Папялец, або Папяльцовая серада, якая сёлета прыпадае 6 сакавіка, — гэта дзень, калі Каталіцкі Касцёл распачынае 40-дзённы перыяд Вялікага посту.
Пост не распаўсюджваецца на нядзелі гэтага перыяду, бо сам нядзельны дзень заўсёды з’яўляецца ўспамінам Уваскрасення Езуса Хрыста — «малым Вялікаднем».
Вялікі пост распачынаецца сімвалічным літургічным абрадам — пасыпаннем галавы попелам.
Папяльцовая серада — гэта першы дзень Вялікага посту ў каталіцкім календары лацінскага абраду.
Пасыпанне попелам на знак пакаяння вядома ў многіх традыцыях. Мы знаходзім яго ў Старым Запавеце, перадусім у кнігах прарока Ёэля і Ёны. Аднак гэты абрад практыкаваўся не толькі ў старажытным Ізраэлі. Ён сустракаўся ў старажытнай Грэцыі, Егіпце, быў вядомы і ў арабскіх традыцыях. Паўсюль гэта быў знак жалобы і пакаяння. Варта ўзгадаць, што і сярод традыцыйных індзейскіх плямёнаў, у якіх звязаныя з агнём рытуалы мелі асаблівае значэнне, таксама практыкавалася штосьці падобнае.
Матэрыя гэтага літургічнага абраду — попел. У юдэа-хрысціянскай традыцыі ён з’яўляецца напамінам аб тленнасці і хуткаплыннасці чалавечага жыцця, а таксама азначае жалобу і боль. Але не толькі. Попел таксама сімвалізуе ачышчэнне і ўваскрашэнне. Нарэшце, Бог стварыў чалавека з «пылу зямнога», і ён, чалавек, адрадзіўся ў Хрысце да новага жыцця.
Традыцыя пасыпання попелам на знак пакаяння з’явілася ў Касцёле ў VIII ст., а ў ХІ ст. папа Урбан II зрабіў гэты абрад абавязковым для ўсяго Касцёла. Тады было вырашана, што попел для пасыпання галоваў павінен быць са спаленых вербаў, асвячаных у Пальмовую нядзелю папярэдняга года.
Абавязак вернікаў у Папяльцовую сераду — сціслы пост, прычым не толькі якасны, але і колькасны.
Гэта азначае, што дапускаецца адзін раз паесці дасыта, пры гэтым не забараняецца спажыць невялікую колькасць ежы раніцай і ўвечары. Колькасны пост абавязковы для вернікаў з 18 да 60 гадоў, а якасны — з 14 гадовага ўзросту да смерці.
Падчас святой Імшы, цэлебрацыю якой у гэты асаблівы дзень узначаліў у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі біскуп Юрый Касабуцкі, як і ва ўсім свеце адбываўся традыцыйны абрад пасыпання галоваў попелам.
У прамоўленай гаміліі іерарх звярнуў увагу на тое, што ў часы Хрыста знешнім выразам посту часам надавалася празмерная ўвага.
Для кагосьці пост абмяжоўваўся толькі гэтымі знешнімі праявамі: панурым тварам, разарваным адзеннем, пасыпанай попелам галавою…
Грунтуючыся на літургічных тэкстах, якія Касцёл прапануе вернікам у Папялец, біскуп Юрый адзначыў, што яшчэ прарокі Старога Запавету асцерагалі сваіх сучаснікаў ад выключна знешняга, павярхоўнага стаўлення да посту, а сам Езус наўпрост называе такі падыход крывадушным. Іерарх падкрэсліў, што знешнія формы велікапоснага пакаяння павінны весці да навяртання — унутранай перамены чалавека, каб гэты час ласкі дапамог кожнаму верніку хоць трошкі змяніцца ў лепшы бок.