Пошук

21.04.2019 06:00   Тэкст: Біскуп Юзаф Станеўскі / Catholic.by

Ва ўрачыстасць Змёртвыхпаўстання Пана біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу дзеліцца велікоднай радасцю і святочнымі пажаданнямі з моладдзю, бацькамі і выхавацелямі.

Алелюя! Хрыстус Уваскрос!

Браты і сёстры, любая моладзь!

Дні Вялікага посту, якія папярэджваюць урачыстасць Уваскрасення Хрыста, асабліва адзначаны мукай і смерцю Езуса. Аднак калі мы праз прызму веры свайго сэрца глыбей зазірнем у гэтую таямніцу, то заўважым штосьці мацнейшае за муку і смерць Хрыста, а менавіта — любоў. Мы бачым бязмежную любоў Хрыста да чалавека, якая прыносіць жыццё ў ахвяру дзеля збаўлення свету.

Дарагія браты і сёстры, любоў Хрыста бязмежная, Яго любоў міласэрная: яна не ведае межаў і не зважае на адрачэнне і здраду.

Пасля свайго ўваскрасення Хрыстус прыходзіць да ўстрывожаных і спалоханых вучняў, каб у чарговы раз прапанаваць ім сваю любоў і прабачэнне, вітаючы іх словамі: «Супакой вам».

Як жа прагне гэтага кожны чалавек: супакою і згоды, зразумення і прабачэння, бо ўсе мы ведаем, што нясе з сабою неспакой і здрада.

Уваскрасенне. Фрэска ў царкве Хора, Стамбул

Браты і сёстры, бацькі і выхавацелі! Каталіцкі Касцёл у нашай краіне перажывае гэты год пад дэвізам: «Сям’я — крыніца радасці і надзеі моладзі». Таму просім вас і жадаем вам быць той крыніцай радасці, з якой нашыя нашчадкі атрымаюць дар духоўнага супакою і, нягледзячы на цяжкасці, з надзеяй будуць крочыць у дарослае жыццё. Просім вас, дакраніцеся да крыніцы — да Уваскрослага Езуса, каб дзяліцца радасцю новага жыцця.

Любая моладзь! Хрыстус жыве! Аб гэтай праўдзе разважае папа Францішак у новай Апостальскай адгартацыі Christus vivit, якая з’яўляецца своеасаблівым адкрытым лістом Пантыфіка, скіраваным да вас, маладых. Ці прачыталі вы яго, ці ведаеце аб тым, што Пантыфік усур’ёз і на роўных вядзе з вамі дыялог веры?

Хрыстус жыве, Яго Змёртвыхпаўстанне — гэта не толькі гістарычная падзея; гэта — сённяшні дзень.

Таму заклікаю вас памятаць пра гэта ў кожны новы дзень сваёй маладосці. Ён жыве, і Ён сярод нас. Ён — наша надзея і найпрыгажэйшая маладосць гэтага свету. Яго зварот «Супакой вам» адрасаваны сёння да вас, і ён гучыць не як гучны лозунг, а як шчырае пажаданне з вуснаў самога Хрыста. Ён сёння, тут і цяпер далучаецца да вашай дарогі маладосці, як калісьці далучыўся да вучняў на дарозе ў Эмаўс.

Жадаю вам, каб вы пазналі Уваскрослага Хрыста на сваім жыццёвым шляху і падзяліліся праўдай аб Яго ўваскрасенні з тымі, хто яшчэ мяркуе і глядзіць на рэчы толькі па-зямному, па-свойму.

Вы, маладыя, як кажа папа Францішак, — гэта «цяпер» Бога, таму не толькі будуйце планы на будучыню, але зрабіце ўсё, каб вашае «цяпер» было дарогай Касцёла. Асноўная рэч, якую неабходна распазнаць і адкрыць, — гэта тое, што ад кожнага маладога чалавека Езус жадае перадусім сяброўства.

Таму прашу асабіста цябе, дарагі мой малады сябра, дакраніся дарам супакою Хрыста да свайго сябра ці сяброўкі, каб гэты свет стаў больш Божым і больш чалавечым, каб стаў месцам сустрэчы Бога з чалавекам, супольнай дарогай, крыніцай надзеі і радасці чалавека.

Хрыстус уваскрос! — Сапраўды ўваскрос і жыве сярод нас!

Шчаслівых, поўных надзеі, радасці і здароўя святаў Уваскрасення Хрыста!

Абноўлена 23.04.2019 01:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця