У допісе ў сваім блогу ва ўрачыстасць святога Юзафа біскуп Юзаф Станеўскі, які ў гэты дзень адзначае свае імяніны, звяртаецца да мужчын: сыноў і айцоў.
Паважаныя мужчыны, сыны і таты!
Ва ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі і Апекуна Дзіцяткі Езуса, хочацца звярнуць увагу на айцоўства, выхаванне, а ў сувязі з гэтым — на адносіны бацькоў і дзяцей. Часам прадстаўнікі старэйшага пакалення параўноўваюць тое, як выхоўвалі дзяцей у мінулыя часы, з сённяшнім выхаваннем.
Раней, кажуць яны, дзяцей каралі і трымалі ў дысцыпліне, а сёння пануе ўсёдазволенасць, і правы дзяцей абараняюцца ажно да пакарання, толькі гэтым разам ужо бацькоў…
Дарагія таты, і раней, і сёння працэс выхавання немагчыма сабе ўявіць без словаў: без заахвочвання, парады, перасцярогі, заўвагі, пахвалы…
Аднак па-рознаму мы рэагавалі і рэагуем на скіраваныя да нас словы: у дзяцінстве — з бояззю, у юнацтве — з пратэстам, а ў дарослым узросце — абыякава, а часам нават з пагардаю.
Кажуць, што вялікі ўплыў на рэакцыю дзіцяці мае фізічная сіла таты, яго становішча, заможнасць. З другога боку, ці шмат словаў і павышаны голас спрыяюць таму, каб дзеці былі больш паслухмянымі?.. Мяркую, што і раней, і сёння ў працэсе выхавання вялікае значэнне маюць не толькі і не столькі словы, колькі асабісты прыклад таты, яго асоба.
Таму добры тата — гэта перадусім чалавек працавіты, сумленны, любячы, патрабавальны, гатовы дапамагчы, чулы, цярплівы, радасны, спагадлівы, камунікабельны, шчаслівы і ўнутрана цэласны мужчына.
Кажуць, што ідэальных бацькаў няма, аднак той тата, які па-сапраўднаму любіць сваіх дзяцей, стараецца «наблізіць іх да неба», але ж не робіць гэтага прымусам. Сваёй любоўю, а не сілаю, ён здабывае пашану і паслухмянасць дзяцей.
Добры тата заўсёды мае час для сваіх дзетак. Ён умее іх слухаць, прымаць іх меркаванні, погляды і чаканні. Яго любові заўсёды спадарожнічае адказнасць.
Хтосьці, магчыма, скажа: ці не зашмат патрабаванняў? Аднак практыка паказвае, што выхаванне — гэта справа ўсяго жыцця.
Некалькі словаў і да дзяцей.
Вядома, што той, каго вядуць, мае права ведаць мэту падарожжа. Дзеці вырашаюць, калі адпусціць руку таты, якая яшчэ нядаўна была для іх неабходнай апорай, і пайсці па жыцці самастойна. Але ўчынкі, словы, а можа, толькі позірк таты доўгі час былі адказам на іх просьбы, падзякі, перапрашэнні, і добра, калі яны надалей суправаджаюць чалавека па жыцці.
Хочацца таксама запытацца ў вас, дзеці: калі апошні раз ты казаў свайму тату, што яго любіш?
Ці ўвогуле на тваіх вуснах былі гэтыя словы: «Тата, я цябе люблю»?
Кажуць, што «мужчыны не плачуць», але гэта не значыць, што прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва наогул не маюць права на праяўленне пачуццяў. Ці ж не маюць мужчыны права пачуць пра любоў сваіх дзяцей з іх вуснаў? Як табе здаецца?..
У пэўнай балканскай краіне ў жыхароў гор ёсць звычай, калі на прадвесні хлопцы і мужчыны разам ідуць у горы шукаць першую кветку пралескі, якая становіцца сімвалам пачатку святкавання і гукання вясны.
