаюся шчыра… Што датычыць тлумачэння Святога Пісання ці духоўнага настаўлення, то часам я вяртаюся з касцёла з пустою галавою і з халодным сэрцам. Магчыма, у многім сама вінаватая: рассеянасць, думкі пра побытавыя справы, проста стомленасць… І ўсе словы казання праплываюць дзесьці па-за маёй свядомасцю. Я быццам не ўдзельнічаю ў гэтай частцы святой Імшы. Шукаючы ў сабе прычыны такой пасіўнасці і часам нават раздражнення, я прыйшла да пэўных высноваў, якімі жадаю падзяліцца.

1. Часам я слухаю казанні не пра Касцёл.

Менавіта такое ўражанне складваецца, калі я чарговы раз чую настаўленні і нараканні адносна тых, хто замест удзелу ў святой Імшы ляжыць у нядзелю на канапе, працуе або падарожнічае, ходзіць па крамах і не прымае Бога ў сваё жыццё. Прабачце, але ж хіба ёсць патрэба такога настаўлення для вернікаў, якія якраз і прыйшлі ў касцёл і слухаюць гэтае казанне? На адной з апошніх Імшаў давялося пачуць працяглае разважанне прапаведніка ў такім ключы: «Якое хрысціянскае выхаванне вы дасцё сваім дзецям, калі самі не жывяце па-хрысціянску? Калі вы былі ў касцёле толькі на шлюбе і на хросце дзіцяці, а потым нядзельная святая Імша і Пан Бог вам сталі непатрэбныя, то які прыклад вы пакажаце дзецям?» Здаецца, усё правільна і лагічна, але ж мы ў касцёле! Чаму тады святар гаворыць пра тых, каго тут няма? Яны ўсё роўна гэтага цяпер не чуюць! А хацелася б пачуць штосьці адрасаванае нам, у гэты момант прысутным, тым, хто слухае гэтае казанне.

2. Часам я слухаю казанні без тлумачэння Святога Пісання.


Бывае, што з такога тлумачэння і пачынаецца казанне, але, на жаль, аказваецца, што гэта толькі зачэпка для пачатку размовы. Потым гутарка «з’язджае» на іншыя, пабочныя тэмы. Часам мне становіцца сорамна: хоць і хаджу ў касцёл, але многіх важных месцаў з Бібліі не ведаю і не разумею. Так, кнігі з каментарыямі да Святога Пісання чытаць ніхто не забараняе. І некаторыя найцікавейшыя з іх я знаходжу ды пачынаю чытаць толькі пасля дваццацігадовага каталіцкага стажу. Адкрываю ў іх бяздонныя глыбіні думкі адносна тых месцаў, якія са штогадовай перыядычнасцю чую падчас літургіі слова…

З іншага боку, амаль на ўсё жыццё запамінаюцца казанні, у якіх святар дзеліцца сваім уласным досведам у пазнанні Божага слова, сінтэзуе гісторыка-культурны каментар да яго са зваротам да важных і складаных праблемаў, якія перажываюць людзі з яго парафіі, або да падзей, якія адбыліся нядаўна ў яго асяроддзі, у краіне, у свеце.

У нядаўняй апостальскай адгартацыі Папы Францішка «Evangelii gaudium» (2013) цэлы раздзел прысвечаны тэме абвяшчэння Божага слова падчас гаміліі і акцэнт робіцца на тым, што «біблійны тэкст — аснова прапаведавання». «Асмельваюся прасіць, — піша Папа, — каб кожны тыдзень гэтаму заданню прысвячалася дастатковая частка асабістага і грамадскага часу, нават, калі б трэба было вызначыць менш часу на іншыя, нават важныя заданні» (EG 145).

3. Часам я слухаю казанні пра ўсё і ні пра што.


Гэтак здараецца, калі ў казанні гаворыцца і пра веру, і пра годнасць чалавечай асобы, а ў дадатак — крыху пра аборты, п’янства і пост… Думкі рассейваюцца і… плывуць ужо ў сваім уласным кірунку… І добра, калі казанне пры гэтым нядоўгае, найчасцей жа шматаспектныя казанні расцягваюцца да 40 хвілінаў і ўжо проста не ўспрымаюцца.

У папскай адгартацыі на гэты конт прыводзяцца залатыя думкі: «Самае важнае — гэта зразумець галоўнае пасланне тэксту, што стварае яго структуру і адзінства. Калі прапаведнік не робіць такога намагання, магчыма, што і яго прапаведаванне не будзе мець адзінства і парадку. Яго прамова будзе толькі сумай розных адарваных ідэй, якія не змогуць мабілізаваць іншых» (EG 147). Пішучы пра спосабы прапаведавання, Папа Францішак узгадвае: «Добрая гамілія, як казаў мне стары настаўнік, павінна мець „адну думку, адно пачуццё і адзін вобраз“» (EG 157), а сцісласць гаміліі — вельмі важны педагагічны спосаб прамаўлення.


4. Часам я слухаю занадта «мудрыя» і абстрактныя казанні.

