Пошук

24.03.2019 11:13   Тэкст: Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by

Біскуп Юзаф Станеўскі ў сваім блогу напярэдадні ўрачыстасці Звеставання Пана разважае пра таямнічыя шляхі Бога, якімі Ён вядзе да збаўлення кожнага паасобнага чалавека.

Фота pixabay.com

Дарагія сёстры і браты!

Аднойчы, больш за 30 гадоў таму, чатырохгадовая дзяўчынка, сочачы за сваёй цяжарнай мамай, запытала: «Мама, а калі ўжо народзіцца мая сястрычка і мы будзем з ёю бавіцца?»

Гэтым пытаннем дзіця паставіла маму ў вельмі нязручную сітуацыю. Яна ж доўгія месяцы нічога не гаварыла дачцэ аб радасці, якая іх чакае: меркавала, што дачушка яшчэ малая і нічога не разумее, што потым скажа пасля нараджэння традыцыйна: купілі, знайшлі ў капусце ці бусел прынёс. А тут!

Таму мама спыталася: «А пра што гэта ты гаворыш?» — «Ну як жа, мама, ты ж апошнім часам вельмі часта размаўляеш з ёй пакрыёма, а я дзіўлюся: нікога не бачна, а ты гаворыш. Потым я заўважыла, што ты далікатна гладзіш жывоцік, так, як калі прытуляеш мяне. Я ўсё разумею. Толькі адно мне незразумела: адкуль яна там? Як гэта сталася?»

Дарагія дарослыя браты і сёстры!

Узгаданая сітуацыя, напэўна, знаёмая вам з асабістага жыцця. Як растлумачыць дзіцяці гэтыя справы на яго ўзроўні? Яно ж і так не зразумее... Канечне, калі будзем тлумачыць дарослай мовай, то не зразумее. І мы мяркуем, што потым неяк усё само сабой уладкуецца, калі ўжо з’явіцца сястрычка ці брацік.

Таму пытанне: а ці мы, дарослыя, усё разумеем і можам растлумачыць, асабліва калі гэта датычыцца «спраў збаўлення»? Ці разумеем мы Божыя справы?

Згадзіцеся, здараецца, што мы адчуваем сябе, як дзеці: ведаем, бачым, а зразумець не можам, растлумачыць таксама. Тады проста прызвычайваемся, без асэнсавання, тлумачэння і даверу, бо так было раней. Ідзем, бо ідзецца, але калі прыходзяць цяжкія хвіліны, то не можам знайсці тлумачэння і апоры, бо знаходзімся нібы ў стане бязважкасці.

Чалавек, які не верыць у Пана Бога і Яго справы, не бачыць мэты свайго жыцця, не мае куды звярнуцца па ратунак і глыток жывой вады, калі прагне, не лічыцца з чалавекам, бо не прызнае ў ім брата і сястру, а таму застаецца ў самоце на жыццёвым шляху.

Канечне, мы не ўсё можам зразумець ці растлумачыць, што Бог учыніў, бо гэта Ён, як чытаем у кнізе Быцця, стварыў неба і зямлю, і нас паводле свайго вобразу. Сказаў — і сталася. Мы шмат гаворым і абяцаем, аднак… Святы Тамаш Аквінскі напісаў: «Што розум наш не тлумачыць, няхай вера дапоўніць у нас».

Дарагія, гэта не значыць, што мы не павінны задавацца пытаннем: вер, але, як кажам, правер.

Сённяшняя ўрачыстасць Звеставання Пана з’яўляецца для нас, Божых дзяцей, нагодай запытацца яшчэ раз з Дзевай Марыяй: «Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?» (Лк 1, 34).

Леанарда да Вінчы. Звеставанне (1472—1475).

І, паразважаўшы над тэкстам сцэны Звеставання, па прыкладзе Марыі, свядома, з глыбокім перакананнем, з даверам і надзеяй адказаць з упэўненасцю: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). І ўжо ад сябе: «Не пакідай мяне, Пане, у час выпрабавання» (пар. тамсама).

Бо, паверыўшы Божым абяцанням, як Марыя, мы па прыкладу Яе зямнога жыцця зможам пераадолець усе беды, вытрываць і не засумнявацца ў веры, калі нас пераследуюць або выстаўляюць на смех. Той, хто стаў на баку Пана Бога, не бывае адзін, заўсёды мае моцны падмурак, жыццядайную глебу, крыніцу чыстай вады, радасць ад прабывання з братамі і сёстрамі, суцяшэнне ў цярпенні і крыж па сваіх магчымасцях.

Той жа, хто, падобна да Захарыі, паддаецца спакусе нявер’я Божым прапановам, атрымлівае «маўчанне», за тое, што не паверыў Яго словам, «якія збудуцца ў свой час» (пар. Лк 1, 20). А да Пятра, калі той супярэчыў Хрысту наконт Яго цярпення і крыжа, смерці і ўваскрасення, дзеля чаго Ён нарадзіўся, было скіравана жорсткае: «Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае» (Мк 8, 33).

Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Панны Марыі, Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі, сённяшняя ўрачыстасць Звеставання Пана — гэта дарога Бога, на якую Ён нас запрашае.

Не мы вырашаем і не мы павінны былі вызначыць, як Бог меў нас збавіць, — гэта Ён нас збавіў і запрашае да ўдзелу ў Яго жыцці.

Таму хрысціянін не можа пераадольваць гэты шлях выбарачна: гэта разумею, гэта падабаецца, гэта, магчыма, праўда, а пра гэта не варта клапаціцца. Не, так нельга. Хрыстус кажа, каб нашая мова была: «так-так, не-не»: або халодны, або гарачы. Іншымі словамі, з’яўляешся ты вернікам Касцёла ці толькі прыйшоў паслухаць згодна са звычаем бацькоў?

Браты і сёстры! Крыху і пра звычаі нашых продкаў.

Пра Звеставанне Пана казалі так: «Птушка гнязда не звівае, дзеўка касу не заплятае». На Звеставанне прылятаюць буслы — нашы нацыянальныя птушкі.

Дарэчы, прыляцелі, бачыў. А каб вы ведалі, што яны ляцяць да нас 50 дзён і павінны пераадолець 7–8 тысяч кіламетраў! Зімуюць буслы паасобку. Яны прылятаюць раней на 7–10 дзён і рыхтуюць гняздо. Вось якая малайчына гэтая наша птушка!

Фота pixabay.com

А яшчэ на світанні, з усходам сонца ішлі людзі ў гэты дзень да рэчак і азёр, каб абмыцца чыстай вадзіцай. Так разумелі і так перажывалі нашыя продкі Звеставанне.

А не пайсці ў святы дзень Звеставання ў касцёл на святую Імшу — гэта было б чымсьці нечуваным.

Людзі змяняюцца, падыход і разуменне Божых спраў таксама, аднак Ён, Пан Бог, у сваіх справах застаецца нязменны: любячы і цярплівы, які чакае нашага разумення і навяртання. Як гэта станецца? Залежыць ад кожнага паасобку.

Я вам жадаю, каб вы былі моцныя ў веры, ішлі за Панам і не навязвалі Яму сваёй волі, а прынялі яго Божы план збаўлення, у які кожны з нас упісаны.

Абноўлена 25.03.2019 07:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.