Аднойчы мужчынам не ўдалося адшукаць кветку. Расчараваныя, яны ўжо вярталіся ў вёску, і раптам адзін хлопчык заўважыў глыбока ў расколіне прыгожую пралеску. Аднак не ўсё аказалася так проста: кветка расла ў недасяжным месцы, і да таго ж, паводле традыцыі, сарваць яе мог толькі той, хто першы яе ўбачыў. Хлопчык не мог самастойна гэта зрабіць.
Моцныя і адважныя мужчына прапанавалі спусціць яго да пралескі на вяроўцы, але малы запярэчыў: «Пакуль разам з вамі мяне не будзе трымаць мой тата, я туды не спушчуся». Бацькі разам з мужчынамі не было, і яго давялося паклікаць з вёскі.
Нарэшце, тата хлопчыка прыйшоў: гэта быў невысокі, шчуплы і фізічна слабы чалавек.
Аднак, як толькі ён узяўся за вяроўку, яго сын адважна спусціўся ў расколіну і сарваў пралеску. Вясна пачалася!
Чаму так адбылося?
Толькі тата мае сілу, неабходную для таго, каб абараніць сваё дзіця, і сіла гэтая вымяраецца не фізічнымі паказчыкамі, а моцаю айцоўскай любові з аднаго боку і сыноўскім даверам з другога.
Святы Юзаф, Апякун Божага Сына, выканаў сваё пакліканне выдатна. Напэўна, хацелася б сёння запытацца ў яго: чаго не хапае сённяшнім бацькам? І што ім неабходна зрабіць, каб належным чынам выканаць свае бацькоўскія абавязкі?
Святы Юзаф вуснамі святога Бэрнардына Сіенскага кажа вам, таты:
«Калі Божая прыхiльнасць выбірае кагосьці для нейкай асаблівай ласкі або да нейкага вышэйшага стану, надзяляе яго ўсімі дарамі, якія неабходныя гэтай выбранай асобе і, у дадатак, усебакова ўпрыгожваюць яе».
Дарагія таты! Вы пакліканыя да асаблівай ласкі. Вас Бог паклікаў да вышэйшага стану, і Ён таксама надзяляе вас неабходнымі ласкамі. Больш за тое, Ён вас упрыгожвае. Ці ж вы не адчуваеце гэтага?..
Жадаю вам, дарагія таты, каб вы пачулі ад сваіх дзетак словы: «Тата, я цябе вельмі люблю. Дзякуй табе за тое, што навучыў мяне хадзіць, плаваць, ездзіць на машыне. За тое, што, нягледзячы на стомленасць, дапамагаў мне зрабіць хатняе заданне; за тое, што разам з табой мы хадзілі вудзіць рыбу; за тое, што ты навучыў мяне любіць і берагчы прыроду, абараняць меншых…
Тата! Калі я бачыў цябе стомленага пасля працы і заняткаў, як ты стаіш на каленях увечары і молішся, просячы Бога даць сілы для выканання тваіх абавязкаў, я таксама атрымаў ад Бога ласку веры.
За гэта дзякую табе, Тата, праз малітву заступніцтва святых. І калі, можа, ты так ніколі і не пачуў з маіх вуснаў словаў любові, ведай, што я цябе сапраўды люблю і што сёння шкадую, што так мала аб гэтым табе казаў».
Святы Юзэфе, апякуйся і дапамагай нашым татам у выкананні іх асаблівага паклікання, а тым з іх, якія ўжо адышлі з гэтага свету, выпрасі ў Езуса Хрыста ўзнагароду вечнага жыцця.
Рэдакцыя партала Catholic.by віншуе біскупа Юзафа Станеўскага з імянінамі і з падзякаю за супрацоўніцтва жадае яму заўсёды быць добрым татам для сваіх духоўных дзяцей на ўзор святога Апекуна.