Ужо традыцыйнымі для казанняў становяцца паўторы пра тое, што трэба «быць адкрытымі на Бога», «пусціць Хрыста ў сваё жыццё і ў сваё сэрца», «адрачыся ад граху»… Цалкам згодная — так і трэба рабіць. Але для мяне застаецца загадкаю: як канкрэтна гэта зрабіць пры ўсёй маёй чалавечай недасканаласці і грэшнасці. Калі б у маёй душы былі дзесьці канкрэтныя дзверы, я зараз жа ўзяла б ключык, адчыніла б іх для Бога і была б упэўненая, што ўсё ў парадку… Але адчуваю, што гэты ключык і гэтыя дзверы мне яшчэ трэба пашукаць… А, можа, і не трэба… Я заблыталася… Таму хацела б пачуць штосьці больш канкрэтнае, практычнае, прымянімае да жыцця, якое складаецца з канкрэтных справаў і канкрэтных адносінаў. Інакш атрымліваецца, што казанне хоць і прамоўлена зразумелаю для мяне, простаю моваю, але не напоўнена зместам, нічога не пакідае ў душы, акрамя даўновядомых славесных формулаў.

5. Часам я слухаю адно і тое ж казанне кожную нядзелю.


З пэўнымі варыяцыямі, вядома, але ўвогуле адно і тое ж. Гэты пункт звычайна ўключае ў сябе два папярэднія.

6. Часам я адчуваю, быццам святар мяне за штосьці ганіць.

Здараецца, што большая частка казання гучыць у такім тоне, што я адчуваю сябе вінаватаю за тое, што хтосьці ў гэты нядзельны час ляжыць на канапе, што хтосьці не чытае катэхізіс і не трымае ў хаце Біблію на самым бачным месцы. З іншага боку, святар нібы лепш за мяне ведае, што я думаю, ды яшчэ сварыцца на мяне за гэта. Таму ў мяне пакідаюць шмат негатыву выказванні накшталт такога: «Чаму вы жывяце так, быццам Бога няма? „Я сам — гаспадар свайго жыцця“, — думаеце вы. А да Бога звяртаецеся толькі тады, калі здараецца нейкая бяда». Магчыма, святар мае рацыю, робячы такое падагульненне: уяўляю, колькі споведзяў ён выслухаў… Але хочацца ведаць, што ў касцёле падчас казання на цябе не насварацца, а, наадварот, з любоўю падкажуць, як з Божаю дапамогаю вызваліцца ад той ці іншай грэшнай схільнасці… Грэх — гэта хвароба душы. А хворага не вылечыш, проста насварыўшыся на яго за хваробу. Дарэчы, пазітыўная мова — гэта яшчэ адзін важны аспект, на які звяртае ўвагу Папа Францішак у сваёй адгартацыі: «Калі ўказваецца штосьці негатыўнае, трэба імкнуцца паказаць таксама станоўчую каштоўнасць, якая захапляе, каб не затрымлівацца на нараканні, на скаргах, на крытыцы ці дакорах сумлення. Больш за тое, пазітыўная гамілія заўсёды дае надзею, скіроўвае ў будучыню, не пакідае нас у палоне негатыўнасці» (EG 159).

7. Часам я слухаю казанні на трасянцы.

Казанне — прамова публічная. На адной Імшы могуць збірацца сотні і нават тысячы вернікаў. Сярод іх — і філолагі, і настаўнікі, і журналісты, і многія іншыя людзі, неабыякавыя да роднай мовы… Наколькі прыемна бывае слухаць, як святар-замежнік, вывучыўшы беларускую мову падчас служэння ў Беларусі, цудоўна прамаўляе на ёй казанне! І наколькі рэжуць вуха выказванні, якія час ад часу здараецца чуць нават ад мясцовых прапаведнікаў: «даканаць збаўленне», «жаўнеры кінулі жарабя, каб падзяліць вопратку Езуса» (маецца на ўвазе «жэрабя – г.зн. лёсы»), «трэба кахаць сваіх бацькоў» (замест «любіць», бо вядома ж, што ў беларускай мове словы «кахаць» і «любіць» маюць розныя значэнні). Зразумела, святары — не філолагі, але мова — іх інструмент прапаведавання. Таму няма нічога ганебнага ў тым, каб звярнуцца да спецыялістаў па дапамогу ў стылістычнай і граматычнай апрацоўцы тэксту, у выпадку крытычнай неабходнасці — да прыватных настаўнікаў. Зрэшты, моўныя курсы таксама дапамаглі б сфарміраваць патрэбныя навыкі.

Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, я шчыра ўдзячная прапаведнікам, якія сваім далікатным, шчырым і адначасова трапным словам сапраўды выцягваюць з маёй душы ўсё, што перашкаджае жыць па-хрысціянску, і ўзварушваюць маё соннае сумленне. Тады я адчуваю сябе адной з любімых дачок пастыра і самога Пана Бога.

Кацярына Астрынская

ave-maria.by

Фота Віталія Палінеўскага.
Усе здымкі пададзены выключна ў ілюстратыўных мэтах.

Абноўлена 05.06.2017 13:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця