6 студзеня Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, вядомую таксама як Тры Каралі. У гэты дзень шматлікія вернікі ў святынях часта прыносяць з сабой крэйду. Кажуць нават, што калі ў гэты дзень не пайсці ў касцёл, то ўсе суседзі і людзі вакол вельмі хутка гэта заўважаць, бо тады на нашых дзвярах не з’явіцца новы надпіс.
Ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана – Эпіфаніі – узгадваюцца тры падзеі са Святога Пісання: паклон Трох Каралёў, хрост Езуса і першы цуд у Кане Галілейскай.
Гэтая ўрачыстасць пачала адзначацца ў Егіпце ў ІІІ ст. 6 студзеня адна з хрысціянскіх сект ушаноўвала там хрост Езуса, які трактавала як поўнае аб’яўленне Божага Сына. Паводле вызнаўцаў гэтай секты, у хвіліны хросту наступіла аб’яўленне дзвюх натур Езуса: чалавечай і боскай.
Дата святкавання Эпіфаніі была звязана з традыцыямі Старажытнага Егіпта. 6 студзеня адзначалася свята нараджэння бога святла. Людзі верылі, што ноччу перад святам, калі нараджаецца новы бог, воды ракі Ніл ператвараюцца ў кроў. У многіх месцах пясок каля ракі Ніл мае чырвоны колер, а ў час дажджоў рака набірае гэты пясок і вада здаецца чырвонай. Чырвоныя воды Ніла паспрыялі таму, што хрысціяне на месцы язычніцкіх вераванняў пачалі ўзгадваць першы цуд Езуса ў Кане Галілейскай – ператварэнне вады ў віно.
Трэцяй падзеяй, аб якой гаворыцца ў час Эпіфаніі, з’яўляецца паклон Трох Мудрацоў, якія прыбылі да нованароджанага Езуса, і сімвалічнае аб’яўленне Хрыста ўсяму свету.
У Бібліі не ідзе гаворка пра каралёў, якія наведалі Хрыста, але хатучэй пра мудрацоў з Усходу. Сцвярджэнне, што Езуса наведалі манархі, паходзіць ад Цэзара з Арлес. У VI ст. манах на аснове Псальма 72 са Старога Запавету, дзе гаворыцца пра каралёў, якія аддаюць Богу паклон, зрабіў выснову, што гэтыя Мудрацы павінны былі быць каралямі.
Мы не ведаем таксама, колькі на самой справе было Мудрацоў. Аднак Цэзар з Арлес на аснове Евангелля паводле Мацвея і ўказанай там лічбы дароў, прынесеных Езусу (міра, кадзіла і золата) акрэсліў, што іх было трое.
Паводле іншай інтэрпрэтацыі лічбы манархаў, яны павінны былі быць прадстаўнікамі ўсіх бакоў свету, а ў старажытнасці вядомы былі толькі тры часткі свету: Еўропу, Азію і Афрыку. Таму і сёння Тры Каралі паказаны ў стаенках як людзі з розным колерам скуры.
У Бібліі няма таксама імёнаў Мудрацоў. Імёны Каспар, Мельхіёр і Бальтазар ім надалі ў сярэднявеччы.
Эпіфанія была звязана з трыма падзеямі: хростам – на лацінскай мове “Baptesimus”, вяселлем у Кане Галілейскай – “Matrimonium” і паклонам Мудрацоў – “Cogito”, што значыць “пазнае”. Адпаведныя літары C, M i B азначалі таксама іншыя выразы: “Christus Multorum Benefactor” – што значыць “Хрыстус многім (людзям) дабрадзей” і “Christus Mansionem Benedicat” – “Хрыстус памяшканні благаслаўляе”.
Звычай пісання крэйдай знакаў на дзвярах вельмі стары і паходзіць яшчэ са старазапаветнай Кнігі Зыходу. Там гаворыцца пра пераход праз Егіпет Анёла Смерці, які забіваў першародных, абмываючы пазначаныя дамы крывёй баранка. Адсюль паходзіць звычай сярод іўдзеяў пазначаць уваход у свае шатры, што павінна было сімвалізаваць, што Яхвэ сярод іх. Гэты звычай адаптавалі і хрысціяне.
Таму правільны надпіс на нашых дзвярах павінен выглядаць так: C + M + B 2016 (ці іншы бягучы год). Гэта азначае “Christus Mansionem Benedicat” – “Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом (памяшканне)”. Знакі “+”, якія з’яўляюцца двойчы – не “плюсікі”, а “крыжыкі”, знак благаслаўлення.
Пішучы на сваіх дзвярах менавіта такія, а не іншыя літары, гаспадар дома ці сям’я свядома просіць аб благаслаўленні Езуса Хрыста, а не Каспара, Мельхіёра і Бальтазара.
Апрацаваў на аснове інтэрнэт-старонак кс. Юрый Марціновіч