Пошук

24.04.2019 19:35   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Пакланенне Ахвярнаму Ягняці. Фрагмент Генцкага алтара. Мастак Ян Ван Эйк, XV ст.

Напэўна, большасць вернікаў звярнулі ўвагу на незвычайны спеў, які ў нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана, а часам і ў будні падчас актавы Пасхі гучыць пасля рэспансарыйнага псальму перад чытаннем Евангелля.

Гэта так званая пасхальная секвенцыя, якая называецца па першых словах яе лацінскага тэксту Victimæ paschali laudes, што можна перакласці як «Ахвяры пасхальнай праслаўленне».

Секвенцыя ў літургіі Касцёла

Слова секвенцыя мае познелацінскае паходжанне і ў перакладзе азначае «паслядоўнасць, працяг». Назва звязана з тым, што першапачаткова секвенцыя ўзнікла як паэтычнае развіццё спеву «Аллелюя», які гучыць перад Евангеллем. Так называецца тэкстамузычная форма, якая да сённяшняга дня ўжываецца ў літургіі Касцёла.

Пасхальная секвенцыя абавязкова павінна спявацца ў нядзелю Змёртвыхпаўстання Пана і па жаданні можа гучаць таксама на працягу актавы Пасхі.

Акрамя таго, спецыяльная секвенцыя прадугледжана на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога. Такім чынам, у сучаснай літургіі Касцёла секвенцыя ўжываецца двойчы на працягу літургічнага года.

Мэта секвенцыі — дапамагчы вернікам праз своеасаблівы паэтычны каментар, якім з’яўляецца гэты літургічны спеў, глыбей спасцігнуць сэнс Евангелля і цэлебраванай урачыстасці.

Сыход Хрыста ў адхлань. Гравюра ХІ ст. з сувою Exsultet Барбэрыні.

Гісторыя секвенцыі

Прыблізна з ХІ ст. секвенцыя стала самастойным літургічным творам, адасобленым ад спеву Аллелюя. Часам росквіту гэтай музычнай формы стала ХІІ ст. Менавіта тады канчаткова склалася стылістыка секвенцыі: простая рытміка на ўзор гімнаў, рыфмаваны тэкст, цыклічная мелодыя, якая змяняецца кожную другую страфу, а потым зноў паўтараецца. Акрамя таго, гэты спеў характарызуецца прастатой тэксту і зместу, плаўнасцю вершу, багаццем сімвалічных вобразаў.

Паступова секвенцыі набылі вялікую папулярнасць ва ўсёй Еўропе: іх было складзена каля пяці тысяч. Літургічная рэформа Трыдэнцкага Сабору зменшыла колькасць секвенцый да пяці, а рэформа Другога Ватыканскага Сабору — да дзвюх.

Такім чынам, сёння на Вялікдзень у Касцёле спяваецца секвенцыя Victimæ paschali laudes, а на Спасланне Духа Святога — секвенцыя Veni Sancte Spiritus («Прыйдзі, Духу Святы»).

Лічыцца, што пасхальную секвенцыю напісаў Віпо Бургундскі, капелан цэзара Конрада ІІ, які жыў у ХІ ст. У ёй апяваецца раніца Уваскрасення Хрыста і тое, што ў гэты час адбывалася. Аўтарства секвенцыі ў гонар Святога Духа прыпісваецца папу Інацэнту ІІІ, які памёр у 1216 г. Хоць яна па форме больш нагадвае малітву або гімн, насамрэч гэта медытацыйны і малітоўны спеў, прысвечаны дарам Духа Святога.

«Noli Me Tangere — Не затрымлівай мяне». Уваскрослы Езус з’яўляецца Марыі Магдалене. Фрэска Фра Анджэліко, XV ст.

Месца секвенцыі ў літургіі і пастава вернікаў падчас яе

Як сказана ў галоўнай літургічнай кнізе Касцёла — Рымскім Імшале, — секвенцыя спяваецца перад спевам Аллелюя.

Паколькі ў прадпісаннях дакладна не вызначана, якую паставу павінны прыняць вернікі падчас секвенцыі, часам з гэтым узнікае разнабой.

У выніку літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабору з’явілася прадпісанне ўставаць на спеў Аллелюя, які ўяўляе сабой як быццам кароткія ўводзіны ў Евангелле. Паколькі секвенцыя ў наш час выразна аддзелена ад спеву Аллелюя і папярэднічае яму, вернікі падчас яе могуць сядзець, як і падчас спеву паміж чытаннямі, або рэспансарыйнага псальму. Менавіта так адбываецца на папскіх цэлебрацыях у Ватыкане.

Секвенцыю выконвае кантар або хор ці гурт спевакоў.

Вернікі не спяваюць яе разам з імі, а ўважліва ўслухоўваюцца ў яе тэкст і разважаюць над яго зместам.

У адпаведнасці з Агульнымі ўводзінамі да Рымскага Імшалу, дзе выразна сказана, што секвенцыя спяваецца, яе заўсёды трэба спяваць — у суправаджэнні аргану ці а капэла — і нельга рэцытаваць (пар. АУРІ 64).

Абноўлена 25.04.2019 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.