Пошук


14 сакавіка 1899 г. на Магілёўшчыне нарадзіўся Вацлаў (Вячаслаў) Аношка — каталіцкі святар візантыйскага абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху.

Сям’я

Будучы святар прыйшоў на свет у вёсцы Паплаўшчына, якая сёння ўваходзіць у склад Заводскаслабадскога сельсавета Магілёўскага раёна. Ён паходзіў з заможнай беларускай каталіцкай сям’і з уніяцкімі каранямі з-пад Быхава. Бацька Якуб, сын Пятра Аношкі, нарадзiўся ў 1873 годзе, мацi Камiля, дачка Язафата, 1875 года нараджэння. Сям’я Аношкаў належала да парафіі ў Быхаве.

Бацьку святара Якуба Аношку 13 кастрычніка 1938 г. расстралялі ў Мінску як «удзельніка шпіёнскай дыверсійнай рэзідэнтуры».

Адукацыя і духоўная фармацыя

Сярэднюю адукацыю Вацлаў Аношка атрымаў у гімназіі, а потым вучыўся ў Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі пасля яе эвакуацыі ў Кельцы (Польшча).

Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў з рук біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага 1 лістапада 1924 г. у Навагрудку.

Яшчэ падчас навучання ў семінарыі Вацлаў Аношка зацікавіўся справай адраджэння Уніі. У 1924 г. вывучаў тэалогію ў Місійным інстытуце ў Любліне і на пэўны час выязджаў ва Украіну, у грэка-каталіцкі манастыр айцоў студытаў ва Уніве, дзе атрымаў усходнюю фармацыю. У 1926 г., пасля падрыхтоўкі ва Усходняй місіі айцоў езуітаў у Альберціне, што пад Слонімам, атрымаў права на служэнне ва ўсходнім абрадзе. У Пінскай рыма-каталіцкай дыяцэзіі ён першы са святароў перайшоў ва ўсходні абрад.

Душпастырская праца

Адразу пасля пасвячэння кс. Вацлаў служыў вікарыем у рыма-каталіцкай парафіі ў Ляхавічах тагачаснага Баранавіцкага павету, а таксама працаваў там школьным прэфектам. У Ляхавічах адразу засведчыў сваю беларускасць, заахвочваючы вернікаў, асабліва дзяцей і моладзь, да споведзі на роднай мове, каб яны не саромеліся і не цураліся сваёй мовы ў штодзённым жыцці.

У 1926 г. а. Вацлаў Аношка быў прызначаны пробашчам у грэка-каталіцкую парафію ў вёску Альпень каля Давыд-Гарадка, куды не раз прыязджаў прапаведаваць на місіі ягоны сябра — беларускі каталіцкі святар Пётр Татарыновіч.

Працуючы сярод вернікаў славяна-візантыйскага абраду, сваё лацінскае імя а. Аношка падаваў ва ўсходняй форме — Вячаслаў, і так яго заўсёды называлі вернікі.

У Альпені ён пабудаваў грэка-каталіцкую капліцу св. Язафата, арганізаваў сялянаў на асушэнне забалочаных земляў, стварыў аркестр, у якім было 16 духавых інструментаў для ігры на царкоўных святах і вясковых урачыстасцях. Больш за 10 чалавек з грэка-каталіцкай парафіі ў Альпені пад яго ўплывам пайшлі вучыцца ў малыя семінарыі ў Любешаве і Ломжы. Праводзіў актыўную і паспяховую місійную дзейнасць, заснаваў таксама яшчэ адну грэка-каталіцкую парафію на Століншчыне на Мярлінскіх хутарах.

Беларускі каталіцкі святар усходняга абраду а. Язэп Германовіч, вядомы таксама як беларускі пісьменнік Вінцук Адважны, пасля таго, як асабіста пабываў у Альпені і пазнаёміўся з душпастырскай працай а. Вацлава Аношкі, прысвяціў яму паэму «Унія на Палессі» (Альберцін, 1932).

