Пошук

07.03.2019 10:28   Тэкст: Біскуп Юзаф Станеўскі / Фота: pixabay.com / Catholic.by

У сваім чарговым допісе на пачатку Вялікага посту біскуп Юзаф Станеўскі дзеліцца сваімі разважаннямі пра тое, як лепш перажыць гэты святы перыяд.

Дарагія браты і сёстры!

На пачатку Вялікага посту ў Папялец мы чуем заахвочванне з боку Касцёла:

«Навяртайся і вер у Евангелле», або суровы напамін: «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся».

Больш за тое, гэтым прахам, попелам пасыпаюць нашыя галовы. Неяк занадта сумна… Аднак гэтая традыцыя мае месца ў жыцці Касцёла, і важна, каб мы яе правільна ўспрымалі і разумелі (асабліва моладзь, якая так дбае аб прыгажосці і чысціні цела).

Часам бунтуюцца і мужчыны на прапанову цешчы пасыпаць галаву попелам. Некаторыя нават уначы не спяць, каб абараніцца ад такой практыкі. А раніцай, калі бачаць задаволены твар цешчы, грэбліва страсаюць попел з валасоў. «Там нічога няма», — кажа жанчына, каб супакоіць зяця. А сама далей адчувае сябе «пераможцам», гледзячы на тое, як са смакам зяць есць грэчневую кашу на сняданак: яна ж і ў гэтым годзе «прыправіла» кашу попелам, каб паганства, нявер’я ў сям’і не было!

Вядома, гэта толькі жарт. Ніхто нікога сілай не прымусіць вызнаваць і практыкаваць веру. Не выключэнне і велікапосныя практыкі касцёльнай супольнасці: набажэнствы Крыжовага шляху, Песні жальбы, удзел у рэкалекцыях, а таксама менш жартаў, адмаўленне ад гучных святкаванняў і забаваў, абмежаванне ў праглядзе фільмаў, тэлеперадач і да т.п.

Той, хто ўспрымае перыяд Вялікага посту толькі як час забаронаў і абмежаванняў, ніколі не вытрымае ў добрых пастановах. Той, хто робіць дабро толькі з-за страху Божага пакарання, а не ў адказ на бязмежную любоў Бога да нас, не мае з гэтага радасці і задавальнення.

Любоў Хрыста нас заахвочвае да ахвярнасці, а нават да самаадрачэння дзеля іншых. Таму Вялікі пост — гэта «сэрца на далоні».

Ці можна знайсці ў сабе сілы на тое, каб адмовіцца ад забавы і замест гэтага пабыць разам з самотным чалавекам? Падзяліцца хлебам з патрабуючым замест таго, каб пайсці з сябрамі ў кавярню ці рэстаран? Пачытаць Святое Пісанне замест таго, каб гадзінамі сядзець у сацыяльных сетках? Навучыцца спяваць «Песні жальбы» замест таго, каб увесь час у навушніках бясконца слухаць улюбёныя хіты? Узяць удзел у рэкалекцыях замест таго, каб паліць смецце на дачы і рамантаваць машыну ў гаражы? Каб пайсці на Крыжовы шлях Хрыста з такім самым запалам, як мы крочым моднаю цяпер «скандынаўскаю хадою»?..

У час посту варта паспрабаваць скіраваць сонечны прамень туды, дзе пануе цемра; сваёй усмешкай падзяліцца з тым, хто маркотны; слязой «прамыць» вока, якому незнаёмае спачуванне; навучыць прабачаць тым, хто не можа сам сабе прабачыць; падзяліцца дабрынёю з тым, хто ніколі нічым не дзяліўся; перадаць багацце веры таму, хто не бачыць каштоўнасці ў жыцці; умацаваць надзею ў тым, хто яе страціў або пачынае сумнявацца; падзяліцца любоўю з адкінутымі, якіх не прымаюць іншыя людзі…

Ніколі не пагарджай магчымасцю працягнуць сваё «сэрца на далоні»!

Калі мяркуеш, што, звярнуўшыся да бедных, хворых і «нячыстых», забрудзішся сам, ты памыляешся.

Зерне пшаніцы можа прарасці толькі ў «бруднай», чорнай і вільготнай зямлі, а не на цёплым залацістым пясочку. Трапіўшы ў глебу, яно ажывае, змяняе сваю форму і колер. «Брудная» чорная зямля, якой, магчыма, хтосьці грэбліва пагарджае, дае нараджэнне новаму жыццю.

Дарэчы, прапаную вам пасеяць пшаніцу або ячмень у латочку, каб потым мець сваю жывую дэкарацыю на велікодны сняданак. Вядома, спатрэбіцца крыху папрацаваць: падрыхтаваць «брудную» зямлю, паліваць, сачыць за сонейкам, вырываць пустазелле, якое будзе прабівацца, і навучыцца яго адрозніваць ад добрых парасткаў, бо напачатку яно вельмі падобнае да прарослай збажыны: памятаеце прыпавесць Езуса пра каласоўнік на полі, пасеяны злым?.. Назіраючы за ўзрастаннем зеляніны, мы не думаем пра «разбурэнне» прарослых зярнятак, што адбываецца ў глебе.

Так, дапамагаючы іншым людзям, мы не павінны думаць пра сваю стомленасць і патрачаныя сродкі і час, калі бачым на іх тварах усмешку ўдзячнасці.

Дарагія сябры, на пачатку Вялікага посту нам варта засяродзіцца над тым, што святы апостал Павел раіць карынцянам: «Браты, не будзьце дзецьмі ў думках, але будзьце дзецьмі для зла, а ў думках будзьце сталымі» (1 Кар 14, 20).

Фота: vk.Juras Martinowicz

З малітвай ва ўсіх вашых добрых справах дзеля бязмежнай любові Хрыста і на карысць бліжнім.

Абноўлена 07.03.2019 12:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.