Пошук

02.04.2019 08:08   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
Фота: santevocazioni.com

2 красавіка прыпадае 14-я гадавіна смерці св. Яна Паўла ІІ. «Варта ўзгадаць яго зямны шлях да неба, у якім было ўсё: і радасці, і цярпенні, а найперш непахісная вера, якой ён дзяліўся з братамі і сёстрамі», — піша ў  гэты дзень у сваім блогу біскуп Юзаф Станеўскі.

Бачны свет нас здзіўляе, прыцягвае і вабіць, аднак больш за ўсё на нас уплывае тое нябачнае, што, як кажам, саграе сэрца або выклікае слёзы.

Дарагія, мы перажываем перыяд Вялікага посту, а гэта — малітва і міласціна, пост і рэлігійная туга. З іншага боку — веснавы перыяд: вось-вось усё ажыве зелянінай і буйнай квеценню, не гаворачы ўжо пра радасны спеў птушак, якіх нібыта нічога не клапоціць: спяваюць і цешацца, бо знайшлі свае гнёзды.

Кажуць, птушка без спеву — што хрысціянін без надзеі. Як жа яна выглядае, тая надзея, ці можна да яе дакрануцца, схаваць «пра запас», каб можна было потым скарыстацца?

Фота: pixabay.com

Святы Павел кажа рымлянам: «Цешцеся надзеяй» (пар. Рым 12, 12). І сапраўды, чалавек ужо ступіў на Месяц, рыхтуецца да прагулкі па Марсе, з'яўляюцца новыя тэхналогіі, будуюцца ўсё вышэйшыя дамы і вырабляюцца ўсё хутчэйшыя аўто, а ўраджайнасць дасягнула нябачаных вынікаў. Словам, дзякуй Богу, свет развіваецца дзякуючы намаганням чалавека, згодна з наказам Пана ў кнізе Быцця: «Чыніце зямлю сабе падданай».

Але што да ўсяго гэтага чалавеку, якому ўжо за 80? «Мяне ўжо нічога не цешыць», — кажуць старэйшыя людзі. «А чаму? — пытаемся мы. — Ці ж ты не верыш у жыццё вечнае, Уваскрасенне Езуса? Ці, можа, мяркуеш, што, калі выйшаў на пенсію, ты ўжо нікому не патрэбны, бо не вырабляеш і не ствараеш?» Чалавек, які моліцца і распавядае аб тым, што можна заўважыць толькі вачыма сэрца, набліжае людзей да Бога, адорвае хрысціянскай надзеяй і ўводзіць у стан радасці.

Таму, мае дарагія, давайце разам шукаць той радасці, якая не прамінае і якую нам дае надзея, спавітая верай, якая засяроджана ў Божай любові і залежыць не ад узросту чалавека, а ад стану ягонага духу.

Фота: pixabay.com

Менавіта з такім заклікам звяртаецца святы Павел у Пасланні да тэсаланікійцаў: «Мы не хочам, браты, пакідаць вас у няведанні пра памерлых, каб не тужылі вы, як іншыя, хто не мае надзеі. Калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то разам з Ім Бог прывядзе да жыцця і тых, хто памёр у Езусе. Гэта кажам вам у слове Пана, што мы, жывыя, пакінутыя да прыйсця Пана, не апярэдзім тых, якія памерлі. Бо сам Пан на заклік і на голас арханёла і трубы Божай сыдзе з неба, і памерлыя ў Хрысце ўваскрэснуць першымі. Пасля мы, пакінутыя жывымі, будзем падхоплены на аблоках разам з імі насустрач Пану ў паветра, і гэтак назаўсёды будзем з Панам. Таму заахвочвайце адзін аднаго гэтымі словамі» (1 Тэс 4, 13–18).

Дададзім: мы, веручыя, павінны заахвочваць гэтымі словамі, поўнымі надзеі на ўваскрашэнне, адзін аднаго, і не толькі веруючых, але асабліва тых, хто не мае надзеі (гл. Эф 2, 12). Жыць надзеяй — гэта значыць даверыцца Езусу ва ўсіх жыццёвых абставінах, згодна з Яго абяцаннем: «Вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). А гэта значыць, што цярпенне Езуса, Яго самота, бічаванне, мука і смерць з’яўляюцца крыніцай хрысціянскай надзеі «ва ўсе дні».

Фота: pixabay.com

Аб гэтым святы Павел узгадвае ў словах: «Заўсёды радуйцеся, няспынна маліцеся. За ўсё дзякуйце, бо такая адносна вас воля Божая ў Езусе Хрысце. Духа не гасіце, прароцтвамі не пагарджайце» (1 Тэс 5, 16–20; гл. таксама Рым 15, 13). Словам, хрысціянін павінен быць у свеце тым, чым з’яўляецца душа для цела — крыніцай радасці і надзеі.

Дарагія! Вера ва ўваскрасенне Пана Езуса дазваляе нам жыць радаснай надзеяй, якая мае крыніцу ў вечнасці (гл. Рым 6, 22–23; 1 Цім 1, 16; 2 Цім 1, 10; Ціт 1, 2).

Менавіта гэтай надзеяй хрысціяне павінны дзяліцца з іншымі, з тымі, хто яе прагне і шукае, а асабліва з тымі, хто глядзіць на свет толькі сваімі цялеснымі вачыма.

Каб сузіраць неба на зямлі, трэба ўмець і цешыцца, і цярпець. Хрысціянін, поўны даверу і надзеі, у радасці пераходзіць з бачнага ў нябачнае, але рэальнае, Божае жыццё. Пакуль цалкам не зачыняцца дзверы нашага зямнога прабывання, не адчыняцца брамы Нябеснага Валадарства.

Фота: pixabay.com

Сёння спаўняецца 14-я гадавіна нараджэння для неба святога папы Яна Паўла ІІ. Варта ўзгадаць яго зямны шлях да неба, у якім было ўсё: і радасці, і цярпенні, а найперш непахісная вера, якой ён дзяліўся з братамі і сёстрамі.

А калі наблізіўся час зыходу з гэтай бачнай рэчаіснасці, святы Ян Павел II, бачачы клопат лекараў і блізкіх асобаў пра стан яго здароўя, казаў: «Дазвольце мне ўжо адысці ў дом Айца Нябеснага».

І так сталася 2 красавіка 2005 года, калі арцыбіскуп Леанардо Сандры абвясціў гораду і свету: «У 21.37 наш Святы Айцец вярнуўся ў дом Айца».

Святы апостал Павел у надзеі піша: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які ў той дзень дасць мне Пан, справядлівы Суддзя. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне» (2 Цім 4, 7–8).

Фота: santevocazioni.com

Маці Божая Балесная, Марыя, Маці надзеі, якой даверыў сваё жыццё Караль Вайтыла ў закліку Totus Tuus («Увесь Твой»), выпрасі нам моц веры, каб мы непахісна ішлі насустрач радаснай будучыні прабывання ў супольнасці Уваскрослага Езуса ў лучнасці з усімі збаўленымі.

Маліся за мяне, а я за цябе, каб сустрэліся мы ў небе.

Абноўлена 02.04.2019 10:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.