З 1934 да 1944 г. а. Вацлаў служыў у каталіцкай парафіі славяна-візантыйскага абраду ў Далятычах на Навагрудчыне, дзе стварыў выдатны царкоўны хор (некаторыя з харыстаў пазней нават трапілі ў хор Рыгора Шырмы).

Асабіста жыў вельмі сціпла, а часам нават бедна: усё імкнуўся раздаць людзям, асабліва дзецям.

«Хоць фармальна ён не быў манахам, аднак у прыватным і ў публічным жыцці ў сэнсе самаахвярнасці пераўзыходзіў многіх аскетаў. Ён нічога не лічыў сваім: найбольш патрэбную сабе рэч ён без аніякага сумніву і з радасцю аддаваў іншым. <…> Можна з упэўненасцю казаць, што Хрыстовы іспыт на Божым Судзе выпадзе Аношцы роўна з вялікімі святымі», — пісаў пра яго беларускі марыянін а. Язэп Германовіч.

Жыхары Альпеня, якія ведалі айца Вацлава, нават праз паўстагоддзя з вялікай пашанай і ўдзячнасцю ўзгадвалі яго імя:

«Святы быў чалавек! Шчыры беларус. Такога святара ў нас больш ніколі не было! Ды й ці будзе калі?..»

Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, а. Вацлаў Аношка выступаў за адкрыццё беларускіх школ. Выкладаў у школе Закон Божы і звяртаўся да вернікаў на беларускай мове, распаўсюджваў беларускія хрысціянскія выданні, вучыў вернікаў беларускім спевам, ладзіў для іх тэатральныя пастаноўкі і ўсяляк спрыяў росту нацыянальнай самасвядомасці ў тых парафіях, дзе служыў.

У рапартах і справаздачах польскай паліцыі, якая пільна сачыла за любымі праявамі нацыянальнага жыцця ў Палескім ваяводстве, душпастырская дзейнасць а. Вацлава Аношкі рэгулярна ўзгадвалася як прыклад «шкоднай нацыяналістычнай дзейнасці».

Служэнне падчас вайны

Айцец Вацлаў Аношка быў сябрам Рады створанага ў верасні 1939 г. Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы пад кіраўніцтвам а. Антона Неманцэвіча.

На пачатку нямецкай акупацыі Беларусі часта выязджаў у Мінск да свайго блізкага сябра кс. Пятра Татарыновіча і кс. Станіслава Глякоўскага, які ў той час служыў у касцёле св. Сымона і св. Алены. На плябаніі пры касцёле разам з імі ды іншымі беларускімі каталіцкімі святарамі Дзянісам Мальцам, Казімірам Рыбалтоўскім, Вінцэнтам Гадлеўскім абмяркоўваў планы адраджэння рэлігійнага жыцця ў Мінску і беларусізацыі набажэнстваў. Падчас паездак у Мінск служыў пераважна ў лацінскім абрадзе.

Перад Вялікаднем 1944 г. савецкія партызаны хацелі расстраляць святара, аднак за яго заступіліся мясцовыя жыхары.

Перад прыходам «саветаў» а. Вацлаў быў вымушаны выехаць у Польшчу.

Пасляваенны лёс

У пасляваенны час святар быў капеланам у сясцёр францішканак Сям’і Марыі ў Хыліцах і Рабэрціне пад Варшавай. Увесь час ён імкнуўся атрымаць дазвол, каб выехаць на Захад з камуністычнай Польшчы ў які-небудзь беларускі асяродак, каб служыць беларусам, аднак улады так і не далі яму такой магчымасці. Фактычна да самай смерці ліставаўся са сваімі былымі парафіянамі грэка-католікамі, якія засталіся ў савецкай Беларусі, падтрымліваючы іх духоўна.

У верасні 1959 а. Вацлаў Аношка сярод іншых даў у Варшаве свае сведчанні для беатыфікацыйнага працэсу Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага, біскупа Пінскага, якога добра ведаў на працягу трынаццаці гадоў з 1918 г. да смерці іерарха ў 1932 г.

Айцец Вацлаў Аношка памёр 18 лютага 1966 г.

Пахаваны на могілках у Рабэрціне, на паўднёвай ускраіне Варшавы.

Абноўлена 14.03.2019 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа